«Найперш увесь час я ішоў да сябе. Праз гэтыя пошукі, праз спробы зразумець сябе, напэўна, я і дайшоў да свайго космасу, да сваёй Беларусі».

Андрусь Горват першы злева

 

У Беларускім доме ў Варшаве адбылася сустрэча з палескім пісьменнікам, аўтарам Радзіва Прудок, Андрусём Горватам.

Назва твора твора наўпрост звязаная з вёскай Прудок, што каля Юравічаў у Каленкавіцкім раёне. Менавіта падчас свайго пераезда з Менска ў дзедаўскую хату ў Прудок Андрусь Горват пачаў весці інтэрнэт-блог, які ў хуткім часе ператварыўся ў сапраўдны бэстсэлер беларускай літаратуры.

Усяго за два з паловай гады Радзіва Прудок перажыла пяць выданняў, на падставе твору ўжо зняты кароткамэтражны мастацкі фільм «Ягор», а галоўная акадэмічная сцэна Беларусі – тэатар імя Янкі Купалы рыхтуецца да прэм’еры спэктакля паводле Радзіва Прудок.

Акалічнасці ў якіх паўставаў літаратурны твор Радзіва Прудок узгадвае яго аўтар Андрусь Іванавіч Горват.

Андрусь Горват: Багата хто пісаў пра беларускую вёску, гэтай тэме нададзеная вялікая ўвага ў нашай літаратуры. З гэтае прычыны я нават баяўся выдаваць гэты дзённік, бо хто толькі пра вёску не гаварыў!

Шчыра кажучы, нават ня ведаю, чаму мая кніга стала папулярнай. Магчыма я знайшоў нейкі патрэбны тон, якім варта было распавесці пра вясковае жыццё. То-бок у новым гучанні, не з пункту гледжання «забітасці» і гаротнасці нашай вёскі. Спрабаваў знайсці там нешта вясёлае і жывое. Магло здавацца, што гэта ўжо навек згублена, але яно ёсць.

Андрусь Горват

 

Цягам двух год пісаў у Facebook аб усіх сваіх прыгодах, якія адбываліся са мною ў вёсцы, аднойчы заўважыў, што матэрыялу назбіралася вельмі багата. Стала шкада губляць гэтую працу. Заўважыў, што мае тэксты добра складваюцца ў агульную кампазыцыю, тады зразумеў–з гэтага можа атрымацца кніга.

Хутчэй за ўсё, гэта быў своеасаблівы сувэнір на памяць тым людзям, якія былі побач, чыталі мяне. Гэта падарунак маё маці, маім сваякам. Выпадкова атрымалася, што мая творчасць займела попыт.

Найперш увесь час я ішоў да сябе. Спрабаваў зразумець, хто я такі і навошта жыву. На што я здольны, на што ня здольны. Мне падаецца, гэта дужа цікава ведаць, што табе нададзена ад продкаў, ад зямлі на якой ты гадаваўся, а якія рэчы ты ў стане змяніць, з чым трэба пагодзіцца.

Праз гэтыя пошукі, праз спробы зразумець сябе, напэўна, я і дайшоў да свайго космасу, да сваёй Беларусі. Мой космас ужо большы за прудкоўскія дэкарацыі. Спачатку я засяродзіўся на сваёй хаце, на сваёй вёсцы. Цяпер я ў стане гэта пашыраць на іншыя гарады і краіны.

Спатканне з Андрусём Горватам адбылося ў Беларускім Доме ў Варшаве. Аўтограф-сэсія пісьменніка выклікала надзвычайную ўвагу з боку беларускай супольнасці. Наведвальнікі сустрэчы мелі ўнікальную магчымасць паразмаўляць з пісьменнікам, большасць з прысутных ахвотна скарысталася гэтым. Працягвае сустаршыня Беларускага дома Ўладзімер Кобец.

Уладзімер Кобец: Андрусь Горват сёння вельмі папулярны чалавек у Беларусі, мы вельмі радыя, што ён у нас у гасцях. Асабліва цешымся тым, што ў Беларускім доме ледзьве хапіла месца, каб усе жадаючыя змаглі сустрэцца з пісьменнікам.

Мы бачым, што Радзіва Прудок карыстаецца агромністай папулярнасцю, людзі стаяць у доўгай чарзе, аўтар ахвотна падпісвае свой твор. Бачна надзвычайная задаволенасць аўдыторыі. Нам, як арганізатарам вельмі прыемна за гэтым назіраць.

Людзі дужа стаміліся ад палітызаваных тэмаў. Ужо трэці дзясятак гадоў мы жывем у жахлівай атмасфэры. Людзі хочуць нармальных, звычайных людзкіх тэм. Твораў у якіх прысутнічаюць звычайныя людзкія адносіны, чытаючы якія, можна проста адпачыць.

Госця сустрэчы з Андрусём Горватам, аспірантка пры Польскай акадэміі навук Вераніка Лапуцька перакананая ў тым, што зацікаўленасць вясковым жыццём сярод гарадзкіх жыхароў у Беларусі адпавядае сусветнаму трэнду. Гаворыць Вераніка Лапуцька.

Вераніка Лапуцька: Набыла Радзіва Прудок, вельмі радая, бо ўжо даўно хацела гэта зрабіць. У першую чаргу мяне ўразіла постаць аўтара. Бачна, што Андрусь глыбокі чалавек, які адчувае, якога шмат з’яваў кранае.

Мне падаецца, што так званы downsheating (калі гарадзкія жыхары пераяжджаюць у сельскую мясцовасць), гэта глябальная з’ява і беларусы абсалютна ўпісаныя ў сусветны кантэкст. Нашая грамадзкая думка чакала паўстання такога твора. (…)

Безумоўна трэба падкрэсліць талент аўтара. Без таленавітай працы Андруся, ніякія глябальныя трэнды ня былі б у стане паспрыяць такой папулярнасці Радзіва Прудок.

Падчас варшаўскай сустрэчы Андрусь Горват абвясціў аб тым, што ён працуе над новым творчым праектам, аднак пакуль творца ўстрымаўся ад больш падрабязнага камэнтара на гэтую тэму.

Эдуард Жолуд, Польскае Радыё

Фота: Эдуард Жолуд

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: