Калі на рынку толькі з’явіліся Фэйсбук і Твітэр і іншыя папулярныя каналы камунікацыі, перад іх карыстальнікамі адкрыліся амаль неабмежаваныя магчымасці. Менавіта сацыяльныя сеткі даюць нам магчымасць імгненнага кантакту з суразмоўцамі за сотні тысяч кіламетраў. Менавіта яны займаюць наш вольны час рознага кшталту гульнямі, фільмамі ці музыкай, а таксама даюць неабмежаваны доступ да інфармацыі.

Доктар Пётр Лучук, фота: Aliaksandr Papko/radyjo.net

 

Апроч таго, сацсеткі даюць велізарныя магчымасці рэкламадаўцам. Навошта плаціць за аб’явы ў газетах, званіць знаёмым ці высылаць сотні мэйлаў? Зараз усё пад рукой, усё можна замовіць з дапамогай некалькіх клікаў. Зрэшты, гэта не навіна: і супрацоўнікі медыяў, і іх чытачы добра ведаюць, як працуюць сацыяльныя сеткі. Таму замест дыфірамбаў у гонар іх стваральнікў давайце лепей разгледзім пагрозы, звязаныя з сацсеткамі. Такіх пагроз, калі шчыра, даволі шмат.

Сацсеткі – кландайк для выведкі

Афера з сістэмай PRISM у свой час выклікала шмат шуму ў медыях. Згодна з інфармацыяй, якой падзяліўся Эдвард Сноўдэн, з 2007 года спецслужбы збіралі дадзеныя з сервераў, сярод іншых, Google, Фэйсбука, Yahoo, Paltalk, AOL, Skype, YouTube i Apple. Гэтая навіна выставіла ў зусім іншым ракурсе пытанне прафесійнай этыкі і звязанай з ёй адказнасці за свае словы. У той час калі пераважная большасць інтэрнэт-карыстальнікаў сцвярджае, што ім “няма чаго хаваць”, існуе адваротны бок медаля, дзе менавіта інфармацыя грае ключавую ролю. Наўрад ці трэба некага пераконваць у тым, што доступ да такога кшталту дадзеных азначае, што спецслужбы могуць даведацца пра інтэрнэт-карыстальнікаў літаральна ўсё – ад іхніх музычных ці кулінарных густаў да сэксуальных прыхільнасцяў або інтарэсаў і хобі, асабліва калі нешта з гэтага можа ўяўляць пагрозу для нацыянальнай бяспекі.

Рознага кшталту сацыяльныя сеткі з’яўляюцца сапраўднай скарбонкай ведаў для агентаў выведкі розных краінаў. Калісьці атрыманне такіх ведаў патрабавала вялікіх высілкаў і было вельмі рызыкоўным. Сёння мы самі публікуем у інтэрнэце ўсе “аператыўныя веды” пра сваё жыццё. На падставе некалькіх паведамленняў і модных геалакацыйных аплікацый цягам лічаных хвілін можна вызначыць цэлую сетку ўзаемасувязяў і знаёмстваў пэўнай асобы, а таксама яе актуальнае месцазнаходжанне з дакладнасцю некалькі метраў. Для здольнага хакера не будзе праблемай перахапіць дадзеныя, паролі або нумары банкаўскіх рахункаў, бо шмат карыстальнікаў Сеціва не карыстаецца ніякімі, нават базавымі сродкамі бяспекі пры працы з кампутарам.

Чытайце па тэме:  Скандал с Сикорским отдалил Варшаву от Киева

Важна памятаць не толькі пра пагрозы, звязаныя з сачэннем за інтэрнэт-карыстальнікамі, але і пра адну з найболей распраўсюджаных праблем у кіберпрасторы – імідж, які ствараюць сабе карыстальнікі сацыяльных сетак. Імідж асобы залежыць ад шматлікіх фактараў, такіх як напрыклад вопратка, знешні выгляд, паводзіны і нават інтарэсы. Вялікі ўплыў на наш імідж аказвае нашая актыўнасць онлайн. І хаця большасць з нас ведае нешта пра іміджмейкінг, шмат хто дагэтуль не ўсвядоміў, што апублікаваныя намі ў інтэрнэце паведамленні ці каментары ніколі не знікаюць, нават пасля іх выдалення. Калі сёння прачытаць, што было напісана на форумах ці ў сацсетках колькі год таму ці нават даўней, то нас можа агарнуць сорам. Але гэта толькі вяршына айсбергу. Сапраўдныя праблемы могуць пачацца, калі гэтыя запісы ці каментары пабачаць нашыя цяпершнія знаёмыя, супрацоўнікі ці нават патэнцыяльны будучы працадаўца…

Мы робімся ахвярамі ўласнага віртуальнага эксгібіцыянізму кожны раз, калі засмечваем інтэрнэт-прастору бясконцымі фотааповедамі пра шопінг, падарожжы ці абеды.

Інтэрнэт-тролі, “карысныя ідыёты” і інфармацыйная вайна

Калі разглядаць інфармацыю ў інтэрнэце ў кантэксце адказнасці за ўласныя словы – асабліва за тыя, якія распаўсюджваюцца з дапамогай электронных медыяў – немагчыма не закрануць і тролінг. У прапагандзе, якая распраўсюджваецца праз інтэрнэт, звычайна бяруць удзел дзве асноўныя групы так званых інтэрнэт-троляў. Першая група – гэта інтэрнэт-карыстальнікі, якія выконваюць нечыю замову і атрымліваюць за гэта грошы. Да іх абавязкаў адносіцца публікаванне каментароў і запісаў, якія паказваюць “заказчыка” ў пазітыўным святле. Пры гэтым яны абапіраюцца ў асноўным на факты – проста гэтыя факты добра адабраныя і зманіпуляваныя. Другая група – гэта так званыя “карысныя ідыёты”. Да іх абавязкаў належыць стварэнне акаўнтаў у сацыяльных сетках і вядзенне блогаў, на якіх з’яўляюцца адмыслова падрыхтаваныя і зманіпуляваныя запісы. Апроч таго, да гэтай групы можна аднесці тых, хто не ведаючы ўсёй гэтай аперацыйнай гульні, шчыра распаўсюджвае прачытаную інфармацыю, бо верыць у яе аўтэнтычнасць. Тым самым яны прычыняюцца да ўзрастання даверу да такой інфармацыі з боку сваіх знаёмых і чытачоў.

Польская дзяржаўная Група рэагавання на інцыдэнты, звязаныя з кампутарнай бяспекай, CERT.GOV.PL папярэджвае, што сацыяльныя сеткі, як і інтэрнэт у цэлым, часта выкарыстоўваюцца ў спалучэнні з канвенцыянальнымі ваеннымі, выведчымі і прапагандысцкімі дзеяннямі і мэтамі. Аналіз выпадкаў такога выкарыстання, які правялі адміністратары сацыяльных сетак і найбуйнейшых польскіх інфармацыйных парталаў, паказвае, што ў шматлікіх выпадках адныя і тыя ж допісы амаль у нязменным выглядзе распаўсюджваюцца на самых розных інтэрнэт-платформах. Публікацыя іх адбываецца. Напачатку такія допісы былі напісаныя з вельмі грубымі арфаграфічнымі і граматычнымі памылкамі, але з часам іх лінгвістычная якасць моцна палепшылася. Група CERT.GOV.PL лічыць, што частотнасць такога кшталту паводзінаў ужо даўно перавысіла парог, блізкі да натуральнага, і з’яўляецца сур’ёзнай пагрозай у інфармацыйнай вайне.

Чытайце па тэме:  Польша объяснила, почему Максим Мархалюк не мог перейти границу

“Журналіста могуць прыцягнуць да адказнасці нават за напісанне праўды”

Разглядаючы адказнасць за словы, апублікаваныя ў інтэрнэце, нельга не ўзгадаць і пра прававы аспект гэтай з’явы. Даволі каротка і ясна фармальна-праўныя складанасці у гэтай сфера апісаныя ў артыкуле “Журналісцкія расследаванні – выбраныя пытанні” Малгажаты Кэндзерскай (M. Kędzierska, Prokuratura i Prawo 4, 2007). Аўтарка звяртае ўвагу на тое, што вельмі часта менавіта журналісты, а не спецслужбы, паліцыя ці пракуратура, могуць натрапіць падчас свайго расследавання на важную інфармацыю, альбо даведацца пра нешта важнае для следства. Часам менавіта дзякуючы дзеянням журналістаў, якія інфармуюць пракуратуру, затрымліваюць злачынцаў або распачынаюць следчыя дзеянні. У гэтым кантэксце перад рэдакцыяй часта стаіць этычная дылема: з аднаго боку, мэтай журналіста з’яўляецца публікацыя навіны, з іншага, згодна з артыкулам 301 § 1 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Польшчы, журналісты абавязаныя праінфармаваць адпаведныя органы пра вядомае ім злачынства. Яшчэ адзін аспект, пра які мусяць памятаць журналісты, – гэта якасць і значнасць атрыманых падчас журналісцкага расследавання доказаў, а таксама магчымасць іх выкарыстання ў будучыні пракуратурай.

Абавязак журналіста праінфармаваць пра злачынства заслугоўвае асаблівай увагі. У нашыя часы рэдка здараецца так, што рэдакцыя інфармуе следчыя органы пра нешта яшчэ перад публікацыяй матэрыялу, заснаванага на выніках журналісцкага расследавання. Гэта выклікана прагматычным падыходам і барацьбой за чытача. Інфармаванне пракуратуры магло б у некаторых выпадках прывесці да забароны публікацыі тэксту. У той жа час апісанне пэўнай аферы або раскрыццё новых дадзеных пра злачынства на старонках прэсы ўжо само па сабе ў пэўным сэнсе з’яўляецца такім паведамленнем. З пункту гледжання права менавіта публікацыя ў медыях можа лічыцца выкананнем абавязку паведаміць пра злачынства згодна з арт 301 § 1 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Польшчы, у якім напісана, што кожны, хто даведаўся пра злачынства, мае грамадскі абавязак паведаміць пра гэта пракурору або паліцыі.

Чытайце па тэме:  Польша готова дать вид на жительство миллиону украинцев, беларусов и вьетнамцев

Гэта не адзіны абавязак, якія маюць польскія журналісты. Працаўнікі медыяў мусяць памятаць пра артыкулы Крымінальнага кодэксу, якія тычацца дыфамацыі – у тым сумнавядомы арт 212 Крымінальнага кодэксу, а таксама пра магчымасць працэсу за парушэнне асабістых правоў згодна з артыкуламі 23 і 24 Грамадзянскага кодэксу. І гэта яшчэ не ўсё. Няўменне карэктна падаць інфармацыю ў медыях можа падвесці журналіста пад пагрозу крымінальнай адказнасці згодна з арт 241 § 1 Крымінальнага кодэксу.

Артыкул 212 Крымінальнага кодэксу і наступствы яго прымянення з’яўляюцца найбольшым галаўным болем журналістаў у Польшчы. Гэтая прававая норма, нягледзячы на гарантаванае Канстытуцыяй права на свабоднае выражэнне сваіх поглядаў, дае прававыя падставы для прыцягнення журналістаў да адказнасці. Фармулёўка арт 212 КК у найболей цяжкіх выпадках дазваляе прымяняць да парушальнікаў нават такую суворую кару, як пазбаўленне свабоды. Асабліва непакоіць у гэтым кантэксце тое, што факт дыфамацыі можа быць прызнаны нават тады, калі журналіст распаўсюджвае праўдзівую інфармацыю пра чалавека. То бок, журналіста могуць прыцягнуць да адказнасці нават за напісанне праўды.

Варта звярнуць увагу і на законы аб медыях, згодна з якімі журналіст абавязаны кіравацца ў сваіх дзеяннях прафесійнай этыкай і правіламі грамадскага ладу ў межах закона (арт 10 пункт 1 сказ 2), журналіст абавязаны рабіць усё магчымае для стараннага і праўдзівага збору і выкарыстання матэрыялу (арт 12 пункт 1 падпункт 1), а таксама абавязаны падначальвацца агульнай праграмнай палітыцы рэдакцыі, у якой ён працуе (арт 10 пункт 2). Усё гэта павінныя прымаць да ўвагі журналісты, якія распаўсюджваюць і публікуюць інфармацыю онлайн.

Пётр Лучук, спецыяльна для Беларускай праўды
Даведка.Доктар Пётр Лучук – эксперт па кібербяспецы. Журналіст, медыя-эксперт і багаслоў. Выпускнік універсітэта імя кардынала Стэфана Вышынскага ў Варшаве. Выкладчык кафедры інтэрнэту і лічбавых камунікацый Інстытута медыяадукацыі і журналістыкі UKSW. У 2016 годзе ён атрымаў дыплом доктара філасофіі з адзнакай. У сваіх даследаваннях і распрацоўках ён у асноўным займаецца з’явамі, звязанымі з кібербяспекай і уздзеяннем сучасных тэхналогій на грамадскія сувязі. У выдавецтве Biały Kruk адбыўся дэбют кнігі доктара Пятра Лучука “Кібервайна. Вайна без боепрыпасаў?”

Creative Commons License
This work is licensed under a Creative Commons Attribution-ShareAlike 4.0 International License.


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.