Суаўтарка расследавання забойства Паўла Шарамета, журналістка праектуГромадского «Слідство.Інфо» Ганна Бабінец распавяла «Белсату» пра магчымы «беларускі след» у справе забойства журналіста – у апублікаваны ўчора фільм гэта інфармацыя не ўвайшла.

Рэдакцыя расследаванняў Громадского «Слідство.Інфо» сумесна з журналістамі OCCRP прадставіла фільм-расследаванне аб забойстве ПаўлаШарамета, дзе даказвае, што ў ноч перад забойствам за журналістам вялося вонкавае назіранне. Паводле журналістаў, у ноч перад забойствам каля домуШарамета быў заўважаны былы ці дзейны супрацоўнік СБУ Ігар Усціменка. Менавіта ўначы пад машыну журналіста падклалі выбуховае прыстасаванне.

Служба бяспекі Украіны ў сваю чаргу паведаміла, што заўважаны ў ноч перад забойствам Шарамета Ігар Усціменка быў звольнены з СБУ яшчэ ў красавіку 2014 года.

«Белсат» пагутарыў з адным з аўтараў расследавання – журналісткай Ганнай Бабінец.

Ганна Бабінец

– Якая галоўная выснова вашага расследавання?

– Галоўная выснова ў тым, што афіцыйнае следства працавала непрафесійна і не змагло знайсці важных звестак, якія неабходны для раскрыцця гэтага забойства.

– На карысць якой версіі забойства Шарамета сведчаць знойдзеныя вамі факты?

– Паліцыя лічыць, што галоўны матыў забойства – гэта прафесійнай дзейнасць Паўла Шарамета. Мы таксама так лічым. Але мы ня можам сказаць, што фільм дае сваю асобную версію падзеяў. Мы знайшлі людзей, якія магчыма маюць дачынення да забойства Шарамета, але не знайшлі выканаўцаў і заказчыкаў. Таму мы не можам сказаць, што ў нас ёсць паўнавартасная версія забойства.

– А якая версія асабіста вам падаецца найбольш праўдападобнай?

– Мы бачым, што на месце злачынства знаходзіўся чалавек, які тым ці іншым чынам звязаны з украінскімі спецслужбамі. Па нашай інфармацыі ён быў супрацоўнікам Службы бяспекі Украіны па стане на 2014 год. 2014 год – гэта складаны год для нашай краіны. У гэты год збег Віктар Януковіч, пачалася вайна з Расеяй і спецслужбы моцна змяніліся ў гэты час. Да гэтага нашыя спецслужбы былі цалкам прарасейскія. Пасля – частка стала праўкраінская, а частка працягнула атрымоўваць заробкі ад прарасейскіх сіл. Таму цяжка сказаць: гэты чалавек, Ігар Усціменка, які працаваў на СБУ, у якім статусе знаходзіцца цяпер? Ёсць практыка, калі нават у выпадку звальнення са спецслужбаў людзі застаюцца агентамі, яны могуць выконваць пэўныя заданні не зʼяўляючыся штатнымі супрацоўнікамі. Таму, калі весці размову пра версіі, то можна сказаць: ёсць некаторыя факты, якія сведчаць, што да забойстваШарамета маюць дачынення ўкраінскія спецслужбы. Працуюць яны на Украіну ці супраць – мы сказаць не можам. Але факт у тым, што ў гэтага чалавека ўбэкграўндзе ёсць праца на ўкраінскія спецслужбы. Калі ён сапраўды выконваў заданне, звязанае з забойствам Шараметам, мы не можам сказаць, хто мог яго наняць і выкарыстаць – Украіна, Расея ці Беларусь. Без допыту гэтага чалавека следствам адказаць на гэтае пытанне будзе цяжка.

– Як вы ацэньваеце афіцыйную рэакцыю на ваша расследаванне?

– Яшчэ ноччу, пасля публікацыі расследавання, была заява СБУ, што Ігар Усціменка звольніўся ў красавіку 2014 года і таму не мела сэнсу здымаць такі фільм. Трохі дзіўная рэакцыя: па-першае, не было паказана ніякіх дакументаў, якія б гэты пацвярджалі, па-другое, паблажлівая рэакцыя СБУ не сведчыць пра павагу да нашай працы. Рэакцыя МУС была іншая. Кіраўнік Нацыянальнай паліцыі склікаў следчую групу, якая працуе над гэтай справай – яны збіраюцца далучыць наш фільм да матэрыялаў справы і хочуць выклікаць на размову журналістаў. Я не ведаю наколькі гэта шчырая рэакцыя і ці сапраўды адбудзецца інтэнсіфікацыя расследавання.

– Пасля забойства Шарамета агучваліся ў тым ліку і версіі пра датычнасць да злачынства беларускіх спецслужбаў. Ці знайшлі вы падчас свайго расследаванне нешта, што хаця бы ўскосна сведчыла пра беларускі след?

– У апублікаванай версіі нічога пра гэта няма. Але паколькі мы працавалі 9,5 месяцаў, то вельмі шмат рэчаў не ўвайшлі ў фільм. Я атрымлівала інфармацыю пра тое, што гэта жанчына, якая закладвала выбухоўку, магла напярэдадні ці то прыехаць з Беларусі, ці то проста перасекчы беларускую мяжу. Такая інфармацыя ад маіх крыніц зʼяўлялася падчас расследавання, але яна была неправеранай, бо мы не ведаем яе прозвішча і не маем доступу да рэестру памежнікаў. Нараўне з гэтым была версія, што гэтая жанчына была з акупаваных тэрыторыяў, з ДНР-ЛНР.

То бок чалавек, які закладваў  выбухоўку ў машыну Шарамета, мог незадоўга да гэтага перасякаць мяжу з Беларуссю, але гэта неправераная інфармацыя.

– Калі чакаць працягу расследавання?

– Самае важнае з таго, што мы змаглі сабраць за гэтыя 9,5 месяцаў, мы апублікавалі. Ёсць некаторыя рэчы, пацверджання якіх мы не атрымалі – цяпер мы знаходзімся ў працэсе працы над гэтым. Акрамя таго, пасля публікацыі такіх расследаванняў звычайна знаходзяцца крыніцы, якія хочуць дапамагчы журналістам, ведаючы што журналісты ў гэтым зацікаўлены і шукаюць праўду. У любым выпадку мы будзем рабіць абнаўлення. Будуць гэта сюжэты ў нашай праграме ці нейкі паўнавартасны відэапрадукт – я пакуль сказаць не магу. Усё што мы знойдзем, мы будзем публікаваць. Павел Шарамет быў нашым сябрам, мы яго памятаем і  ў нас ёсць вялікае жаданне даведацца, хто і навошта яго забіў.

Ігар Ільяш, belsat.eu


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.