«Леанід Рашэтнікаў, які кажа пра несамастойнасьць беларускай дзяржавы і штучнасць беларускай мовы, — асоба не такога маштабу, каб думаць самастойна. Ён артыкулюе тое, што ўлоўлівае ў калякрамлёўскай атмасферы», — так пракаментаваў Свабодзе расійскі палітолаг Дзмітрый Арэшкін выказванні дырэктара Расійскага інстытуту стратэгічных даследаванняў, якія выклікалі дыпліматычны скандал.

areshkin

— Дзмітрый Барысавіч, беларускае МЗС выказала пратэст расійскаму амбасадару з нагоды выказванняў гісторыка Рашэтнікава. Як вы лічыце, чаму ён сказаў, што натуральным для Беларусі ёсць шлях у Расію?

— Адбываецца вельмі цікавы, але цалкам прадказальны і зразумелы працэс. З аднаго боку, людзі, выхаваныя ў савецкай сістэме каштоўнасцяў, лічаць, што ўсё ідзе згодна з аб’ектыўным сусветным законам, якім яны лічаць узмацненне Расіі і СССР. Таму калі спадар Рашэтнікаў гаворыць, што заходні вектар прывядзе Беларусь у тупік, а натуральная прыродная хада гісторыі прыцягне Беларусь да Расіі, — ён дэманструе глыбокае савецкае невуцтва, якое цягам пакаленняў выхоўвалася ў нас у краіне. Таму што натуральная ці прыродная хада падзеяў — абсалютна супрацьлеглая. Яна скіраваная на ўскладненне і на разнастайнасць. Вось цяпер мы назіраем, як у Еўропе адбываецца драбленне тэрытарыяльных контураў, паўстаюць новыя этнічныя і нацыянальныя дзяржавы, праводзяцца рэферэндумы пра аддзяленне ў Іспаніі, Вялікай Брытаніі, Нідэрландах. Гэта супрацьлегла таму, што хацеў рабіць Сталін — рашчыненню меншых нацыяў у вялікай. І менавіта такі працэс, які адбываецца ў Еўропе, — натуральны.

— У заяве Рашэтнікава гучаць папрокі ў бок беларускана кіраўніцтва. Ці крытыка Лукашэнкі — гэта шырокая тэндэнцыя ў Расіі цяпер?

— Калі 20 год таму вялікі расійскі патрыёт Аляксандр Праханаў называў Лукашэнку «рускім віцязем» і ўсхваляў яго перамогу на выбарах, гэта выглядала смешна, бо было зразумела, што Лукашэнку цікавіць толькі персаналісцкая ўлада. І Расіяй ён цікавіцца толькі з той прычыны, што разлічвае стаць яе прэзідэнтам — у канцы 90-х, калі Ельцын рабіўся слабейшым, беларускі прэзідэнт сапраўды на гэта разлічваў. Калі з’явіўся Пуцін, Лукашэнка зразумеў, што быць расійскім дыктатарам яму не свеціць, і вырашыў сканцэнтравацца на беларускай тэрыторыі. І заняўся цалкам супрацьлеглым — пабудовай агароджы паміж сваім суверэнітэтам і ўсходнім суседам. Сышлі ў нябыт выказванні пра тое, што беларусы — гэта тыя самыя рускія, толькі са знакам якасці. Наадварот — мы бачым спробы выбудаваць беларускую ідэнтычнасць. І гэта зразумела: яму трэба кіраваць гэтай тэрыторыяй і ён спадзяецца перадаць яе свайму нашчадку.

— Леанід Рашэтнікаў, гаворачы пра беларускую мову, скажае гістарычны факт. Як вы лічыце, ён адмыслова гэта робіць?

— Я лічу вялікай памылкай спадара Рашэтнікава тое, што ён узяўся тлумачыць беларусам, калі ў іх з’явілася іхная родная мова. Пагатоў што той артыкул у газеце «Праўда» ад 1926 году гаворыць не пра фармаванне беларускай мовы, а пра падтрымку беларускай мовы, якая з’явілася, зразумела, задоўга да 1926 году. Таксама спадар Рашэтнікаў не ўзгадаў пра тое, што ўжо ў 1929 годзе шэраг беларускіх гуманітарыяў саслалі ў Сібір за «нацыяналізм» і «сепаратызм», бо яны займаліся развіццём беларускай мовы, выконваючы акурат распараджэнне 1926 году. А адбылося так, бо памяняўся вектар савецкай улады, якая замест саюзу народаў вырашыла будаваць адзіную савецкую дзяржаву. Спадар Рашэтнікаў ніколі пра гэта не скажа. Гэта звязана з савецкай ментальнасцю — мы не хочам прызнаць рэальнасць, замест гэтага мы навязваем рэальнасці сваё ўяўленне пра тое, якой яна павінна быць. Спадар Рашэтнікаў да таго ж яшчэ і хам. Можна спрачацца пра тое, хто лепшы — Пушкін ці Міцкевіч, — але рабіць гэта трэба карэктна, асабліва калі размова тычыцца нацыянальных пачуццяў.

— Ці думкі, выказаныя дырэктарам Інстытуту стратэгічных даследаванняў, могуць быць падтрыманыя афіцыйна на дзяржаўным узроўні?

— Спадар Рашэтнікаў — асоба не таго маштабу, каб думаць самастойна. Ён толькі артыкулюе тое, што ўлоўлівае ў калякрамлёўскай атмасферы. А там цяпер вельмі заклапочаныя тым, што Беларусь пойдзе на збліжэнне з Еўропай, як тое здарылася з Украінай, і тым, што бачаць у Мінску прывіды Майдану. Таму вядзецца падрыўная дзейнасць супраць Лукашэнкі, якая раней была на ўзроўні маргінальных журналістаў агенцтва Regnum, а цяпер паступова выходзіць на ўзровень дзяржаўных чыноўнікаў. Для расійскай улады Лукашэнка цяпер не славянскі брат і не «рускі віцязь», а стаўленнік еўрапейскай закулісы, які вядзе сваю краіну да Майдану, падтрымлівае нацыянальную ідэю, ходзіць у беларускай вышыванцы. Будзе натуральным, калі хутка Лукашэнка загаворыць па-беларуску. Таму што куды яму падзецца — так атрымліваецца, што фармаванне беларускай ідэнтычнасці супадае з інтарэсам першай асобы краіны.


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.