26-га кастрычніка на тэрыторыі Гомельскай вобласці падчас выпрабаванняў паспяхова прайшлі баявыя пускі мадэрнізаванай рэактыўнай сістэмы залпавага агню «Паланэз», паведаміў сёння сайт Мінабароны Беларусі.

«Паланэз» вядзе агонь. Фота vzglyad.az

 

Такім чынам новыя ракетныя комплексы, якія апошнім часам зацікавілі і іншыя дзяржавы, рэзка павысілі свае баявыя характарыстыкі, і, адпаведна, агнявую моц беларускага войска. Першая версія «Паланэзу» страляла на адлегласць ад 50 да 200 км.

Выпрабаванні

Сённяшнія стрэльбы праводзіліся на тэрыторыі Беларусі, а, значыць, ракеты праляталі літаральна над галовамі насельніцтва, што ставіла дадатковыя патрабаванні да дакладнасці сістэмы, паведамляе Белсат.

«Маршрут палёту ракеты быў разлічаны над маланаселенымі раёнамі краіны і карэктаваўся на ўсім шляху. Ракеты з вялікімі магчымасцямі патрапілі ў прызначаныя цэлі і пацвердзілі заяўленыя тактычна-тэхнічныя характарыстыкі па далёкасці і дакладнасці», – гаворыцца ў паведамленні вайсковага ведамства Беларусі.

Такім чынам мадэрнізаваны комплекс прадэманстраваў сваю вартасць і ў будучым можа ўстаць на ўзбраенне ракетных войскаў і артылерыі Узброеных сілаў Беларусі.

Дзе служаць «Паланэзы» зараз

Афіцыйна першыя найноўшыя рэактыўныя сістэмы залпавага агню былі перададзеныя ў жніўні 2016 году 77-му асобнаму рэактыўнаму артылерыйскаму дывізіёну. У дывізіён, які ўваходзіць у склад 336-й рэактыўнай артылерыйскай брыгады, былі прызначаныя лепшыя афіцэры і жаўнеры-ракетчыкі.

«Калі патрабуецца, мы павінныя быць гатовымі выкарыстаць яго ў складаны час для абароны суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці, канстытуцыйнага строю і незалежнасці Рэспублікі Беларусь», – сказаў тады кіраўнік ваеннага ведамства Андрэй Раўкоў, які ў гэтым годзе стаў абʼектам крытыкі за выпадкі цкавання маладых жаўнераў («дзедаўшчыны») у войску.

Чытайце па тэме:  Польша и США подписали соглашение о закупке ракетных комплексов Patriot

Першыя байцы, якія служаць на «Паланэзах»

РСЗА «Паланэз» прызначаная для паражэння адкрыта размешчанай і ўкрытай жывой сілы, небраніраванай і браніраванай ваеннай і ваенна-спецыяльнай тэхнікі, артылерыі, ракетных і зенітных ракетных комплексаў, авіяцыйнай тэхнікі на аэрадромах базавання і іншых абʼектаў на далёкасці ад 50 км да 200 км з высокай дакладнасцю.

Рэактыўная сістэма залпавага агню ўпершыню была прадстаўлена 9 траўня 2015 года на ваенным парадзе ў Менску. Было заяўлена, што гэтая баявая машына можа адначасова нанесці кропкавы ўдар па васьмі цэлях.

РСЗА ўстаноўленая на чатырохвосным шасі высокай праходнасці МЗКЦ-7930.

Мадэрнізацыя – як?

Перш за ўсе адлегласць стральбы ракетнага комплексу залежыць ад ракеты – ад якасці яе рухавіка і запасу паліва. Але Беларусь не мае сваёй ракетнай вытворчасці, і некаторыя эксперты лічаць, што ў беларускім комплексе выкарыстоўваюцца высокадакладная 301 мм кітайскія ракеты А200 масай 750 кг.

Такім чынам, магчыма, комплекс выкарыстоўвае новую кітайскую ракету.

Аднак з іншага боку, магчымы і іншыя варыянт. У 2014 годзе беларуская кампанія АЛЕВКУРП прадставіла зенітна-ракетны комплекс «Алебарда» («Печора 2БМ») – варыянт мадэрнізацыі савецкага ЗРК С-125. Пры гэтым рост адлегласці дзеяння «Алебарды» быў абумоўлены, па словах прадстаўнікоў кампаніі, не новымі ракетамі, а беларускай мадэрнізацыяй сістэмы навядзення.

Партнёрства з Баку?

У пачатку кастрычніка Беларусь наведаў міністр абароны Азербайджана генерал-палкоўнік Закір Гасанаў. Паміж Міністэрствамі абароны Беларусі і Азербайджана быў падпісаны План супрацоўніцтва на 2018 год.

Чытайце па тэме:  В Дзержинске Лукашенко показали “Полонез”

Пры гэтым міністр абароны Азербайджана «зацікавіўся ўзбраеннем і тэхнікай, якая здольная падвысіць ваенную моц» азербайджанскай арміі, адзначыў аналітычны праект «Belarus Security Blog». У якасці ілюстрацыі сайт міністэрства абароны закаўказскай краіны прыкладае толькі адно фота – Гасанаў на фоне «Паланэзу».

«Паланэзы» з далёкасцю агню ў 300 км могуць стаць адказам Баку на размяшчэнне ў Арменіі ў 2016 годзе расейскіх аператыўна-тактычных ракетных комплексаў «Іскандэр», якія ў экспартнай мадыфікацыі маюць далёкасць агню ў 280 км.

Баку за кошт продажу нафты актыўна мадэрнізуе сваю армію, у выніку чаго тэхнічнае ўзбраенне азербайджанскай арміі зараз выглядае найлепшым у рэгіёне Паўднёвага Каўказу. А пасля завяршэння візіту Гасанава на азербайджанскіх сайтах зʼявіліся артыкулы пра тое, што «Паланэзы» нічым не саступаюць «Іскандерам».

Такім чынам беларускі ваенна-прамысловы комплекс не толькі падвышае агнявую моц сваёй арміі, але і можа зарабіць краіне дадатковыя сотні мільёнаў долараў.


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.