Старшыня Салігорскага райвыканкаму Аляксандр Рымашэўскі застаецца пад вартаю праз падазрэнне ў хабарніцтве. Яго затрымалі ў аўторак, пасля атрымання $ 2 700.

Аляксандр Рымашэўскі, фота Уладзіміра Амельчэні

Жыхары вёскі Камень, дзе жыве Рымашэўскі, кажуць, што яго браў АМАП і КДБ у ягоным новым доме ў вёсцы Камень. Паводле ж афіцыйнай версіі, затрыманне адбывалася на дарозе паміж Салігорскам і Каменем беспасярэдне пасля таго, як чыноўнік атрымаў хабар памерам $ 2 700 – за тое, каб райвыканкам зрабіў у хабарадаўцы дзяржаўную закупку.

Некаторыя вяскоўцы мяркуюць, што грошай пры Рымашэўскім маглі і не знайсці, бо сілавікі потым хадзілі па вёсцы ды апытвалі дзяцей, якія гуляліся пры дарозе: ці не знаходзілі тыя ў пяску нейкі канверцік.
Аляксандр Рымашэўскі на пачатку кар’еры працаваў у роднай вёсцы старшынём калгасу, потым адказваў за сельскую гаспадарку ў Слуцкім раёне.

«І калгас нядрэнна быў, і працаваў ён добра, і людзей забяспечваў», – кажуць жыхары вёскі Камень.

Падняў калгас момантам, – дадае іншы жыхар.

У Салігорскім райвыканкаме, які Рымашэўскі ачольваў больш за 10 гадоў, меркаванні на ягоны конт супярэчлівыя. Сыходзяцца на адным: чалавек быў крутога характару, за што атрымаў мянушку бульдозер.

Ёсць у Рымашэўскага яшчэ адна мянушка – Даяр. Атрымаў ён яе за актыўнае насаджэнне ў раёне малочных фермаў.

Экс-кандыдат на дэпутата ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў Салігорску Аляксандр Малочка яшчэ некалькі гадоў таму скіраваў у мясцовы Следчы камітэт справаздачу пра меркаваныя карупцыйныя сувязі Рымашэўскага з двума мясцовымі бізнесоўцамі, якія атрымалі пры Рымашэўскім ільвіную долю гарадскіх падрадаў на будаўніцтва.

Салігорскі актывіст не верыць у паляпшэнне сітуацыі з карупцыяй у горадзе: пры адсутнасці падзелу ўладаў на выканаўчую, судовую ды заканадаўчую, гарантаваную свабоднымі выбарамі, наступны кіраўнік атрымае гэткія ж неабмежаваныя паўнамоцтвы, як і ягоны папярэднік.

Два гады таму Аляксандр Рымашэўскі, у адказ на прапанову правесці грамадскія слуханні ў справе барацьбы з карупцыяй, адказаў, што ягоная адміністрацыя справіцца з гэтым самая.

Станіслаў Івашкевіч, Белсат


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.