Беларускі ўрад ухваліў праект праграмы Саюзнай дзяржавы аб удасканальванні абʼектаў вайсковай інфраструктуры, якія прызначаныя для сумеснага выкарыстання.

Пагрузка расійскіх войскаў пасля вучэнняў «Захад-2017», svaboda.org

 

6 снежня адпаведную пастанову падпісаў прэмʼер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў, яна ўжо з’явілася на нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Паводле гэтага дакументу Мінабароны Беларусі даручана прапанаваць праект праграмы на разгляд Савету міністраў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, паведамляе Радыё Свабода.

Цалкам дакумент, падрыхтаваны вайскоўцамі, завецца праектам «Праграмы Саюзнай дзяржавы „Удасканаленне абʼектаў вайсковай інфраструктуры, якія плануюцца для сумеснага выкарыстання ў інтарэсах забеспячэння рэгіянальнай групоўкі войскаў Рэспублікі Беларусь і Расіейскай Федэрацыі“».

Але пра якую вайсковую інфраструктуру ідзе гаворка? Ці не пра расійскія базы ў Беларусі?

Мінабароны: «Ну якія базы?!»

Карэспандэнт Свабоды звярнуўся ў Міністэрства абароны Беларусі па каментар да падрыхтаванага праекту праграмы і наўпрост запытаў: ці не вядзецца ў праекце гаворка пра стварэнне на тэрыторыі Беларусі расійскіх вайсковых базаў?

«Ну якія базы?!», — адказаў прэсавы сакратар Мінабароны Уладзімір Макараў, але разгорнутага каментару не даў, спаслаўшыся на занятасць. Спадар Макараў прапанаваў пазваніць яму пазней, аднак цягам дня ягоны тэлефон так і не адказаў.

Эксперт Алесін: «Гэта яшчэ адзін крок да будучай вайны»

Свабода таксама звярнулася да незалежнага вайсковага эксперта Аляксандра Алесіна.

«Канечне, гэта азначае, што Беларусь і Расія пачынаюць больш сурʼёзна рыхтавацца да будучай вайны з „нашымі заходнімі партнёрамі“», — сказаў спадар Алесін пра ўхваленыя ўрадам Беларусі планы ўдасканалення абʼектаў вайсковай інфраструктуры, якія мае выкарыстоўваць абʼяднаная рэгіянальная групоўка войскаў Беларусі і Расіі.

Паводле Аляксандра Алесіна, гаворка ідзе пра размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі ў яе ангарах і складах расійскай вайсковай тэхнікі, якая належыць расійскім часткам абʼяднанай рэгіянальнай групоўкі.

«Папярэднія манеўры паказалі, што калі расійскія часткі з гэтай групоўкі разгортваюцца на тэрыторыі Расіі, гэта займае нават не дні, а тыдні. Бо шмат часу ідзе на пагрузку-разгрузку. Таму будзе абраны іншы варыянт: тэхніку і боепрыпасы будуць захоўваць тут, а жывую сілу пры патрэбе хутка даставяць па паветры або цягніком».

Аляксандр Алесін мяркуе, што ў беларускіх ангарах, якія павызваляліся пасля скарачэння запасаў савецкай зброі, могуць такім парадкам размясціць да 300–400 расійскіх танкаў, патрэбную колькасць БТР, БМП і боепрыпасаў да іх, а таксама іншай штатнай вайсковай тэхнікі. На думку эксперта, гэтыя сховішчы застануцца ў беларускай юрысдыкцыі, таму замежнымі вайсковымі базамі іх лічыць нельга.

«І плаціць за іх утрыманне давядзецца з нашага бюджэту. А вось пераезд тэхнікі, арэнду чыгуначных вагонаў ды іншыя транспартныя страты прыйдзецца, відаць, пакрываць Расіі», — кажа Аляксандар Алесін.

Эксперт спаслаўся на досвед амерыканскіх вайскоўцаў, якія гэтаксама захоўваюць вайсковую тэхніку ў краінах-сябрах НАТО ва Усходняй Еўропе.

«Тым часам асноўны людскі кантынгент размешчаны ў Злучаных Штатах. На выпадак абвастрэння сітуацыі прадугледжана, што будуць арандаваць цывільныя самалёты дзеля перакідання сілаў. Гэтая практыка цяпер пашыраецца», — кажа Аляксандр Алесін.

Наколькі гэта небяспечна для Беларусі?

Эксперт мяркуе, што паводле вайсковых планаў, распрацаваных генштабамі дзвюх краін, у выпадку вайсковага канфлікту з Захадам расійская частка сумеснай групоўкі павінна з’явіцца ў Беларусі тады, калі беларускае войска ўжо будзе змагацца з агрэсарам.

«Тады будзе дарагая кожная гадзіна. Думаю, гэтыя планы дазволяць расійцам хутчэй нарасціць тут сумесную групоўку», — лічыць Аляксандр Алесін.

Пры гэтым эксперт зазначыў, што падрыхтаваны план — «яшчэ адзін крок да магчымай вайны».

Выкарыстанне беларускіх сховішчаў расійцамі — ці не гандаль гэта суверэнітэтам?

«Шмат залежыць ад Беларусі, пакуль гэтыя планы не парушаюць нашага суверэнітэту. Калі ўзяць вайскоўцаў, дык яны, пэўна, будуць задаволеныя, бо павялічваецца іхні рэсурс. Частка прывезенай сюды тэхнікі, паводле абяцанняў, пойдзе на замену нашай ужо састарэлай вайсковай тэхнікі. Што да простых грамадзянаў? Бюджэтныя страты, пэўна, будуць не надта заўважныя, а вось страты ў бяспецы — яны навідавоку», — кажа эксперт.

Паводле Аляксандра Алесіна, жыхары Барысава, Бабруйска, Баранавічаў — гарадоў, дзе размешчаныя асноўныя вайсковыя кантынгенты і базы вайсковай тэхнікі, — ужо цяпер павінны адчуваць сябе ў большай небяспецы, чым жыхары тых паселішчаў, дзе вайскоўцаў побач няма. На думку эксперта, з размяшчэннем расійскай вайсковай тэхнікі на беларускіх сховішчах тыя мясцовасці непазбежна стануць абʼектамі імавернага нападу, а значыць, павялічыцца агульная небяспека.

«З іншага боку, і польскія гарады, дзе размешчаныя войскі ЗША, таксама ў той жа небяспецы. Справа палітыкаў — не дапусціць, каб узнікла сітуацыя, калі вайна стане рэальнасцю. Пакуль Беларусь меней мілітарызаваная тэрыторыя, чым было на час распаду СССР», — кажа Аляксандр Алесін.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: