19 кастрычніка ў судзе Мінскага раёна на выязным пасяджэнні Мінскага абласнога суда быў вынесены прысуд старэйшаму лейтэнанту Паўлу Сукавенку і прапаршчыку Артуру Вірбалу, паведамляе Еўрарадыё.

Еўрарадыё

 

Сукавенку асудзілі на 6 гадоў пазбаўлення волі, Вірбала — на 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Тэрмін пакарання адлічваецца з часу затрымання г. зн. год яны ўжо адсядзелі. Менавіта такія тэрміны для вайскоўцаў запытваў дзяржаўны абвінаваўца Вадзім Лалуа.

Сукавенку і Вірбала прызналі вінаватымі ў “злоўжыванні ўладай, перавышэнні ўлады або бяздзейнасці ўлады” (часткі 1, 2 артыкула 455 КК). Павел Сукавенка часткова прызнаў сваю віну, Артур Вірбал — цалкам. Прысуд без штрафу, але з пазбаўленнем права займаць арганізацыйныя пасады на 5 гадоў. Сукавенку пазбавілі звання старэйшага лейтэнанта, а Вірбала — прапаршчыка.

Старэйшы лейтэнант у апошнім слове прасіў суд ўлічыць, што ніхто з пацярпелых — семярых сяржантаў — не чуў знявагі ад яго дзеянняў. Прапаршчык, прызнаўшы віну цалкам, усё ж паспрабаваў апраўдацца: “Я проста хацеў іх ўзбадзёрыць, наладзіць на працоўны лад. Я не хацеў рэалізаваць ўладныя амбіцыі, падняць свой аўтарытэт”. Абодва абвінавачаныя прасілі строга іх не караць і не пазбаўляць волі.

Старэйшы лейтэнант Павел Сукавенка камандаваў у Печах ротай, у якой служыў пінчук Аляксандр Коржыч, які загінуў восенню 2017 года. Прапаршчык Артур Вірбал быў у гэтай роце старшыной. Як вядома, па справе аб гібелі Коржыча ідзе асобны працэс, фігурантамі якога з’яўляюцца трое сяржантаў. 5 лістапада па “справе Коржыча” будзе вынесены прысуд.

Сёння на абвяшчэнне суда прыйшло шмат афіцэраў (раней прыходзілі ў асноўным курсанты).

Адвакаты кажуць, што высокая верагоднасць абскарджвання прысуду. Прысутная жонка Сукавенкі Маргарыта ад каментароў адмовілася.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...