Кіраўнік Беларусі любіць жанр прэсавых канфэрэнцыяў.

karbalevich-300

Бачна, з якой асалодаю ён сустракаецца кожны год з расійскімі журналістамі. Палітыка-папуліста хлебам не кармі — дай апынуцца ў цэнтры ўвагі шматлікіх медыяў. Аляксандр Рыгоравіч упэўнены ў сваёй абаяльнасці, таленце карыстацца размоўным жанрам, здольнасці «зрэзаць» любога апанента, які задае, здавалася б, нязручнае пытанне. Бо ў такой сітуацыі перавага заўсёды на баку таго, хто адказвае. Ёсць шмат спосабаў адхрысціцца ад непрыемнага пытання. Можна пажартаваць, перайсці на зусім іншую тэму. Або пераключыцца на асобу журналіста — сказаць, напрыклад: а колькі вам заплацілі вашы гаспадары за такую правакацыю? Лукашэнка — вялікі майстар такіх прыёмаў.

Напярэдадні вялікай прэсавай канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі розныя медыі жыва абмяркоўваюць, якія пытанні варта было б задаць, ладзяць апытанкі на вуліцах, збіраць прапановы ў інтэрнэце. У прынцыпе, набор пытанняў, якія сёння моцна хвалююць грамадскасць, невялікі. Вось партал tut.by звёў іх да 10. Гэта ўкраінскі крызіс, дачыненні з Расіяй і актуальныя сацыяльна-эканамічныя праблемы, якія востра стаяць на парадку дня нашага штодзённага жыцця.

У прынцыпе, і набор Лукашэнкавых адказаў на іх — таксама не вялікі сакрэт. 20 гадоў — гэта занадта доўгі тэрмін, каб палітызаваная публіка не магла вывучыць стандартны арсенал папулісцкага майстэрства беларускага лідэра. Не надта рызыкуючы памыліцца, можна загадзя прадказаць кароткі змест ягоных адказаў на ўсе вострыя і складаныя пытанні.

У прынцыпе, электарат Лукашэнкі прамовы лідэра задавальняюць. Бо гэтыя людзі больш арыентаваныя не столькі на змест, колькі на сам працэс, на рыторыку.

Але як толькі здараецца сур’ёзны эканамічны крызіс, то адбываецца збой у добра адпрацаванай за 20 гадоў сістэме камунікацыі прэзідэнта з насельніцтвам. Бо разрыў паміж рыторыкай і рэальнасю робіцца заўважны нават для далёкага ад палітыкі абывацеля. У такія цяжкія моманты, як цяпер, Лукашэнка не здольны на шчырую размову з народам. Бо, па сутнасці, ён не мае адказу на галоўныя пытанні, якія хвалююць людзей. Калі праз пяць гадоў пасля папярэдніх выбараў сярэдні заробак у далярах не вырас, а ўпаў, то неяк загаварыць гэты факт цяжка. Не, загаварыць, вядома, можна. Выкручвацца ён умее вельмі спрытна. Але ці павераць?

І самае галоўнае: Лукашэнка ўпершыню за 20 гадоў кіравання не можа нічога натхняльнага паабяцаць. Бо Расія, на якую ў шмат каго з беларусаў — апошняя надзея, сама паглыбляецца ва ўсё большы эканамічны крызіс і міжнародную ізаляцыю. Таму наперадзе няма ніякіх перспектываў, гарызонт скрозь цёмны, няма святла ў канцы тунэлю.

Лукашэнка імкнецца схавацца ад рэчаіснасці за частаколам прапагандысцкіх клішэ, штучных ідэалагемаў. Вынаходствам адной з іх ён, здаецца, ганарыцца. Яна будзе лейтматывам усёй прэзідэнцкай кампаніі. Гэтая ідэя прайшла апрабацыю і пачынае раскручвацца ўсё шырэй і мацней.

Маю на ўвазе параўнанне Беларусі з Украінай. Гэтая тэма была галоўная ў навагоднім віншаванні. Вось і ў аўторак падчас кадравых прызначэнняў ён заявіў: «Нам любымі лёсамі трэба ўтрымаць краіну. У адваротным выпадку мы скоцімся да таго, што адбываецца ў асобных дзяржавах, у тым ліку і ў нашых суседзяў».

То бок, калі нельга прапанаваць нешта натхняльнае для народа, то можна напужаць яго яшчэ больш дрэннай перспектывай. Каб горш не было. Не да жыру.

Вось асноўны лозунг выбарчай кампаніі Лукашэнкі. Дажыліся, беларусы.

Валер Карбалевіч, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: