11 лютага ў Мінску пройдзе імпрэза-развітанне з кнігарняй “Галіяфы”. Пра гэта паведаміў паэт Зміцер Вішнёў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

galiafy

Кнігарня “Галіяфы” праіснавала пяць месяцаў 2014 года – ад 14 сакавіка да забароны гандлю напрыканцы ліпеня.

“Да апошняга моманту мы не пакідалі надзеі выратаваць культурніцкую прастору. Спадзяваліся, што зможам па-ранейшаму праводзіць шматлікія прэзентацыі, выставы, перформансы, семінары, выставы, пасяджэнні літаб’яднання “Вобла” і г. д. На жаль, не атрымалася. Гандль у гэтым месцы нам не дазваляюць, а кошт арэнды расце. Беларуская кнігарня на Валгаградскай, 4а зачыняецца. Тым не менш, “Галіяфы” спадзяюцца на аднаўленне сваёй культурніцкай пляцоўкі ў іншым месцы. Запрашаем нашых чытачоў прыйсці і падтрымаць нас”, – піша З.Вішнёў.

У імпрэзе возьмуць удзел: Зміцер Вішнёў, Аляксей Харужка, Альгерд Бахарэвіч, Юля Цімафеева, Андрэй Хадановіч, Вольга Гапеева, Сяргей Сыс, Ілля Сін, Віктар Жыбуль, Аляксей Палачанскі, Адам Шостак.

У самы актыўны перыяд дзейнасці кнігарні “Галіяфы” тут адбывалася да 10 імпрэз на месяц.

У кнігарні ладзілася прэзентацыя кніг Альгерда Бахарэвіча, Адама Глобуса, Сяргея Абламейкі, Аляксандра Лукашука, Анатоля Кудласевіча, Анастасіі Касцюкевіч, Віктара Лупасіна, Кацярыны Глухоўскай, Анатоля Трафімчыка, Пётры Джужджа, Аляксея Палачанскага, Ягора Nebo, Віктара Сямашкі, Яна-Тры-Ён, Рыгора Барадуліна, Алеся Емяльянава, Алены Мікульчык, Аляксандра І. Бацкеля, Змітра Гуда, Віктара Жыбуля…

Кнігарня “Галіяфы” – не першая кнігарня, якая прапагандавала беларускую літаратуру і культуру, але сталася ахвярай дзяржаўнай ідэалогіі. 9 студзеня у Эканамічным судзе Мінска вынесена рашэнне па кнігарні «Логвінаў»: Ігара Логавінава вінавацілі ў продажы кніг без ліцэнзіі Мінінфармацыі.

Прынята рашэнне аштрафаваць кнігарню на 30 базавых велічыняў (5 млн 400 тыс. рублёў), а таксама канфіскаваць выручку з абароту на суму 961 млн 251 тыс. 353 рублі. Логвінаў сцвярджае, што гэта не выручка, а абарот крамы.

Беларуская культурная прастора няўмольна звужаецца…

Беларуская праўда

 

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...