Новаабраны рэктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) Дэвід Полік дагэтуль не падпісаў працоўны кантракт з альма-матар.

Дэвід Полік. Фота ЕГУ

Дэвід Полік. Фота ЕГУ

Дэвід Полік быў прызначаны рэктарам Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта 10 красавіка, больш за тры месяцы назад. Перад тым ён займаў пасаду першага прарэктара ЕГУ, а з кастрычніка 2014 года выконваў абавязкі рэктара ўніверсітэта.

Пасля прызначэння рэктарам Полік за тры месяцы так і не падпісаў працоўнага кантракта. Не падпісаўшы новага кантракта, Полік працягвае атрымліваць заробак выканаўцы абавязкаў згодна са старым кантрактам. Розніца складае каля 10 тысячаў еўра на месяц. Гэта ў шмат разоў больш за заробак рэктара найбольшага ў Літве Віленскага ўніверсітэта. Кантракт жа рэктара прадугледжвае утрая меншы месячны заробак.

Казытлівы момант заключаецца ў тым, што ў ЕГУ Полік першапачаткова быў запрошаны ў якасці кансультанта. У яго абавязкі, у тым ліку, уваходзіць аздараўленне фінансавай сітуацыі ва ўніверсітэце, які скардзіцца на хранічны дэфіцыт сродкаў.

Наколькі нам вядома, Паўночная Рада, якая кіруе даверным фондам ЕГУ, ставіла перад Кіраўнічай Радай ЕГУ задачу вырашыць праблему з падпісаннем Полікам новага кантракта, аднак пакуль гэтага не адбылося.

Кіраўнік (Chief of Staff) офіса генеральнага сакратара Паўночнай Рады ў Вільні Кенэт Броман пацвердзіў «Нашай Ніве», што сітуацыя з непадпісаннем кантракта Дэвідам Полікам мае месца ў ЕГУ.

«Паўночная Рада не адказвае за кантракты супрацоўнікаў ЕГУ, гэта задача Кіраўнічай рады. Аднак Паўночную Раду як адказную за траставы фонд ЕГУ арганізацыю надзвычай непакоіць сітуацыя, якая склалася ў дадзены момант у ЕГУ. Нядаўна я размаўляў са старшынёю Кіраўнічай рады ЕГУ Даніэлем Таршысам і мы пагадзіліся, што праблема будзе вырашана цягам бліжэйшых дзён», — паведаміў «Нашай Ніве» Броман.

Прафесар Дэвід Полік атрымаў ступень доктара філасофіі ва Універсітэце Атавы (Канада) у галіне фенаменалогіі герменеўтыкі, эстэтыкі і гісторыі мастацтваў.

Да свайго пераезду ў Вільню Полік быў прэзідэнтам амерыканскіх вышэйшых навучальных устаноў.

У ЕГУ Полік першапачаткова быў запрошаны ў якасці кансультанта. У яго задачы як рэктара ўваходзіць, у тым ліку, аздараўленне фінансавай сітуацыі ва ўніверсітэце. Ён не гаворыць ні па-беларуску, ні па-расейску.

Яго абранне суправаджалася крытыкай непразрыстасці працэсу. Старшыня асацыяцыя выпускнікоў ЕГУ Сяргей Харытонаў апублікаваў звесткі, што на папярэднім месцы працы Полік прывёў амерыканскі каледж да фінансавага правалу, прытым забяспечыўшы неапраўдана вялікія выплаты сабе. Лідары думак з Беларусі прасілі адмяніць выбары і прызначыць новыя, з яснай канкурэнцыяй. Аднак Полік стаў рэктарам ЕГУ, нягледзячы на крытыку.

Паводле нашай інфармацыі, Полік атрымлівае як в.а. прыкладна 220 тысяч еўра за год плюс 60 тысяч як кампенсацыю на пералёты і жытло. Ягоны заробак як рэктара мае быць прыкладна на 10 тысяч еўра ў месяц меншы.

Атрымаць каментар ад ЕГУ па пытанні падпісання сп.Полікам кантракта нам не ўдалося.

Наша ніва

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...