Палітолаг Андрэй Ляховіч перакананы, што пасля таго, як у Расіі пройдуць выбары і футбольны чэмпіянат, Масква ўзновіць ціск на Мінск.

Aliaksandr Papko/radyjo.net

 

Пасля таго, як у Расіі скончацца прэзідэнцкія выбары й пройдзе Чэмпіянат свету па футболе, рознагалоссі паміж Масквой і Мінскам разгарацца з новай сілай. Красавіцкія пагадненні аб пастаўцы энерганосьбітаў, заключаныя пасля самай доўгай расійска-беларускай нафтагазавай спрэчкі, могуць быць пастаўленыя пад сумнеў. Пра гэта заявіў у Варшаве беларускі палітолаг Андрэй Ляховіч. Перад экспертамі, якія сабраліся ў Беларускім доме, ён выступіў з дакладам «Асноўныя тэндэнцыі ўнутранай і знешняй палітыкі Беларусі». Ці варта чакаць эканамічных рэформаў? Як у будучым годзе будуць складвацца адносіны Масквы й Мінска? Сваімі прагнозамі Андрэй Ляховіч дзеліцца з Аляксандрам Папко.

Спадар Андрэй, падчас свайго выступлення вы казалі, што ў беларускім кіраўніцтве можна вылучыць дзве групы – крыло эканамістаў і крыло сілавікоў. Раскажыце, калі ласка, хто належыць да гэтых лагераў і ў чым яны бачаць свае інтарэсы?

Андрэй Ляховіч: У беларускім кіраўніцтве ёсць група, якая разумее неабходнасьць сур’ёзных эканамічных рэформаў і нават зьвязаных з гэтым палітычных крокаў – напрыклад, увядзенне незалежнага суда. Гэтыя ідэі выказваюць віцэ-прэм’ер Васіль Мацюшэўскі, старшыня нацыянальнага банка Павал Калаўр, былы дарадца кіраўніка Беларусі па эканоміцы Кірыл Руды. Гэтых людзей можна назваць рэфарматарамі – яны разумеюць, што цяперашняя эканамічная мадэль у Беларусі абсалютна вычарпала свой рэсурс. Яна не ў стане генераваць эканамічны рост.

Што тычыцца групы сілавікоў – то яе прадстаўляе кіраўніцтва КДБ і МУС. Перш за ўсё гэта Валеры Вакульчык і Ігар Шуневіч. Яны стараюцца захаваць свае паўнамоцтвы. У дадатак, рэформы тармазіць вялікі страх Лукашэнкі перад рэвалюцыямі. Ён перакананы, што эканамічныя рэформы ў Беларусі прывядуць да руйнаваньня сістэмы палітычнага кантролю. Напрыклад, калі прадпрыемствы прыватызуюць, то іх працаўнікоў будзе цяжка гнаць на выбары, цяжка звальняць па палітычных матывах, а выбары будзе цяжэй фальсіфікаваць. Таму найбольш верагодны сцэнар на наступны год – гэта захаванне стстус-кво. Рэформаў не будзе, нягледзячы на тое, што эканамічная сітуацыя ў Беларусі вельмі, вельмі кепская.

Як будуць развівацца адносіны з Расіяй? Ці тыя нафтагазавыя пагадненні, якія былі падпісаныя ў пачатку 2017 году, былі канчатковымі? Ці Беларусь надалей захавае нафтавыя і газавыя субсідыі, пасля таго, як у Расіі пройдуць прэзідэнцкія выбары й Чэмпіянат свету па футболе?

Андрэй Ляховіч: Я думаю, што гэтыя дамовы мелі часовы характар. Добрыя для Беларусі ўмовы паставак нафты, абяцанні паменшыць цану на газ – гэта была цана, якую Крэмль заплаціў Лукашэнку за маўчанне пра праблемы, якія існуюць у расійска-беларускіх адносінах. Гэта было патрэбна Крамлю перад прэзідэнцкімі выбарамі. Пасля таго, як яны пройдуць, вельмі верагоднае новае пагаршэнне адносінаў. Расія адновіць ціск на Мінск па пытаннях пашырэння расійскай вайсковай прысутнасці, продажу прадпрыемстваў ваенна-прамысловага комплексу, а таксама, магчыма, па пытанні стварэння агульнай візавай прасторы. Расія хоча атрымаць такі варыянт пагаднення, які б дазваляў расійскаму боку кантраляваць усе кантакты Беларусі з Захадам.

На працягу гэтага году гучала шмат заяваў пра тое, што Беларусь можа страціць незалежнасць – напрыклад, у выніку вучэньняў «Захад-2017». Што мы можам прагназаваць на наступны год? Ці расійскае кіраўніцтва прывяжа намёртва Беларусь у эканамічным плпне, ці створыць сваю вайсковую базу на тэрыторыі Беларусі?

Андрэй Ляховіч: Расія – вельмі слабая краіна з сыравіннай эканомікай. ВУП Расіі ў на працягу 2013-2016 гадоў зменшыўся ў 2 разы. Экспарт таксама ўпаў у 2 разы. Таму я цалкам выключаю магчымасць, што Расія захопіць Беларусь вайсковым шляхам. Максімум, што можа зрабіць Расія – гэта прывязаць да сябе Беларусь праз тое, што ў Крамлі традыцыйна называюць «сапраўднай інтэграцыяй». Гэта набыццё беларускіх прадпрыемстваў, пашырэнне расійскай вайсковай прысутнасці. Аднак гэтыя крокі Расіі будуць сустракацца з вельмі жорсткім супрацівам Лукашэнкі, якія не хоча быць залежным ад Расіі да такой ступені, каб Масква магла яго лёгка замяніць. Я не думаю, што ў будучым годзе Расія зможа навязаць Лукашэнку свой фармат адносінаў.

Вы казалі пра тое, што эканамічных рэформаў, як і паляпшэння эканамічнай сітуацыі ў Беларусі ў будучым годзе не прадбачыцца. Што рабіць у такой сітуацыі звычайнаму беларусу?

Андрэй Ляховіч: Я б параіў звычайнаму беларусу арыентавацца на ўласныя сілы, на ўласныя ўменні, на ўласныя магчымасці самарэалізацыі, забеспячэння сваёй сям’і й не спадзявацца на тое, што ўлады дадуць яму нейкія грошы. Паляпшэння ўласнай сітуацыі чалавек можа дабіцца сёння толькі ўласнай працай. На дзяржаву спадзявацца не варта.

Аляксандр Папко, radyjo.net

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: