Вядомы беларускі рэжысэр Юры Хашчавацкі, які нядаўна зняў новы дакумэнтальны фільм «Гэты вар’яцкі, вар’яцкі, варяцкі „русский мир“» адказвае на пытанне, чым «русский мир» адрозніваецца ад цывілізаванага свету, тлумачыць, дзе ён яшчэ ў 1991 годзе пагадзіўся з Зянонам Пазняком, і разважае над тым, наколькі глыбока «русский мир» укараніўся ў Беларусі.

«Канцэпцыя „русского мира“ грунтуецца на ўласнасці на людзей»

— На тэлеканале «Белсат» 16 сакавіка адбылася прэм’ера дакумэнтальнага фільму «Гэты вар’яцкі, вар’яцкі, вар’яцкі „русский мир“» (у арыгінале — «Этот безумный, безумный, безумный „русский мир“»). Вы, Юры, вядомы беларускаму гледачу найперш як аўтар легендарнай дакумэнтальнай стужкі «Звычайны прэзыдэнт» пра Аляксандра Лукашэнку. Іншы ваш фільм, «Лабатамія», — пра канфлікт Расеі і Грузіі. І вось цяпер прадметам вашага творчага інтарэсу стаў «русский мир». Чаму?

— Рэч у тым, што калі спрабуеш знайсці карані праблемаў, якія нас хвалююць — даводзіцца ісці ў розныя канцы і назіраць за многім. І так ці іначай шлях такога расследавання прыводзіць да таго, што мы знаходзімся ў сфэры вельмі сур’ёзнага імпэрскага ўплыву з боку Расеі. У чым палягае гэты ўплыў, як гэтыя інструмэнты і мэтады расейскай палітыкі скажаюць сытуацыю і атмасфэру ў суседніх краінах, дзе моцны расейскі ўплыў, — гэта мне падаецца вельмі цікавым.

Бо з гэтым мы і змагаемся апошнія чвэрць стагоддзя. Так ці іначай, корань нашых праблемаў у многім трэба шукаць там.

— І да якіх высноваў вы прыйшлі? Чым усё ж вылучаецца «русский мир»? Вядома, гэта вялізная і філязофская тэма для кароткага інтэрвію — але ўсё ж чым «русский мир» адрозніваецца ад астатняга свету, ад цывілізаваных краінаў?

— У фільме я прыводжу глыбачэзную філязофскую думку майго геніяльнага суразмоўцы Юрыя Афанасьева, на жаль, ужо нябожчыка. Незадоўга да ягонай смерці мне пашанцавала ўзяць у яго інтэрвію для гэтага фільму, і ён сфармуляваў вельмі дакладна адрозненне заходняй цывілізацыі ад расейскай на тэрыторыі Расейскай імпэрыі.

Канцэпцыя заходняга свету грунтуецца на ўласнасці на зямлю. Канцэпцыя «русского мира» грунтуецца на ўласнасці на людзей. І калі вы паспрабуеце ўявіць сабе нават нашу ўладу, беларускую, то вы зразумееце, што гэта працяг гэтай канцэпцыі. Кожны чалавек — гэта букашка, кожны начальнік — твой уласнік, ён робіць з табой што хоча. Нават самы просты амапавец лічыць цябе сваім рабом і лічыць, што можа рабіць з табой што хоча. І гэта да самага верху менавіта так. У гэтым стане — «я начальнік, ты дурань», «я гаспадар, ты мой раб» — так мы і жывём, так пабудаваная сыстэма ўлады.

І нягледзячы на тое, што пабудаваныя гэтыя «пацёмкінскія вёскі» ў выглядзе дэмакратычных інстытутаў, нібыта парлямэнт, нібыта суд, нібыта грамадзянская супольнасць, нібыта выбары — усё гэта проста ілюзіі, альбо, як цяпер ужываюць новае моднае слова, «сымулякры». А на самой справе гэта звычайнае рабства, якое цягнецца ўжо некалькі стагоддзяў. У выглядзе прыгоннага права — проста яно набыло новую форму, якая цяпер называецца «кантрактная сыстэма», якая практычна прыводзіць да новага тыпу прыгону.

Людзі перасталі змагацца за сваю годнасць, а пачалі змагацца за тое, каб таксама стаць нечымі гаспадарамі

— У фільме вы разважаеце, што чалавек у Расеі разглядаецца як паліва — паліва для дзяржавы. Але чаму людзі гатовыя быць у гэтай ролі? Чаму яны не пратэстуюць супраць гэтага, чаму большасць не спрабуе з гэтай ролі вырвацца?

— Гэтыя стогадовыя звычкі да рабства і халопства так ці іначай сказілі мэнтальнасць людзей. Людзі перасталі змагацца за сваю годнасць, а пачалі змагацца за тое, каб таксама стаць нечымі гаспадарамі. Таму гэтае халопства, якое з’яўляецца адваротным бокам агрэсіўнасці, проста ўелася каранямі ў чалавека.

Зь іншага боку, годнасць і павага да правоў чалавека пачынаецца з павагі да правоў уласнасці. Цікава, як развіваліся правы асобы ў Эўропе. Спачатку ішла размова пра правы ўласнасці. Правы асобы пайшлі ўслед за гэтым. Бо асоба пачынала ўспрымацца ня проста як біялягічны арганізм, а як асоба, якая мае свой дом, сям’ю, уласнасць.

Што тычыцца нашай сытуацыі, то ў нас ніколі гэтае права ўласнасці не было святым. Але ж менавіта на ім грунтуецца рымскае права, аснова ўсёй прававой сыстэмы заходняй цывілізацыі. Мы кажам — у нас закон не працуе, таму патрэбная моцная рука. Чаму? Бо парушана галоўнае, няма клясы ўласнікаў, якія могуць прымусіць уладу жыць паводле закону. Грамадзтва пачынае падтрымліваць моцную руку, бо няма іншага спосабу навязаць хоць якую волю, хоць якія законы. І ў выніку грамадзтва масава падтрымлівае тую ўладу, якая робіць яе халопамі — гэта замкнёнае кола.

— Вы ў фільме цытуеце Пазняка: «Дэмакратыя ў Расеі — гэта цёмны тунэль, у канцы якога — Ельцын на танку». Вы прызнаяцеся, што спачатку ўспрынялі гэта як русафобскае выказванне — але цяпер больш схільныя з Пазняком пагадзіцца.

— Ня проста «цяпер». Я адразу зразумеў, што ён мае рацыю, яшчэ ў 1991-м, калі пабачыў Ельцына на танку. Яшчэ былі танкі і ў Прыднястроўі, і ў Маскве ў 1993-м, і ў Вільні, былі падзеі ў Тбілісі — сама гісторыя, само разьвіццё падзей даказала, што Зянон меў абсалютна рацыю. І так яно працягваецца і дасюль.

— Ваш фільм сымбалічна заканчваецца пэўным фінальным акордам «русского мира», да чаго ён прыйшоў цяпер — падзеямі ў Данбасе, перамовамі данбаскіх сэпаратыстаў, якія абмяркоўваюць збіты самалёт.

— Так, яны робяць радасную фатаграфію на фоне гэтага збітага самалёта. Паглядзіце на іхнія задаволеныя твары. То бок гэта людзі, якія пазбаўленыя любога паняцця пра маральнасць, гуманізм. Ім падабаецца забіваць, знішчаць, усіх ставіць на калені. Паглядзіце фільм да канца, і вы зразумееце, з чым мы маем справу. Мы маем справу з выраджэннем чалавецтва.

Яны не змагаюцца за незалежнасць нашай дзяржавы, яны змагаюцца за сваю ўласную незалежнасць, за сваё права кіраваць бясконца

— Напэўна, самае цяжкае пытанне, якое я хачу вам задаць у канцы нашай размовы, такое — колькі «русского мира» ў Беларусі? Ці ёсць гістарычны шанец у беларусаў адасобіцца ад яго, пазбавіцца ад мэтастазаў «русского мира»?

— Беларускія правіцелі, чыноўнікі — гэта цалкам паслядоўнікі «русского мира». Нягледзячы на тое, што яны спрабуюць стварыць уражанне, нібыта змагаюцца за незалежнасць. Але яны не змагаюцца за незалежнасць нашай дзяржавы, яна змагаюцца за сваю ўласную незалежнасць, за сваё права кіраваць бясконца, пажыццёва, магчыма нават — за права перадаваць уладу ў спадчыну. За свае грошы, за права ўціскаць усіх вакол і ўсіх рабіць халопамі. Гэта і ёсць працяг «русского мира». Таму «русский мир» у Беларусі — гэта найперш наша ўлада, пачынаючы ад прэзыдэнта і заканчваючы апошнім чыноўнікам.

Што тычыцца звычайных людзей, то тут, мне падаецца, сытуацыя лепшая. Бо беларусы паступова пабачылі і пераканаліся ў агрэсіўнасці і хамстве — асабліва там, дзе бываюць «госці з Расеі». Хамства на дарогах, у крамах, у зносінах — яны з гэтым сутыкаюцца. І мне падаецца, што паступова беларусы разумеюць гэта. Асабліва наша моладзь, тая частка, якая адукаваная, якая разумее, што «русский мир» пазбаўляе іх магчымасці праявіць сябе, дасягнуць нейкіх вяршынь у прафэсіі і жыцці.

У гэтым сэнсе развіццё нашага грамадзтва, беларускага, нават беларускамоўнага — ёсць абаронай ад гэтай навалы, якая ідзе з Усходу.

Віталь Цыганкоў, Радыё Свабода
Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: