Ах, якое задавальненне – разглядаць твары на фотаздымках, зробленых карэспандэнтамі крамлёўскага пулу!

kremlin.ru

 

Паўзірайцеся толькі! Сумуе першы віцэ-прэм’ер і міністр фінансаў Сілуанаў, абыякавы міністр замежных спраў Лаўроў, пагардлівы віцэ-прэм’ер Козак. Пры канцы шэрагу – дробны (паводле фізічнай канстытуцыі сваёй), але бадзёранькі такі пасол Бабіч. І ў самым куце радасна усмешлівы Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін. Ён ужо прыняў рашэнне, і ўсё, што адбываецца – як неабходная размінка перад святочнай вячэрай на дваіх. Гэта значыць, на траіх. Пуцін, Лукашэнка і каляднае парася. Чаму парася? Пакіньце індычак, гусей і качак захаду! На постімперскай прасторы надыходзіць год свінні – значыць, год свінні!

І справа тут зусім не ў тым, кампенсуюць нам наступствы падатковага манеўру, закліканага выратаваць нафтаздабычу ў Расеі і адначасова папоўніць расейскі бюджэт. Бо тут усяго тры варыянты могуць быць: кампенсаваць цалкам, кампенсаваць часткова і торкнуць тварам у святочную талерку з салатай аліўе. Апошнія два варыянты – гэта і ёсць той ход, які хавае пуцінская ўсмешка. Паказалі б нам прэзідэнцкае парася, смажанае і наладаванае блінамі, і мы б пераканаліся, што і яно ўсміхаецца цалкам па-пуцінску, толькі што арыю ня выконвае для дарагога Аляксандра Рыгоравіча: маўляў, сёння я, а заўтра – ты! У тым сэнсе, што рана ці позна колам гэтага самага манеўру нас дагоняць і пераедуць. А да той пары – ну, радуйцеся, дзеткі, радуйцеся, гуляйце на прыродзе. Вашы хвосцікі кручком, вашы лычыкі пятачком, ваш бюджэт усё больш і больш залежыць ад добразычлівасці Крамля. Ці – не так? Так, дзеткі, так…

Што там было на абедзе, які плаўна перетварыўся ў вячэру, і чаму агучваў першыя вынікі сустрэчы Антон Сілуанаў, – ужо само па сабе гэта наштурхоўвае на пэўныя разважанні. Але і ён нічога радаснага не вымавіў, як у выпадку, каб яны займаліся не перамовамі, а выпрамленнем праславутага парсючынага хвосціка. Так: дамовіліся стварыць яшчэ адну працоўную групу…

Стоп! Гэта значыць, у новы 2019-ы год Беларусь увойдзе з бюджэтам, у якім прадугледжана кампенсацыя, пра якую не дамовіліся? Хлопцы, а чаму тады Пуцін усміхаўся – увесь добразычлівы, абсалютна ўвесь? Ён жа проста ззяў ад шчасця, быццам каляднае парася было з’едзенае загадзя, а не ляжала на талерцы ў чаканні Аляксандра Рыгоравіча, гутарка з якім, мяркуючы па ўсім, планавалася калі не як гарчыца, то ўжо, ва ўсякім разе, як хрэн да стала! А тут атрымліваецца, усмешкі ёсць, а рашэння ніякага насамрэч няма? Дамовіліся дамовіцца – гэта ж хіба рашэнне?

Так мы ўжо і казалі некаторы час таму, што яго не будзе гэтага рашэння, ніякага. Масква ажыццяўляе сцэнар новага трагіфарсу, згодна з якім парася можна з’есці адразу, а Беларусь можа і пачакаць. Тым больш што 2019-ы год – год перадвыбарчы, і кіраўнік сяброўскай (не будзем ужываць услед за Аляксандрам Рыгоравічам слова «братэрскай») дзяржавы нікуды не выйдзе з-за стала падчас балявання. Пуцін ведае гэта. Ён проста чакае, калі Лукашэнка сам ўпрыгожыць сябе ружачкамі з гафрыраванай паперы, зацісне зубамі сакаўны яблычак і пакладзецца на страве разам з усёй Беларуссю. І вось тады нажы пойдуць у ход. Разробяць, і нават косткі абсмокчуць.

А пакуль – няхай пагарэзнічае. Адно парася на стале ўжо ёсць, яго, мяркуючы па ўсім, на год хопіць. Можна нават згуляць чарговую партыю ў «паддаўкі» (памятаеце, была такая гульня: выйграе той, хто прайграе партнёру ў шашкі?). Мяркуючы па ўсім, для гэтага і яшчэ адна сустрэча прэзідэнтаў прыдумана – ужо не за калядным, а за навагоднім сталом, каб адзначыць цану на газ у перадвыбарчы год. Яна таго вартая. Пытанне ў іншым: як дорага яна абыдзецца Беларусі? Хутка даведаемся. Нядоўга чакаць.

Адзін мой польскі сябар, вядомы журналіст Вацлаў Радзівіновіч калісьці сказаў мне:

– За вашага Лукашэнку чэрці моляцца.

Мне здаецца, Пуцін таму і абраў для ўсяго гэтага іранічнага дзеяння калядны дзень, каб чэрці не маглі ўмяшацца. Хоць – хіба прэзідэнту Расеі чэрці страшныя? Яму нават Лукашэнка не страшны. Рогі ў таго не выраслі.

Аляксандр Фядута/АА, belsat.eu

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: