Беларуская асацыяцыя журналістаў правяла чарговае апытанне калег адносна адкрытасці асноўных дзяржаўных ведамстваў і арганізацый.

Як і раней, ў апытанні ўдзельнічалі 50 журналістаў вядучых дзяржаўных і недзяржаўных медыя: “СБ. Беларусь сегодня”, “Звязда”, “Рэспубліка”, “Наша Ніва”, “Радыё Свабода”, “Еўрарадыё”, “Комсомольская правда” в Белоруссии”, TUT.BY, БелаПАН, “Новы Час” і шэрагу іншых. Журналістаў прасілі ацаніць адкрытасць ведамства — наколькі лёгка атрымаць інфармацыю ад чыноўнікаў.

Найлепшыя адзнакі журналістаў атрымалі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Міністэрства замежных спраў і Дзяржаўны памежны камітэт.

Самымі закрытымі журналісты называюць ААЦ, МУС, КДБ і ГУУС Мінгарвыканкама. Сярод ведамстваў з нізкімі баламі таксама Адміністрацыя прэзідэнта і Міністэрства аховы здароўя.

 

Агульныя нараканні журналістаў на ведамствы, дзе кепска арганізаваная праца са СМІ, традыцыйныя. Гэта немагчымасць аператыўна атрымаць інфармацыю, складанасці з доступам журналістаў на мерапрыемствы, прыярытэтнае прадастаўленне інфармацыі дзяржаўнаму агенцтву БелТА.

— БАЖ ужо чацвёрты раз праводзіць такое апытанне. На жаль, самыя горшыя адзнакі калег атрымліваюць адны з самых важных у дзяржаве структур. Некаторыя структуры калегі называць проста закрытымі. Даволі сумны вынік, бо аператыўная і дакладная інфармацыя ў медыя — гэта гарантыя інфармацыйнай бяспекі краіны.

Разам з тым хочацца падзякаваць ведамствам, якія працуюць са СМІ на высокім узроўні, — кажа аўтар даследавання, намеснік старшыні ГА “БАЖ” Барыс Гарэцкі.

Журналістаў прасілі ацэньваць толькі тыя структуры, з якімі яны непасрэдна працуюць. Таму ў выніковую табліцу ўвайшлі толькі органы, працу якіх ацанілі як найменш 10 прадстаўнікоў медыя.

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” разашле вынікі апытання ў самі дзяржорганы.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: