Расейскае агенцтва Regnum выдала інтэрв’ю з нобелеўскай лаўрэаткай Святланай Алексіевіч, якое яна забараніла друкаваць. Па словах пісьменніцы, інтэрв’юер паводзіў сябе не як журналіст, а як прапагандыст.

Да таго ж яна сцвярджае, што давала згоду на гутарку з прадстаўніком выдання «Деловой Петербург» і цяпер мае высветліць, якім чынам тэкст апынуўся на чарнасоценным рэсурсе.

Радыё Свабода звязалася са Святланай Алексіевіч, каб высветліць акалічнасці сітуацыі.

-Як толькі гэты журналіст задаў мне тры-чатыры першыя пытанні, я сказала, што адмаўляюся на іх адказваць і забараняю друкаваць, — тлумачыць суразмоўніца. — І свайго літаратурнага агента, які прапанаваў інтэрв’ю і арганізаваў сустрэчу, папярэдзіла, каб затэлефанавалі і папярэдзілі кіраўніцтва. Рэч у тым, што я пабачыла ягоную ад пачатку агрэсіўную скіраванасць. Калі адразу яшчэ здавалася, што можна пра штосьці спрачацца, то пасля пытання — чаму вы абараняеце ўкраінскіх бандытаў — усё стала зразумела. А паколькі такіх людзей ні ў чым не пераканаеш, то я ад кантактавання адмовілася.

Якіх захадаў з боку нобелеўскай лаўрэаткі варта чакаць у гэтай сітуацыі? Ці рэальна, што справа можа дайсці да суду?

«Натуральна, я буду звязвацца з арганізатарамі гутаркі, буду раіцца са сваім літаратурным агентам Саладоўнікавым. На жаль, не веру, што ў гэтай сітуацыі нешта можна зрабіць… Засмучае толькі тое, што гэта абсалютна малады чалавек — чаму я і спадзявалася, што пасля першых рэплікаў яшчэ можна будзе выруліць на сапраўды плённую дыскусію. Але той выпадак, калі ні ў чым пераканаць немагчыма. Вось была кроў у Данбасе, нашых б’юць і г.д. Я і адказваю: а як вы хацелі? Каб прыехалі туды на танках і вас любілі? Як аб сцяну гарох, бессэнсоўна. Нават каментаваць асабліва не выпадае, усё зразумела».

Святлана Алексіевіч запэўнівае, што першапачаткова яе агенты дамаўляліся на інтэрв’ю з карэспандэнтам газеты «Деловой Петербург», а як гутарка трапіла ў Regnum — не ведае:

«У мяне былі выступленні ў Маскве і ў Санкт-Пецярбургу. Усюды былі журналісты, з некаторымі было дамоўлена пра разгорнутыя гутаркі. Чалавек, які ўсё гэта арганізоўваў, потым сам быў ашаломлены, як так атрымалася, што з’явіўся няўзгоднены матэрыял. Відаць, што „Деловой Петербург“ сапраўды адмовіўся друкаваць тэкст, раз я забараніла і потым яшчэ гэта пацвердзіў мой прадстаўнік. Тады гэты журналіст надрукаваўся ў іншым месцы. Ніякаму агенцтву я інтэрв’ю не давала. Выглядае, што там даведаліся і вырашылі скарыстацца сітуацыяй».

Чытайце па тэме:  Пора начать наступление на путинскую машину пропаганды

Паводле Святланы Алексіевіч, цяпер у Расеі існуюць два паралельныя светы: частка без аглядкі верыць прапагандзе і гатовая слепа ісці за правадыром Пуціным, іншыя — у ціхай апазіцыі:

«Грамадства цалкам разбітае, бо гэты хлопец таксама прадстаўляе пэўны зрэз. Больш за тое, я сустракала сваіх добрых знаёмых пісьменнікаў, якія гэтаксама безапеляцыйна запытвалі: навошта абараняеш украінскіх бандытаў? І калі пачынаеш з імі размаўляць, адчуваеш агрэсію. Я сваіх поглядаў не хаваю, бо і на „Дажджы“, і ўсюды гэта было кароннае пытанне: як ставіцеся да сітуацыі вакол Крыма, вакол Данбаса? Чаму і атрымалася гісторыя з выказванем пра каталікоў і праваслаўных… Калі прагаворваеш некія рэчы, не заўсёды дакладна фармулюеш. Трэба ў лупу разглядаць кожнае слова. Я ж не мела на ўвазе, што ў нас каталікі будуць ваяваць з праваслаўнымі, а толькі тое, што развязаць вайну можна ўсюды. Бо гісторыя ва ўсіх няпростая, шматгранная. Толькі гэта. Ва Украіне менавіта такім чынам развязаная вайна, яна ідзе ў розумах людзей».

Чым спадарыня Алексіевіч пакуль усцешаная, дык гэта маральнаю прорваю паміж незашоранай часткай расейскага грамадства і афіцыйнай прапагандай. Паводле яе, у Маскве і Піцеры збіраліся поўныя залі людзей, якім абрыдла тэлевізійнае замбаванне:

«Наведванне Расеі гэтым разам пакінула цяжкае ўражанне. Зала „Гогаль-цэнтра“ была поўная, 700 чалавек прыйшлі выказаць падтрымку мне і Кірылу Сярэбранікаву. Была цудоўная публіка, адэкватна на ўсё рэагавала. А другі выступ у рамках „Адкрытай бібліятэкі“ меў адбыцца ў піцерскім Александрыйскім тэатры. І там адмовілі — не толькі мне. Спачатку была запланаваная мая лекцыя, праз тры гадзіны меліся выступаць Леў Додзін і Аляксандр Сакураў, пасля — Валерый Панюшкін і Андрэй Смірноў. Ад усіх адмовіліся. Тады Сакураў затэлефанаваў Міхаілу Піятроўскаму — рэдкі прыстойны чалавек, які яшчэ там застаўся, — і ён даў залу Эрмітажа. І мы выступілі ўсе разам. Быў аншлаг, маса людзей не здолелі патрапіць. Рэч не толькі ўва мне, гэта сведчыць пра агульную атмасферу: не так проста такім людзям атрымаць трыбуну. А яшчэ ўнутраны адчай піцерцаў».

Чытайце па тэме:  Крах «візажыстаў»

Цытаты Святланы Алексіевіч, змешчаныя ў забароненым ёю інтэрв’ю на Regnum:

Пра рэвалюцыйную сітуацыю ва Украіне

«Гэта быў не дзяржаўны пераварот, проста добра працуе расейскае тэлебачанне. Сённяшняя ўлада ўкладвае ў свядомасць тое, што ёй трэба. Змена ўлады была жаданнем людзей. Я была ва Украіне, хадзіла ў музей „Нябеснай сотні“, і простыя людзі мне расказвалі пра тое, што там было. У іх два ворагі — Пуцін і ўласная алігархія, культура хабарніцтва. Парашэнка і іншыя — не фашысты. Вы разумееце, яны хочуць аддзяліцца ад Расеі, ісці ў Еўропу. Гэта ёсць і ў Прыбалтыцы. Супраціў прымае жорсткія формы. Потым, калі яны сапраўды стануць незалежнай і моцнай дзяржавай, гэтага не будзе. А цяпер яны валяць камуністычныя помнікі, якія і нам варта было б паваліць, выганяюць тэлевізійныя праграмы».

Пра рэпетыцыю сілавога сцэнару ў Чачні

«Вы тое ж самае рабілі ў Чачні, каб захаваць дзяржаву. А калі ўкраінцы сталі бараніць сваю дзяржаву, вы раптам успомнілі аб правах чалавека, якія на вайне не выконваюцца. Вы, рускія, у Чачні паводзілі сябе яшчэ горш. Я не палітык. Але калі ставіцца пад пытанне цэласнасць дзяржавы, гэта праблема палітыкі. Калі туды ўводзяць чужыя войскі і пачынаюць на чужой тэрыторыі наводзіць парадкі… Якім правам Расея ўвайшла ў Данбас? Я таксама гляджу тэлевізар і чытаю тых, хто пра гэта піша. Калі Расея туды ўвайшла, што, вы хацелі, каб вас там сустрэлі з букетамі кветак? Каб улада вам там узрадавалася? Калі вы ўвайшлі ў Чачню, дзе Дудаеў хацеў зрабіць свае парадкі, сваю краіну, што зрабіла Расея? Усё там «выпрасавала».

Чытайце па тэме:  ВГТРК и Первому каналу дополнительно выделят из бюджета 7 миллиардов рублей

Пра сілу расейскай прапаганды

«А хіба там былі не расейскія танкі, не расейская зброя, не расейцы- кантрактнікі? Глупства ўсё гэта. Калі б не было вашай зброі, там бы не было вайны. Так што не дурыце мне галаву гэтым глупствам, якой забітая ваша галава. Вы так хутка паддаяцеся ўсякай прапагандзе. Так, там боль, там страх. Але гэта на вашым сумленні, на сумленні Пуціна. Вы ўварваліся ў чужую краіну — на якой падставе? У інтэрнэце мільён здымкаў, як уваходзіць туды расейская тэхніка. Усе ведаюць, хто збіў „Боінг“, і ўсё іншае. Давайце ўжо заканчваць ваша ідыёцкае інтэрв’ю. У мяне ўжо няма сілаў на яго. Вы проста набор прапаганды, а не разумны чалавек. Паслухаць гэты ідыятызм Салаўёва і Кісялёва. Я не ведаю, як гэта магчыма. Яны ж самі ведаюць, што кажуць няпраўду».

Пра прымусовую русіфікацыю Беларусі

«Пачынаючы з 1922 года ў Беларусі стала знішчацца інтэлігенцыя. Адкуль усё бярэцца? Адкуль русіфікацыя ўзялася? Ніхто не гаварыў у Беларусі на рускай мове. Казалі ці на польскай, ці на беларускай. Калі Расея ўвайшла і прысвоіла сабе гэтыя землі, Заходняя Беларусь, першае правіла было — расейская мова. І ніводзін універсітэт, ніводная школа, ніводзін інстытут у нас не размаўляе па-беларуску. Гэта было старанне русіфікаваць, зрабіць Беларусь часткай Расеі. І сапраўды гэтаксама зрабіць Украіну часткай Расеі. Ну вось вы нічога не ведаеце, акрамя свайго маленькага кавалачка часу, які вы заспелі і ў якім вы жывяце. Палова Беларусі ніколі не былі Расея, яна была Польшча. Другая частка была, але ніколі не хацела там быць, вы сілком трымалі. Я не хачу пра гэта казаць, гэта такі набор мілітарысцкіх банальнасцяў, што я не хачу гэта слухаць».


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.

1 каментар

па даце
by Best by Newest by Oldest
1

Полный идиотизм. Дала интервью и запретила публиковать. Зачем давала?