Старшынёй Мінгарвыканкама прызначаны экс-міністр транспарту Анатоль Сівак. «Наша Ніва» сабрала некалькі фактаў пра новага кіраўніка сталіцы.

Анатоль Сівак, Еўрарадыё

 

Не карэнны мінчук

Нават зусім не карэнны. Сівак нарадзіўся ў вёсцы Завайць. Адсюль 10 кіламетраў да Нароўлі і 30 км да ўкраінскай мяжы.

Завайць не ўваходзіць у адселеную зону, гэта аграгарадок. Але да Чарнобыля тут былі пад 900 чалавек, цяпер — добра калі 300.

Сівак з’ехаў з малой радзімы адразу пасля сканчэння школы, але наведваецца ў родную вёску. Тым больш цяпер гэта стала трэндам і дзяржаўнай палітыкай.

«Тут атрымліваеш магутнае энергетычнае падсілкоўванне. Тут свая зямля, прырода, людзі. Тут адпачываеш душой. Патрэба прыехаць сюды, пахадзіць па пяску, проста пабыць тут існуе. Гэта я спрабую прышчапіць і сваім дзецям, каб яны ведалі свае карані. Гэта жыццёвая аснова», — расказваў ён, пасадзіўшы дрэвы на суботніку.

Зрабіў кар’еру ў чыгуначнай сістэме

Амаль уся кар’ера Сівака круцілася вакол чыгункі. Ён скончыў Інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту (цяпер — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту) і патрапіў у сістэму Дарбудмантажтрэста. Працаваў будаўнічым майстрам у Брэсце, пасля інжынерам у Магілёве. Яшчэ ў савецкі час патрапіў у Мінск.

У 2002—2006 Сівак быў намеснікам начальніка Белчыгункі, а ў 2009-2012 — узначальваў Белчыгунку.

У прамежак паміж гэтымі пасадамі ён паспеў папрацаваў памочнікам Лукашэнкі па Мінску. Гэта і паспрыяла цяперашняму прызначэнню на пасаду мэра сталіцы. Лукашэнка часта абірае кіраваць рэгіёнамі тых, хто раней быў памочнікам-інспектарам.

Час буйных інфраструктурных праектаў

Калі Сівак узначальваў Міністэрства транспарту (2012-2018) у Беларусі было рэалізавана шмат інфраструктурных праектаў — за кітайскія грошы абнаўляліся трасы з Мінска ў абласныя гарады, была пабудавана МКАД-2. Прычым гэтыя будоўлі пераважна заканчваліся своечасова, без вялікіх спазненняў.

Сівак як чыгуначнік імкнуўся надзяляць больш увагі «свайму» віду транспарту. І Белчыгунка сапраўды абнаўлялася і ўдасканальвалася.

А вось з іншымі, асабліва авіяперавозкамі, усё было не настолькі вясёлкава. У прыватнасці, мінскі аэрапорт так і не разросся да рэгіянальнага хаба.

Лаўкосты ў Беларусь так і не прыйшлі — краіна застаецца адзінай у Еўропе, куды не лятаюць танныя авіякампаніі. Але складвалася адчуванне, што міністру Сіваку яны былі не надта і патрэбныя. Ён дэклараваў спадзеў, што пачнецца развіццё беларускіх рэгіянальных авіякампаній, але ініцыятыва апынулася правальнай.

Быў за крок да адстаўкі

У красавіку 2018 года Лукашэнка фактычна анансаваў адстаўку Сівака. Яму магло дастацца за карупцыю ў транспартнай сферы. У той час за хабар быў затрыманы дырэктар дэпартамента па авіяцыі Уладзімір Косцін.

«У сістэме Мінтранса ўсё часцей узнікаюць пытанні карупцыйных праяў, — заявіў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы з пасланнем да народа і парламента. — Неабходна самым кардынальным чынам навесці там парадак, прычым раз і назаўжды. Я шчыра скажу, што ўжо блізкі да таго, каб Сівака адправіць туды ж, куды міністра лясной гаспадаркі. І прама кажу, што ваша міністэрства самым жорсткім чынам знаходзіцца ў цэнтры ўвагі праваахоўнай сістэмы ў цэлым. Дзейнічайце!»

Сівак прызнаўся, што тая заява Лукашэнкі стала для яго шокам. Як і сам факт карупцыі ў сферы авіяцыі.

Пабудаваўся ў «чыгуначным» доме

Сівак як міністр транспарту не мог прэтэндаваць на ўчастак у Драздах. Зрэшты, яму цалкам хапае пяціпакаёвай кватэры плошчай каля 110 м2 непадалёку ад цэнтра Мінска, на вуліцы Варанянскага.

У канцы 1990-ых Беларуская чыгунка будавала тут карпаратыўны дом. Сівак тады быў топ-менеджарам Дарбудмантажтрэста.

Цэны на нерухомасць тады былі зусім іншыя, Сіваку было дастаткова ўзяць крэдытныя $12 тысяч у эквіваленце. Магчыма, апошнія капейчыны ад той шматкроць дэвальваванай сумы ён сплачвае і дагэтуль.

***

Анатоль Сівак нарадзіўся 19 ліпеня 1962 года ў вёсцы Завайць Нараўлянскага раёна.

Скончыў Беларускі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту (1986), Акадэмію кіравання (1998).

У 1986-2002 гадах працаваў на розных пасадах у Дарбудмантажтрэст Беларускай чыгункі. У 2002-2006 гадах быў намеснікам начальніка Беларускай чыгункі. У 2006-2009 гадах быў памочнікам Лукашэнкі па Мінску.

У 2009-2012 гадах — начальнік Беларускай чыгункі. У 2012-2018 гадах — міністр транспарту і камунікацый.

У лістападзе 2018 года прызначаны старшынёй Мінгарвыканкама.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: