Расія для Лукашэнкі – цэнтр універсуму, і Беларусь не можа аддаліцца ад цэнтра ўніверсуму.

Лукашэнка на паседжанні Савета кіраўнікоў дзяржаў – удзельніц СНД у вузкім фармаце, 28 верасня 2018 года, president.gov.by

 

Саміт СНД у Душанбэ не прынёс сюпрызаў ці сур’ёзных рашэнняў, чым пацвердзіў статус “клуба па інтарэсах”. Большы інтарэс выклікаюць двухбаковыя кантакты ў межах саміту, асабліва з улікам абяцанняў, што ў Душанбэ Лукашэнка і Пуцін канчаткова разбяруцца з “нафтавай” праблемай.

Афіцыйнай інфармацыі пра заканчэнне “нафтавай вайны” няма. Аднак Лукашэнка прагаварыўся, што цэнтральным пытаннем стала бяспека: “Пытанне бяспекі – гэта, можна сказаць, цэнтральнае пытанне сённяшняга саміту. Усе пра гэта кажуць, усе прэзідэнты. Нават мы – здавалася б, спакойная Беларусь – пастаянна пра гэта гаворым. Улічваючы яшчэ і тыя небяспекі і выклікі, якія тояць у сабе дзеянні заходніх дзяржаў і НАТА ля нашых межаў, ля межаў Саюзнай дзяржавы».

Беларуская праўда падвяла вынікі саміту СНД разам з экспертам па нееўрапейскіх цывілізацыях Яўгенам Красуліным.

-У СНД мала што змянілася з мінулагодняга, і пазалеташняга саміту. Саміты СНД – падстава сабрацца для вырашэння двухбаковых пытанняў. Абмяркоўваліся і супольныя пытанні, хутчэй, назіраюцца спробы захаваць агульны фон аб’яднання былога СССР. Напрыклад, ужо другі год запар абмяркоўваюць пытанні святкавання 75-годдзя святкавання перамогі ў Другой сусветнай вайне.

На паверхні ляжаць якраз-такі двухбаковыя сустрэчы, недарэмна Лукашэнка сказаў, што адно з галоўных пытанняў – бяспека, верагоднае стварэнне амерыканскай базы на тэрыторыі Польшчы і, падобна, абмяркоўваліся верагодныя адказы Беларусі і Расіі на размяшчэнне. А вось наколькі супольны адказ будзе рэалізаваны, яшчэ не зразумела, бо і Польшча з ЗША яшчэ не прынялі канчатковага рашэння па базе, усе размовы можна трактаваць як дыскусію Беларусі і Расіі з Захадам. У дадатак ідзе прамацванне глебы, як адрэагуюць беларусы на стварэнне паўнавартаснай ваеннай базы на тэрыторыі Беларусі.

Вось, уласна, і ўсе вынікі саміту СНД.

Калі ж прааналізаваць сітуацыю са зборачнымі прадпрыемствамі ў Таджыкістане, то найперш кідаецца ў вочы меркаванае месца экспарту беларускіх трактароў – Афганістан. Улічваючы падзеі, якія разгортваюцца ў самым Афганістане і вакол яго, то могуць узнікнуць пытанні наконт стабільнасці гэтага рынку. Напрыклад, некалькі дзён таму прагучала заява Патрушава, што ў Афганістане будзе разыгрывацца сірыйскі сцэнар. А гэта азначае, што ў Афганістане пра беларускія трактары будуць думаць у апошнюю чаргу. Куды ж тады пойдзе прадукцыя са зборачных прадпрыемстваў, створаных у Таджыкістане пры дапамозе Беларусі? Добра, што беларускія прадпрыемствы развіваюць супрацу, але пад гэтай супрацай мусіць быць цвёрды падмурак: партнёры не павінны губляць час і сродкі на сумнеўныя праекты, а мусяць мець стратэгічныя праекты, якія не залежаць ад зменаў, пра якія ўжо сёння гаворыцца на даволі высокім узроўні.

Падмуркам двухбаковых стасункаў мусіць стаць трывалая аналітычная база, іначай усе пражэкты будуць прыводзіць толькі да стратаў.

-Лукашэнка (упершыню за апошнія гады) вярнуўся да рэзкай антызаходняй рыторыкі. З чым гэта звязана?

-Антызаходняя рытока набягае хвалямі і, як правіла, круціцца вакол адносінаў з Масквой. Самае папулярнае тлумачэнне гэтай з’явы – гандаль паміж Мінскам і Масквой, маўляў, “Расія не дапаможа – сыйдзем на Захад”. На мой погляд, ідзе гульня на вонкавага спажыўца, на краіны Захаду з мэтай атрымаць тактычныя прэферэнцыі, але без зменаў  стратэгіі: арыентацыя на Расію і супольнае процістаянне меркаваным агрэсіўным паводзінам НАТА. Меркаванне, што амерынская база (не НАТА!) у Польшчы зробіць менш трывалымі пазіцыі Мінска ў перамовах з Масквой, на мой погляд, не мае пад сабой падстаў. Аляксандр Лукашэнка па сваёй карціне свету не можа арыентавацца на Захад і не можа процістаяць Расіі. Для яго Расія – цэнтр універсуму, і Беларусь не можа аддаліцца ад цэнтра ўніверсуму. Тут, я лічу, нічога не мянялася і нічога не зменіцца. Мы назіраем вонкавую дыскусію пра процістаянне Мінска і Масквы, пра ўласную пазіцыю Лукашэнкі з мэтай выбіць нейкія прэферэнцыі, – дыскусія прызначана для краінаў Захаду і грамадзянаў Беларусі, каб паказаць, што мы незалежная краіна. Але калі даходзіць да канкрэтных рашэнняў, то няма сумненняў, на чыю карысць яны будуць. І гэта не выкручванне рук Аляксандру Лукашэнку, а гульня на ягоных светапоглядах: Расія нас выратуе, Расія абароніць ад агрэсіўнага Захаду, Расія дапаможа нам грашыма. І, галоўнае, дапаможа надалей падтрымліваць сістэму, найперш палітычную, якая існуе ў Беларусі.

-Лукашэнка прагаварыўся, што і ў Сочы, і ў Душанбэ абмяркоўваліся стасункі з Украінай. Як беларускае кіраўніцтва можа карэктаваць адносіны з Кіевам, калі аглядвацца на Маскву?

-Лукашэнка будзе карэктаваць адносіны з Украінай зыходзячы з таго, што прапануе Масква. Рыторыка можа не змяніцца, Лукашэнка можа і надалей рабіць сімвалічныя жэсты ў падтрымку Украіны, у абарону яе незалежнасці. Узмацненне кантролю на ўкраінскай мяжы падаецца як элемент бяспекі, хаця за гэтай рыторыкай стаяць непераканаўчыя аргументы. А ўзмацненне кантролю на мяжы садзейнічае не збліжэнню і супрацы краін, гэта, хутчэй, сведчыць пра разыходжанне краін. Такім чынам Беларусь хутчэй пазначае рух разам з Расіяй, чым з Украінай. Застаецца толькі спадзявацца, што такая палітыка не прывядзе да цяжкіх наступстваў, пераадоленне якіх запатрабуе вялікіх высілкаў і доўгага часу. Таму зараз трэба рабіць усё магчымае, каб Беларусь і Украіна не апынуліся на вялікай адлегласці адзін ад аднаго, у адваротным выпадку Беларусь яшчэ больш аддаліцца ад Захаду, ад Еўропы і яшчэ больш наблізіцца да Расіі.

-Дэкларавалася, што ў Душанбэ Лукашэнка і Пуцін раставяць кропкі над “і” ў нафтавым пытанні. Афіцыйнай інфармацыі на гэты конт няма. Ці дабіўся Лукашэнка цягам апошніх сустрэчаў на вышэйшым узроўні жаданых рашэнняў ад Расіі?

-Узнікае ўражэнне, што дасягнутая папярэдняя дамоўленасць, ці атрыманае абяцанне. Нездарма Лукашэнка падкрэсліў, што да канца года пастараюцца вырашыць усе спрэчныя пытанні з Расіяй. Улічваючы, што 2019 год будзе вельмі напружаным з-за пачатку электаральных кампаній у Беларусі, то афіцыйнаму Мінску вельмі важна вырашыць усе праблемы да новага года.

Але тут жа ўзнікае пытанне: а што Мінск мог прапанаваць узамен? Можна не думаць, што Лукашэнка прапанаваў кавалак суверэнітэту. На мой погляд, для Расіі не самы лепшы час, каб рабіць захады па ліквідацыі Беларусі, ці дэманстраваць у гэты бок агрэсіўныя крокі. У сродках масавай інфармацыі можна распускаць такія чуткі, гэта уздзейнічае на нервы, у тым ліку і беларускаму грамадству; беларусаў паступова могуць рыхтаваць да думкі пра ўступленне ў склад Расіі. Але, на мой погляд, гэта хутчэй гаворыць пра тое, што Расія або не плануе ўключаць Беларусь у свой склад, ці яшчэ не прыняла канчатковага рашэння, запаўняючы такімі заявамі вакуўм, утвораны адсутнасцю стратэгіі да Беларусі.

Глеб Юрын. Беларуская праўда

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: