У міжваеннай савецкай Беларусі выдавалася шмат газет. Амаль у кожным раёне было сваё невялічкае перыядычнае выданне.

А памежныя з Польшчай тэрыторыі былі на асаблівым палажэнні. Там на савецкія газеты ўскладалася дадатковая роля ідэалагічнай зброі ў барацьбе супраць капіталістычнай прапаганды і распаўсюдзе інфармацыі пра поспехі і перамогі сацыялістычнага будаўніцтва. Асаблівае месца ў гэтым кантэксце займаюць газеты “На ахове граніцы”, “Камунар Заслаўшчыны” і “Калгаснік Заслаўшчыны”.

Пра поспехі калектывізацыі і барацьбу з ворагамі

Усе тры газеты выдаваліся Заслаўскім раённым камітэтам кампартыі Беларусі і шмат ў чым паўтаралі адна адну. Аднак былі і свае асаблівасці.

Так, у пачатку 1930-х гадоў на старонках “Камунара Заслаўшчыны” актыўна абмяркоўваўся працэс эканамічнай мадэрнізацыі краіны Саветаў. “Удзесяцярым тэмпы бальшавіцкай настойлівасцю і энтузіазмам за выкананне і перавыкананне планаў 1932-га году — чацвёртага заключнага году пяцігодкі. […] Агульную пасяўную плошчу яравых культур давесці да 102 млн га супраць 97,4 млн га вясновай сяўбы 1931 г. План азімых культур ў 1932 годзе давесці да 42 млн. га супраць 39,2 млн. га, што былі пасеяны ў 1931 годзе. […] У 1932 годзе дабіцца павышэння ўраджайнасці з 1 га зернавых да 8,5 цэнтнераў”, — адзначалася ў перадавіцы выдання за студзень 1932 года. У сваю чаргу камсамольцы Заслаўшчыны рапартавалі пра жаданне ўдзельнічаць у мабілізацыі народных мас на сяўбу. Перыядычныя выданні стракацелі паведамленнямі пра сходы камсамольскіх і камуністычных арганізацый рэгіёна.

“Канчаткова ачысціць калгасы ад кулацка-варожых элементаў, мабілізуючы бядняцка-серадняцкую частку калгасу на паспяховае выкананне пастаўленых задач партыі”, — падкрэслівалася ў адным з нумароў “Камунара Заслаўшчыны”.

Мяса- і лесанарыхтоўкі, сяўба і касьба, а яшчэ сацспаборніцтвы былі галоўнымі тэмамі перадавіц заслаўскіх (і не толькі) перыядычных выданяў пачатку 1930-х гадоў.

“Жыць стала лепей, жыць стала весялей,” — фраза, якую Сталін прамовіў у лістападзе 1935 года на з’ездзе стаханаўцаў, стала лозунгам жыцця савецкіх грамадзян. А ўсе, хто з гэтым быў не згодны, запісваліся ў шэраг шкоднікаў, ворагаў і іншых “агентаў імперыялізма”.

“Навадворскі сельсавет стаіць на першым месцы, але маюцца калгасы, якія ганебна адстаюць ў выкананні планаў 3-й бальшавіцкай сяўбы. Калгас “Чырвоны будаўнік” замест разгортвання сацспаборніцтва і ўдарніцтва ў пасяўной ганебна адстае на 25 мая на 11 працэнтовае выкананне сяўбы. Праўленне калгасу на гэта глядзіць вельмі з халадком: “яшчэ справімся, вясна вялікая”. Такое разважанне служыць можа толькі кулаку, а не на паспяховае выкананне 3-й бальшавіцкай. Партыйнай і камсамольскай ячэйкам, а таксама сельсавету неабходна звярнуць самую сур’ёзную ўвагу на калгас “Чырвоны будаўнік”, — пісалі ў адным з заслаўскіх выданняў на пачатку 1930-х гадоў.

Часта ў газетах друкавалася так званая “Чорная дошка” — спіс гаспадарак, якія “падрываюць” сацыялістычную эканоміку. “За ганебнае адставанне, за слабую рэалізацыю ў практычнай рабоце шасці ўмоў таварыша Сталіна пакідаем на чорнай дошцы: 1. Шапялеўскі сельсавет — 55 працэнтаў выканання плану (старшыня Крыванос); 2. Гатовінскі сельсавет — 61 працэнт выканання плану (старшыня Крыванос); 3. Гуцянскі сельсавет — 64 працэнта выканання плану (старшыня Руткоўскі). Гэтыя сельсаветы павінны мабілізаваць усю грамадскасць, каб зняцца з чорнай дошкі”, — пісалі аўтары “Камунара Заслаўшчыны”.

“Калгаснік Заслаўшчыны”

 

А вось як праблемы на месцах апісваліся ў газеце “Калгаснік Заслаўшчыны”: “Дарожнае будаўніцтва па Навадворскаму сельсавету пад пагрозай зрыву. План выкананы ўсяго на 3-4 працэнта. Невыкананне гэтага плану інакш як недаацэнкай дарожнага будаўніцтва не назавеш. Некаторыя калгасы не лічаць дарожнае будаўніцтва важнай справай. Так, калгас “Новае жыццё”, павінен быў адпрацаваць на дарожным будаўніцтве 192 працадні, а адпрацаваў ўсяго 10 працадзён. Самае горшае становішча з калгасам “Чырвоны Захад”. Ён цалкам зрывае дарожнае будаўніцтва: павінен быў вырабіць 174 працадні, а паслаў за ўвесь час штурму 5  падвод. Трэба сказаць, што і дарожны стараста гэтага сельсавету таварыш Берман дрэнна адносіцца да сваёй справы. Калі аднаго разу камсамольцы і актыў калгаснікаў хацелі зрабіць васкрэснік на дарбудаўніцтва, дык таварыш Берман не прыйшоў своечасова, у гадзін 7-8, а прыйшоў у дзесяць гадзін, калі ўсе раз’ехаліся. Партыйная і камсамольская ячэйка, калгасы, сельсаветы павінны забяспечваць выкананне планаў будаўніцтва”.

На жаль, невядома, чым скончылася справа таварыша Бермана і іншых жыхароў Заслаўшчыны, якіх “разбіралі” на старонках мясцовай прэсы. Аднак такія “кейсы” маглі скончыцца абвінавачаннем у “службовым злачынстве”. Паводле Артыкула 196 Крымінальнага кодэкса БССР ад 1928 года (са змяненнями ад студзеня 1940 года) нядбайнае ці недобрасумленнае стаўленне службовай асобы да сваіх абавязкаў, цяганіна, пратэкцыянізм, а таксама не выкананне службовай асобай дзеяння, якое яно па сваіх службовых абавязках павінна было выканаць, цягнулі да пазбаўлення волі на тры гады, ці накіраваннем на папраўча-працоўныя працы на год. Але органы НКУС маглі вельмі лёгка перакваліфікаваць абвінавачанне на Артыкул № 69, які гучаў, як “Падрыў дзяржаўнай прамысловасці, транспарта, гандлю, грашовага абарачэння ці крэдытнай сістэмы, здзейсненных у кантрэвалюцыйных мэтах шляхам адпаведнага выкарыстання дзяржаўнай установы ці супрацьдзеяння іх нармальнай дзейнасці”. Абвінавачаныя ў гэтым злачынстве звычайна прысуджаліся да “вышэйшай меры сацыяльнай абароны” — растрэла. Такой была рэчаіснасць у міжваеннай БССР.

Міжнародны парадак дня

Іншая група публікацый у міжваенных газетах Заслаўшчыны тычылася “аналіза” падзей міжнароднай палітыкі. Асабліва шмат увагі надавалася падзеям у суседняй дзяржаве — Польшчы, якую аўтары беларускіх савецкіх газет называлі не інакш, як “фашысцкай”. Выданні пільна сачылі за ўсімі фактамі рэпрэсій польскіх улад супраць насельніцтва Заходніх Беларусі і Украіны.

Асаблівую ўвагу надавалі арыштам дзеячаў КПЗБ і КПЗУ, а таксама камсамола. У адным з нумароў “Камунара Заслаўшчыны” ў пачатку 1930-х гадоў чытаем:

“Вільня. Віленскі акруговы суд разглядаў справу пяцёх абвінавачаных нібы ў “шпіянажы” на карысць СССР. Гэта папулярнае цяпер у польскіх судах абвінавачанне, на падставе якога выносяцца смяротныя і катаржныя прысуды рабочым і сялянам. Прыгавораны: Ядвіга Казлоўская на 10 год катаргі, Ян Мордасі і Галена Дыдзінская — на 8 год, Ян Дыдзінскі — на 3 гады і Амельян Герасімёнак — на два гады”.

У іншым нумары газета “Камунар Заслаўшчыны” інфармавала пра тое, што “польскі фашызм рыхтуе ліквідацыю Таварыства беларускай школы”.

Паводле інфармацыі выдання, у складзе ТБШ на той момант было 10 тысяч членаў. Савецкія газеты імкнуліся паказаць гэтую арганізацыю чыста камуністычнай і супрацьпаставіць яе “беларускім нацыянал-фашыстам”, якія дзейнічалі заадно з “польскімі акупантамі”.

“Гэтымі днямі віленская дыфензіва разграміла гурток ТБШ у Вільні, які складаўся амаль выключна з рабочых заводаў і фабрык. Кіраўніцтва гуртка і звыш 10 членаў арыштаваны”, — падкрэслівалася ў выданні.

Варта адзначыць, што сапраўды ў пачатку 1930-х гадоў польскія ўлады актыўна змагаліся супраць беларускага нацыянальнага руху на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Прычына была і ў тым, што ў беларускіх нацыянальных арганізацыях дзейнічала вялікая колькасць савецкіх агентаў і выведнікаў, якія імкнуліся накіраваць дзейнасць гэтых стурктур у патрэбным для Масквы накірунку.

Беларуская справа, распаўсюд і развіццё беларускай мовы і культуры бальшавіцкіх агентаў не цікавілі.

Разам з гэтым, не варта думаць, што беларускія арганізацыі ў Заходняй Беларусі складаліся толькі з “агентаў Крамля”. Там было шмат адданых беларускай справе людзей, якія стануць ахвярамі польскіх, а потым і сталінскіх рэпрэсій.

Не меньш папулярнымі ў савецкіх газетах, якія выходзілі ў Заслаўі ў 1930-я гады, была тэма эканамічнага заняпаду заходняй суседкі БССР. У газеце “Камунар Заслаўшчыны” друкаваўся артыкул, пра тое, што польскія сяляне на Віленшчыне харчуюцца крапівой, а ў выданні “На ахове граніцы” публікавалася нататка, пра тое, што працоўным у польскай Сілезіі не выплочваюць заробкі і яны паміраюць з голаду. Зразумела, што танальнасць гэтых матэрыялаў была накіравана на тое, каб паказаць, як добра жывецца працоўным і сялянам у краіне Саветаў.

У 1932 годзе савецкая беларуская прэса і, у тым ліку, газеты Заслаўшчыны, актыўна абмяркоўвалі забойства прэзідэнта Французскай рэспублікі Поля Думэра прадстаўніком рускай эміграцыі Паўлам Гаргулавым. Услед за маскоўскімі газетамі бээсэсэраўская перыёдыка спрабавала ачысціць забойцу ад абвінавачанняў у супрацы з савецкімі спецслужбамі і называла гэтага чалавека “агентам белагвардзейшчыны, якая імкнецца стравіць Францыю з СССР”. У сярэдзіне 1930-х гадоў вялікую ўвагу газеты Заслаўшчыны надавалі падзеям Грамадзянскай вайны ў Іспаніі. У “Калгасніку Заслаўшчыны” і “На ахове граніцы” публікаваліся апошнія навіны з франтоў, здымкі рэспубліканскіх жаўнераў і карыкатуры на Франка і яго памагатых.

Мяжа побач

Вялікая колькасць матэрыялаў, якія публікаваліся ў даваенных газетах Заслаўшчыны, было прысвечана памежнай тэматыцы, а менавіта таму, як жыхары памежжа дапамагаюць “зялёным фуражкам” ахоўваць савецка-польскі памежны кардон. “Шпіёнаманія” была вельмі распаўсюджанай з’явай у памежных з Польшчай раёнах Заслаўшчыны.

У траўні 1936 года газета “Камунар Заслаўшчыны” пісала:

“Трывожная вестка маланкай абляцела ўвесь калгас. На нашу тэрыторыю перайшоў парушальнік мяжы. Ціха, адзін за другім, знікалі ў цемры асенняй ночы калгаснікі. У канцы калгаснай вёскі, каля густых кустоў прытаіўся калгасны вартаўнік Пётр Чабатар. Навокал было ціха. Толькі асенні вецер цяжка калыхаў вялікія калматыя верхавіны сасоніка. Марасіў невялікі халодны дожджык. […] Далёка прыдушана трэснула галінка, ледзь чутна ўсплеснула вада. Праз некаторы час таямнічыя гукі паўтараліся ўжо бліжэй. Нехта ішоў. Праз некалькі хвілін з-за кустоў вынырнула постаць. Крадучыся ўсё бліжэй і бліжэй яна набліжалася ў накірунку Пётры. Яшчэ хвіліна і невядомая постаць апынулася каля яго. Моцнай камандай “лажыся” Пётра змусіў легчы незнаёмца. Невядомы чалавек аказаўся парушальнікам нашай граніцы. […]

Падобных фактаў у жыцці калгаснага вартаўніка Пётры Чабатара былі дзесяткі. Ён нараўне з аховай сацыялістычнай калгаснай маёмасці пільна ахоўвае межы нашай вялікай радзімы. […] Калі вораг пераходзіць нашу мяжу, тады ўсе калгаснікі разам з памежнікамі стараюцца затрымаць яго. Нічога іх не ўтрымлівае перад гэтым: ні суровая зіма, ні даждлівая восень. Затрымаць праклятага ворага — вось мэта ўсіх калгаснікаў. […] Такім героем, такім патрыётам нашай радзімы з’яўляецца Пётр Чабатар. За яго рэвалюцыйную пільнасць, за баявы гераізм па ахове межаў у яго зараз на грудзях красуецца Ордэн “Знак пашаны”. Такіх пільных калгаснікаў хапала ў кожнай савецкай вёсцы на “рыжскай мяжы”.

“Ноччу, калі людзі пасля напружанай працы спяць, ворагі, нібы тыя ваўкі, туляцца па лесе. А праз гушчу леса ім лягчэй прабірацца да мяжы, а наша задача, не прапусціць іх. Для гэтага нам трэба быць пільнымі”, — падкрэслівалася ў выданні “Калгаснік Заслаўшчыны” ў лістападзе 1936 года.

У памежных населеных пунктах ствараліся брыгады садзейнічання памежным войскам НКУС БССР. “І калі вораг сапраўды прайшоў мяжу, то па першаму сігналу байцоў, будзь гэта ў дзень, ці ў ноч, усё насельніцтва бліжэйшых вёсак: мужчыны, жанчыны, а то і дзеці ідуць, каб яго злавіць. У такі час яны захоўваюць ваенную дысцыпліну, і які б вораг не быў, ён заўсёды бывае злоўлены”, — адзначалася ў адной з публікацый газеты “На ахове граніцы”.

У верасні 1939 года Заходняя Беларусь была далучана да БССР. “Небяспечнага” польскага суседа ўжо не было, але старую мяжу працягвалі трымаць. А на Захадзе “першая краіна працоўных і сялян” ужо мяжавала з нацысцкай Германіяй. У студзені 1941 года газета “Калгаснік Заслаўшчыны” публікавала заметкі з назвамі “Аб заключэнні дагавора паміж СССР і Германіяй аб савецка-германскай граніцы ад ракі Ігорка да Балтыйскага мора” і “Камюніке аб заключэнні гаспадарчага пагаднення паміж СССР і Германіяй”. Да нападу Гітлера на Савецкі Саюз заставалася меньш за паўгода. Увогуле варта адзначыць, што ў гэты час заслаўскія газеты амаль нічым не адрозніваліся ад цэнтральных савецкіх выданняў, кшталту “Правда” і “Известия”. Мясцовыя навіны “выштурхоўваліся” на апошнія старонкі перыёдыкі, а на перадавіцах друкаваліся паведамленні “агульнасаюзнага значэння”.

Чырвонаармейцы на вучэннях ля Заслаўя

 

Пасля Другой сусветнай вайны ў БССР “забыліся” пра даваенную “рыжскую мяжу”. Адныя даваенныя газеты зніклі, а іншыя засталіся. Так, “Калгаснік Заслаўшчыны” ператварыўся спачатку ў “Шлях сацыялізма”, а потым “Шлях камунізма”. Апошняй савецкай назвай “раёнкі” было “Наша жыццё”, а зараз выданне, якое бярэ свой пачатак з міжваеннага дваццацігоддзя, носіць назву “Прысталічча”.

Ігар Мельнікаў, кандыдат гістарычных навук для baj.by

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...