Падтрымка Расіі ў сірыйскім канфлікце можа абярнуцца вяртаннем эканамічных санкцый супраць Беларусі.

© Handout Source: Reuters

 

У ноч на 14 красавіка сілы ЗША, Вялікабрытанія і Францыя нанеслі масіраваны ракетны ўдар па Сірыі: 120 ракет выпушчаныя па трох аб’ектах, непасрэдна звязаных з вытворчасцю і прымяненнем хімічнай зброі. Так Захад адказаў на хімічную атаку ў Думе (Сірыя), якую, як мяркуецца, учыніў рэжым Башара Асада супраць мірнага насельніцтва.

Прычыны і наступствы новага абвастрэння вакол Сірыі ў інтэрв’ю Беларускай праўдзе аналізуе эксперт па нееўрапейскіх цывілізацыях Яўген Красулін.

-Чаму  Захад пасля некаторых ваганняў усё-такі нанёс масіраваны ракетны абстрэл па Сірыі?

-Найперш ракетны абстрэл – рэакцыя Захаду на меркаванае прымяненне хімічнай зброі ў Сірыі з боку рэжыма Башара Асада. Адсутнасць рэакцыі на прымяненне хімічнай зброі развязвае рукі аўтарытарным рэжымам ва ўсім свеце. Таму заходнія краіны мусілі рэагаваць на прымяненне хімічнай зброі ў Думе. Існуюць міжнародныя механізмы, найперш ААН, якія мусяць прадухіляць выкарыстанне хімічнай зброі і рэагаваць на іх. Але ў Радзе бяспекі ААН знаходзіцца сіла, якая валодае правам вета і блакуе любыя захады супраць рэжыму Башара Асада, – Расія.

Аднак нават у такой сітуацыя існуе лазейка – артыкул 51 статута ААН, па якім любая нацыя мае права на самаабарону ў выпадку агрэсіі супраць яе. Пакуль Рада бяспекі не можа прыняць адэкватныя меры – нацыя можа самаабараняцца. Прымяненне хімічнай зброі ў Сірыя можа трактавацца як пагроза любой нацыі свету, адпаведна, рэагаваць на гэта можна без санкцыі ААН.

Так падаецца дыпламатычная трактоўка ракетнага ўдару, які нанесла заходняя кааліцыя 14 красавіка. Трамп сказаў, што Захад даў урок рэжыму Башара Асада за выкарыстанне хімічнай зброі і з мэтай прадухіліць яе выкарыстанне ў будучым.

Але тэарэтычна можна дапусціць, што ракетны ўдар з’яўляецца папярэджаннем Башару Асаду, сігналам, што Захад настроены сур’ёзна, што Башару Асаду трэба трымаць сябе ў рамках.

Ракетны ўдар можна разглядаць і як папярэджанне Расіі: як бы Крэмль ні размахваў ядзернай дубінкай, усё адно мы будзем дзейнічаць так, як лічым неабходным. Некаторыя заходнія аналітыкі заўважаюць, што Захад не сфармуляваў больш акрэсленае пасланне Расіі – спыні падтрымку рэжыма Асада! Маскве толькі пальчыкам прыгразілі.

-Чаму Крэмль так вяла адрэагаваў на ракетны ўдар, хаця заўжды пагражае “зеркальным ответом” на любыя дзеянні Захаду?

-Набор рэакцый Масквы вельмі абмежаваны. Гэта быў блеф, хаця крамлёўскія дыпламаты пагражалі жорсткім адказам: папярэднія падзеі паказалі, што ў Масквы няма механізмаў, каб спыніць дзеянні заходняй кааліцыі. Таму Крэмль найперш выкарыстоўвае блеф: пагражае паказаць Захаду “кузькину мать”, а на выхадзе адказу і не відаць.

Крэмль выкарыстоўвае блеф, выкідвае ў публічную прастору мора інфармацыі, каб заблытаць разуменне таго, што, дзе, чаму адбываецца; сутнасць дзеянняў Расіі ўкладваецца ў фармулёўку “галоўнае, каб чалавек не верыў нікому – гэта лепш, чым верыць нашаму ворагу”. І Расія дасягнула пэўнага поспеху дзякуючы сваім ботам: на заходніх сайтах у каментарах практычна няма ўзважаных пазіцыяў – амаль усе носяць рэзкі антызаходні характар. Аналагічныя выказванні можна прачытаць на беларускіх сайтах, калі гаворка ідзе пра незалежнасць Беларусі, пра апазіцыю – усе каментары пішуцца бы пад адну кальку. Расія ўдзейнічае на заходнюю грамадскую думку, уплывае на ход выбараў з мэтай прывесці да ўлады сілы, якія нясхільныя рэзка рэагаваць на расійскую палітыку – вось і ўвесь адказ.

-Апошнім часам загаварылі, што Расія рыхтуе вялікую вайну ва Украіне, якая і мусіць стаць адказам Захаду.

-Зараз з’явіцца шмат матэрыялаў, якія будуць распыляць увагу аўдыторыі. Адразу пасля пагроз Трампа на навіновых сайтах можна было прачытаць каментары: кітайскі флот ужо рушыць у Міжземнае мора, дзе будзе каардынаваць свае дзеянні з Расіяй. Нават лёгкі агляд навіновых сайтаў паказвае, што нічога падобнага: кітайскі флот далёкі ад Міжземнага мора, а тым больш – ад парадкавання расійскаму камандаванню.

Паведамленні пра маштабную вайну ва Украіне трэба ўспрымаць вельмі асцярожна; мяркую, працэнтаў 90 усёй падобнай інфармацыі – няпраўда. Больш за тое, такі сцэнар малаверагодны: у Расіі няма ні фінансавых, ні матэрыяльных, а галоўнае – іміджавых рэсурсаў для правядзення буйной аперацыі ва Украіне. Аднак нельга скідваць з рахункаў нават самыя фантастычныя сцэнары – ці мала што ўзбрыдзе ў галаву расійскім стратэгам.

-Ці паўплываў ракетны ўдар на геапалітычную сітуацыю ў рэгіёне?

-Захад прадэманстраваў, што здольны нанесці ракетны ўдар, у той час як у рэжыма Асада і ў Расіі няма тэхнічных магчымасцей яму процістаяць. Але год таму адбыўся аналагічны ўдар пасля хімічнай атакі ў Хан-Шэйхуне, якая забарала жыцці 80 чалавек. У выніку сітуацыя аніяк не змянілася: як мы бачым, Башар Асад працягвае выкарыстоўваць хімічную зброю супраць мірнага насельніцтва, сітуацыя ў самой Сірыі значна не змянілася, пазіцыі бакоў вакол сірыйскага канфлікту засталіся ранейшымі. Заходнія аналітыкі ўказваюць, што стратэгічных мэтаў ракетны ўдар не пераследаваў, ён дэманструе адсутнасць стратэгіі адносна Сірыі ў самога Трампа.

На мой погляд, сёння краіны Захаду найперш мусяць задумацца наконт дакладнай стратэгіі ў дачыненні да Сірыі. Дагэтуль стратэгія ЗША, мяркуючы па дзеяннях Трампа, палягала ў самаўхіленні ад вырашэння праблемы; літаральна за лічаныя дні да хімічнай атакі ў Думе Трамп абвесціў, што выводзіць амерыканскія войскі з Сірыі. А хімічная атака ў Думе – не сігнал Трампу: мужчына, пачакайце, куды вы? Сітуацыя паказвае, што ў Башара Асада і ягоных саюзнікаў ёсць стратэгія – захаваць рэжым Башара Асада любой цаной, неспыняючыся і перад прымяненнем хімічнай зброі супраць свайго насельніцтва. Калі хімічную атаку сапраўды правёў рэжым Асада, то ён пераследуе не ваенныя мэты: апазіцыя яшчэ раней заявіла, што пакідае гэты горад. Хімічная атака выглядае як помста: Дума сталася тым месцам, дзе з 2011 года ўзнік супраціў рэжыму Асада.

Аднак пасля доўгага панавання, пачатку рэвалюцыі і сямі год грамадзянскай вайны ў сірыйцаў засталося вельмі мала сімпатый да рэжыму Асада; цяжка прагназаваць, ці знойдзе ён рэсурсы, каб утрымацца ва ўладзе. Але калі рэжым Асада захаваецца, то сірыйскую праблему гэта не вырашыць. А з другога боку – стане пасылам усім дрэнным хлопцам у свеце: рабіце што ўазгодна – вам за гэта нічога не будзе. Заходнія лідары не могуць не бачыць такой пазрозы.

