Да нядаўняга часу майстар з Купы Юрась Камандзірчык рабіў свае працы з дрэва. А цяпер мае досвед, як ствараць скульптуры з лёду.

Юрась Камандзірчык і Роберт Выскель на фоне сваёй скульптурнай кампазіцыі.

 

17 снежня наш зямляк вярнуўся з конкурсу “Крыштальны Томск-2017”. На працягу тыдня з ранку і да цямна Юрась Камандзірчык у камандзе з разьбяром з польскага Гданьска Робертам Выскелем выразалі з лёду скульптурную кампазіцыю, паведамляе Рэгіянальная газета.

Роберт запрасіў беларускага сябра і калегу ў Томск, каб паўдзельнічаць у конкурсе адной камандай. З Мінска да Масквы Юрась ляцеў на самалёце гадзіну. Пасля – з Масквы да Томска – яшчэ чатыры. Розніца томскага часу ад прывычнага беларускага – чатыры гадзіны. Аднак, па словах скульптара, ніякіх нязручнасцяў у сувязі з гэтым ён не адчуў.

Чаму “Зюзікі з Белавежы”?

Сваю каманду беларус і паляк назвалі “Зюзікі з Белавежы”. Чаму так? Па словах Юрася, Белавежская пушча – тое месца, якое яднае Беларусь і Польшчу. А “зюзікі” – вытворнае ад назвы “Зюзя”. Так нашы продкі называлі бога зімы.

У Расіі ж “зюзікі” – значыць, загульныя хлопцы. Таму ў рускамоўным перакладзе замест “Зюзікі з Белавежы” атрымалася “Покровители зимы”.

– Да гэтага я ніякіх спраў з лёдам не меў, – распавядае Юрась. – Не было асаблівага досведу і ў Роберта. Ён увогуле першы раз пабачыў сапраўдны мароз і снег.

Чытайце па тэме:  В Томске ОМОН разогнал очередь к миграционному центру

Перакваліфікавацца было не складана. Аказалася, з лёдам працаваць не цяжэй , чым з дрэвам. А ў нечым нават і прасцей. Па словах скульптара, часам доўга хочаш увасобіць ідэю з дрэва, а не можаш, бо не знаходзіцца месца, каб паставіць яе. З лёдам прасцей.

Ледзяныя пліты для будучай скульптуры.Ледзяныя пліты для будучай скульптуры.

Скульптура “Ярыла і сейбіт”, што паўстала з лёду ў Томску, “на паліцы” ў майстра ляжала каля дзесяці год. А тут атрымалася ўвасобіць яе. Тым больш, кампазіцыя вельмі пасавала да агульнай тэмы конкурсу – “Міфалогія славян”.

Як на сібірскім лёдзе з’явілася беларуская вышыванка

Ведаеце, як выглядае цяпер беларуска-польская ледзяная скульптура ў Томску. Над вялікай брамай ляціць, перамагаючы цемру і вітаючы ўсіх, славянскі Бог сонца – Ярыла.

Пад ім – салярныя знакі. Старажытныя сакральныя сімвалы Белабога, сонца, маладосці. Якраз тыя, якія Юрась Камандзірчык, нібыта візітоўку, пакідае ці не на ўсіх сваіх драўляных творах.

– Гэта знакі, якія вышывалі ў ранейшыя часы нашы бабулі і прабабулі на ручніках. Гэта тая тэма, без якой не абыходзяцца мае творы. Атрымаўся той жа ручнік, толькі ў іншым матэрыяле, – растлумачыў майстар.

Брама – гэта ўваход-партал у паралельны свет. Справа – ледзяная Камянецкая вежа – сімвал нескаронасці ліцвінаў-беларусаў. Бо яна ніколі не была захопленая ворагамі. Над вежай – буслы. З другога боку белавежскі зубр і сейбіт, які кідае ў зямлю збожжа – сімвал новага жыцця.

Чытайце па тэме:  Томские пенсионеры вышли на митинг против сокращения пенсий

“Створанае – значыць, вечнае”

Тое, што лёд – матэрыял не даўгавечны, не засмучае творцаў:

– Мы зрабілі сваю кампазіцыю, сфатаграфавалі яе. Ёсць фотаздымкі, якія разышліся па сеціве. Створанае – значыць, вечнае, – перакананы творца.

Матэрыял для ледзяных скульптур бралі з мясцовых рэк і азёр, якія да сярэдзіны снежня ўжо добра замерзлі. Пілой выпілоўвалі вялікія пліты таўшчынёй каля 30 сантыметраў і два метры ў вышыню і спецыяльнай тэхнікай кожную ледзяную пліту даставалі на бераг. Праз дзень-два палонка зноў замярзала.

У цэнтры Томска на Новасаборнай плошчы Ярыла “з кампаніяй” будзе стаяць дакладна да сакавіка. Бо да гэтага часу ў Томску моцныя маразы.

Пытаюся ў Юрася, як жа ён змагаўся з маразамі падчас працы.

– Маразы цэлы тыдзень былі пад 20 градусаў. Але ў Томску сухі клімат, таму такіх вялікіх лічбаў зусім не адчувалася. У нас, у Беларусі, пры “мінус пяці” куды больш адчуваеш холад. Да таго ж я падрыхтаваўся да сібірскай вандроўкі: набыў у майстра-шапавала з Паставаў валёнкі з галёшамі, у якіх працаваў, і адгадаваў бараду. Ды і за працай ўвесь час былі: цэлы тыдзень, ад раніцы да шасці-васьмі гадзін вечара.

На фоне брамы-партала з задавальненнем фатаграфаваліся.На фоне брамы-партала з задавальненнем фатаграфаваліся.
Марозу не адчуваў, бо ўвесь час працаваў.Марозу не адчуваў, бо ўвесь час працаваў.

Чытайце па тэме:  В Томске ОМОН разогнал очередь к миграционному центру

Вынікамі “Зюзікі з Белавежы” задаволеныя. Нарэшце атрымалася ўвасобіць сваю ідэю, што надзвычай важна для майстра. А яшчэ Юрась Камандзірчык падзяліўся, што Ярыла і Сейбіт праз нейкі час могуць з’явіцца і ў Беларусі. Толькі будуць яны драўлянымі.

Фота з архіву Юрася Камандзірчыка


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Leave a comment