Якая стратэгія можа з’явіцца ў Захада? Калі зыходзіць з канчатковай мэты – палітычныя перамены без удзелу Башара Асада. Выбары без удзелу Асада могуць вырашыць праблему, асабліва ў Сірыі, якая вельмі стамілася ад гвалту. Задача Захаду – правесці выбары без Асада, на чым і настойвае цяпер сірыйская апазіцыя. Іншая справа, што апазіцыя вельмі аслаблена, яе голасу амаль не чуваць – пункт гледжання апазіцыі можна знайсці толькі на партыйных сайтах, як і ў Беларусі.

Застаецца праблема: як прымусіць прыняць сцэнар палітычных пераменаў не столькі Асада, колькі Расію, дзякуючы якой рэжым Асада і трымаецца? Ракетныя ўдары могуць дэманстраваць, што пазіцыя Захаду больш моцная, чым у Расіі, але гэтага недастаткова. Стратэгія захаду можа быць накіравана на тое, каб вымусіць Расію пагадзіцца з сыходам Асада. Але гэта азначае прымусіць Расію пагадзіцца са стратай ваеннай базы ў Тартусе на Міжземным моры, пагадзіцца з падзеннем уплыву Расіі ў міжнароднай палітыцы: Крэмль  трымаецца толькі за кошт канфліктаў (Крым, усход Украіны, Сірыя). Без канфліктаў Расія страчвае значную частку ўвагі міжнароднай супольнасці, у той час як ідэя-фікс Расіі процілеглая – увесь час знаходзіцца ў топе сусветных навінаў.

Як бачым, у Расіі ёсць за што трымацца і што абараняць. Расію трэба прымусіць пагадзіцца на выбары без удзелу Башара Асада. Аднаго ракетнага ўдару для пераканання не хапіла, не хапіла і двух. Таму стратэгія Захаду, да выпрацоўкі якой могуць прыступіць бліжэйшым часам, павінна грунтавацца на дыпламатычным ціску, эканамічным ціску (эканамічныя санкцыі ўсё ж працуюць, як паказалі апошнія дні). Калі гэтага арсеналу не хопіць – тады ваенны ціск, ажно да наземнай ваеннай аперацыі. Дзіўнай выглядае сітуацыя: за хімічную зброю мы караем, а за прымяненне супраць свайго народу звычайнай зброі, якая забірае намнога больш жыццяў, – нічога не робім. Можна абвясціць сітуацыю ў Сірыі генацыдам – і пад гэтым сцягам правесці наземную аперацыю. Але такі сцэнар выглядае складаным: санкцыю на такую аперацыю мусіць даць ААН, дзе Расія мае права вета. Але заходні альянс можа правесці наземную аперацыю па выратаванні сірыйскага народу і без ухвалення ААН.

-Якія ўрокі з сірыйскага абвастрэння мусіць вынесці афіцыйны Мінск, і найперш – з аглядкай на паводзіны Расіі?

-Беларусь мусіць трымацца як мага далей ад сірыйскіх падзеяў. Актыўная падтрымка Расіі можа прывесці не толькі да іміджавых страт: супраць Беларусі зноў могуць увесці эканамічныя санкцыі. Між тым, Трамп казаў не толькі пра Башара Асада, але і пра ягоных саюзнікаў – пагрозы найперш адрасаваліся ім.

З іншага боку, пачынаючы з 1991 года, як я лічу, уся знешняя палітыка Беларусі была скіраваная на тое, каб звузіць поле для манеўру ў падобных сітуацыях. Таму нам будзе складана размаўляць з Расіяй і трымацца ад скандалу падалей. Пакуль беларуская дыпламатыя спрабуе абмежавацца заявамі з асуджэннем ракетнага ўдару, але многае залежыць ад пазіцыі Расіі: канечне, яна не будзе патрабаваць ад нас удзелу ў вайсковай аперацыі, але дыпламатычную падтрымку будзе чакаць.

Глеб Юрын, Беларуская праўда

Creative Commons License
This work is licensed under a Creative Commons Attribution-ShareAlike 4.0 International License

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: