Расейскі незалежны гісторык Марк Салонін тлумачыць прычыны катастрофы 1941 году, паведамляе, колькі савецкіх вайскоўцаў былі расстраляныя вайсковымі трыбуналамі, і заяўляе, што тое, што «СССР рыхтаваўся напасці на Нямеччыну ў ліпені 1941 году», — гэта даўно ўжо ня вэрсія, а даказаны гістарычны факт.

Марк Салонін

 

На некаторых франтах суадносіны былі 10-11 «зніклых» да аднаго забітага

— Вы гадамі вывучаеце гісторыю Другой усясветнай вайны ў архівах Расеі ды іншых краінаў. Прадметам вашай асаблівай увагі былі першыя месяцы нападу Нямеччыны на СССР. Чаму адбылася тая катастрофа, калі мільёны савецкіх вайскоўцаў апынуліся ў палоне ў ворага?

— Ваенная катастрофа летам 1941 году мела і сваёй прычынай, і сваім зместам масавае дэзэртэрства. Масавую здачу ў палон, невыкананне загадаў камандзіраў, ператварэнне войска ва ўзброены натоўп, які даволі хутка стаў няўзброеным натоўпам, які немцы доўгімі калёнамі гналі ў лягеры. Гэта пацьвярджаецца дакумэнтамі, фактамі. Гэта не ацэначнае меркаванне, гэта выснова, якая вынікае з шматлікіх дакумэнтаў і фактаў. Гэта вельмі не падобна да таго, пра што пісала савецкая гістарыяграфія.

Калі казаць пра прычыны, чаму гэта адбылося — то гэта выходзіць за рамкі ваеннай гісторыі, якой я займаюся. Але можна адзначыць, што ў гэтым няма нічога асабліва дзіўнага. Інстынкт самазахавання людзям уласцівы, яны імкнуцца захаваць сваё жыццё. Нельга сказаць, што такія паводзіны войска — масавае дэзэртэрства і здача ў палон — нешта ўнікальнае для ваеннай гісторыі. Хутчэй наадварот. Мы бачым, што арміі рабоў заўсёды ваявалі прыблізна так. Прыблізна так ваявалі арміі пэрсаў супраць грэкаў ці македонцаў.

— Але як і якімі сродкамі гэты працэс разлажэння савецкага войска быў спынены? Нейкія канкрэтныя рашэнні прынялі савецкія камандзіры — ці гэта быў аб’ектыўны працэс?

— Не было нейкага канкрэтнага моманту «пстрычкі». Быў працэс, які доўжыўся гады два. Варта казаць пра адзін з колькасных паказчыкаў — структуру стратаў, суадносіны паміж забітымі і тымі, хто здаўся ў палон ці дэзэртэраваў. Гэтыя суадносіны становяцца «нармальнымі» — то бок забітых у дзясяткі разоў больш, чым палонных і дэзэртэраў — толькі ў другой палове 1943 году. А летам 1941 году прапорцыя была адваротная. Па некаторых франтах суадносіны былі 10 ці 11 «зніклых» (дэзэртэравалі альбо здаліся ў палон) да аднаго забітага. Чаму адбыўся такі паварот?

Найперш таму, што савецкая ўлада, таварыш Сталін, здолелі авалодаць сытуацыяй дзякуючы жорсткаму тэрору — на фронце і ў тыле.

У жніўні 1941 году быў прыняты знакаміты Загад №270, падпісаны Сталіным і маршаламі, дзе прадпісвалася ўсімі сродкамі знішчаць усіх, хто здаецца ў палон. Сем’і шараговых вайскоўцаў, якія здаліся ў палон, пазбаўляліся дзяржаўнай дапамогі, што ва ўмовах вайны азначала галодную смерць. А сем’і каманднага складу падлягалі арышту. За гады вайны савецкія трыбуналы асудзілі 2 мільёны 300 тысяч чалавек, з якіх дзве траціны складалі цывільныя асобы. Расстраляныя былі 212 тысяч чалавек.

Другая прычына — усталяваны акупацыйны рэжым не пакідаў людзям ніякага шанцу на выжыванне.

Партызанаў у Беларусі было больш, чым на ўсёй астатняй акупаванай савецкай тэрыторыі

— У Беларусі тэма партызанскага руху — адна з самых гарачых, асабліва апошнія гады. Значная частка насельніцтва брала ўдзел у партызанскай барацьбе. Як можна ацаніць масавасьць і эфэктыўнасьць партызанскага руху?

— Гісторык прывязаны да архіваў, і ўсё, што ён можа сказаць, базуецца на даступнасці тых ці іншых дакумэнтаў. Гісторыя партызанскага руху — самая закрытая і засакрэчаная частка гісторыі вайны. Большая частка ўсіх фондаў, звязаных з партызанскім рухам, знаходзіцца ў структурах архіваў КДБ, МУС — туды немагчыма пранікнуць. Пераважна яны выведзеныя за рамкі вайсковых архіваў. Таму цяжка знайсці больш заблытаную, пакрытую сыстэматычнай хлуснёй частку гісторыі вайны, чым гісторыя партызанскага руху. Я не глыбокі адмысловец у гэтым пытанні, але шмат чаго мне даводзілася чытаць у кваліфікаваных гісторыкаў.

Да зімы 1941–42 году практычна на ўсёй акупаванай тэрыторыі СССР, уключна з Беларуссю, партызанскі рух быў знішчаны ў нуль. Тут можна спрачацца, ці былі гэта партызаны з мясцовага насельніцтва, ці гэта былі дывэрсійныя групы НКВД — у кожным разе яны да зімы былі знішчаныя.

Адраджэнне партызанскага руху пачалося толькі ў 1942 годзе. І толькі ў 1944 годзе, за некалькі месяцаў да вызвалення Беларусі, колькасць партызанаў пачала вымярацца сотнямі тысячаў. Партызанаў у Беларусі было больш, чым на ўсёй астатняй акупаванай савецкай тэрыторыі разам узятай.

Рост колькасці быў галавакружны, і на гэтым этапе гэта ўжо не маглі быць толькі дывэрсанты НКВД, бо ў НКВД не было столькі дывэрсантаў. Гэта, вядома, быў народны партызанскі рух, бо асноўны касцяк складалі мясцовыя жыхары. Але спосабы, якімі іх пазвалі, заклікалі, загналі ў лес, — гэта асобная гісторыя, якую лепш не кранаць зусім, прынамсі, ня маючы сур’ёзнай дакумэнтальнай доказнай базы.

Савецкія партызаны, 1943 год

 

Выбар быў такі: ваяваць «супраць Асвенціма за Калыму» ці «за Асвенцім супраць Калымы»

— У сённяшнім расейскім і ў цэлым постсавецкім грамадзтве існуе шмат мітаў, далёкіх ад рэчаіснасці. Адзін з такіх мітаў — роля саюзнікаў па антыгітлераўскай кааліцыі. Думаю, не памылюся, калі сказаць, што на сёння большасць расейцаў, магчыма і беларусаў, упэўненыя, што СССР фактычна ў адзіночку перамог Нямеччыну. Ці магчыма ацаніць ролю, напрыклад, у працэнтных адносінах, укладу розных краін у антыгітлераўскай кааліцыі?

— Гэта самае важнае пытанне з тых, якія ўзнікаюць у сувязі з гісторыяй вайны. Бо першае, што мы павінны зрабіць, — гэта назваць, хто, з кім, за што і супраць чаго ваяваў.

Другая ўсясветная вайна — гэта вайна, якую развязалі два аднатыпныя, таталітарныя, дыктатарскія рэжымы. Вайна Гітлера і Сталіна не магла быць вайной дабра супраць зла. Гэта была вайна двух ліхаў. На момант пачатку гэтай вайны сталінскі рэжым быў непараўнальна больш крывавы, тэрарыстычны, які знішчаў уласных грамадзян сотнямі тысяч і мільёнамі, з улікам лягераў, галадамору. Гітлераўскі рэжым паводле размаху рэпрэсіяў супраць уласнага насельніцтва не набліжаўся да сталінскага ўзроўню на два парадкі.

Калі ў гэтай вайне і было нейкае адноснае «дабро» з пэўнымі агаворкамі — то гэта былі заходнія саюзнікі, ЗША і Брытанія. Гэта тое, што трэба мець у галаве, калі мы абмяркоўваем гісторыю вайны, бо менавіта гэта дазваляе зразумець сытуацыю, у якой апынуўся самы просты калгаснік з Беларусі, Украіны, адкуль заўгодна. Ён аказаўся кінуты ў вайну, дзе ён павінен быў ваяваць супраць Асвенціма за Калыму. Ён яшчэ мог перайсці на той бок, запісацца ва ўласаўцы, і ваяваць за Асвенцім супраць Калымы. Трэцяга варыянту не было.

Савецка-нямецкі парад у Берасці 22 верасня 1939 году

 

Што тычыцца чыста ваеннага аспэкту, то зразумела, што мы ніколі ня зможам назваць працэнты. Але я неаднаразова пісаў, што Савецкі Саюз сам-насам ня здолеў бы перамагчы фашыстаў і быў бы разгромлены. І ня трэба абмяркоўваць пытанне, што б там змянілася да 1943 году — проста не было б ніякай вайны да 1943 году. А ад англа-амэрыканскіх саюзнікаў гэта запатрабавала б значна больш часу і несумненна больш ахвяраў — перамагчы Нямеччыну, каб Савецкі Саюз ня ўзяў на сябе большую частку баявых дзеянняў супраць сухапутных войскаў Нямеччыны.

Вайну на моры цалкам узялі на сябе ангельска-амэрыканскія саюзнікі, і яны яе выйгралі, разграміўшы нямецкі вайскова-марскі флёт. Адна толькі вытворчасць падводных лодак запатрабавала ў Нямеччыны ўдвая больш рэсурсаў, чым выпуск усіх танкаў за ўвесь час вайны. Вайна на моры — гэта калясальныя рэсурсы, якія Нямеччына вымушаная была адабраць ад Усходнага фронту і патапіць на дне Атлянтыкі.

Вайну ў паветры цалкам выйгралі заходнія саюзнікі. Знакамітая фраза: «У неба Нямеччыны глядзелі 10 тысяч зэнітных гарматаў». Гэта рэсурсы, большыя, чым усе палявыя гарматы на ўсходнім фронце.

Нямецкую эканоміку разбурылі стратэгічныя бамбаванні заходніх саюзнікаў. Чырвоная армія ўзяла на сябе і выканала задачу знішчэньня трох чацьвёртых сухапутнай арміі Нямеччыны. Плюс, ЗША цягам усёй вайны былі галоўнай тылавой базай для Вялікай Брытаніі і Савецкага Саюзу. Так што ў працэнтах гэта падлічыць усё немагчыма, але маштаб, я думаю, зразумелы.

Сталін, Рузвэльт і Чэрчыль у Ялце, 1945 год

 

— Каштоўнасцямі Перамогі цяперашняя расейская ўлада апраўдвае сваю цяперашнюю агрэсіўную палітыку, анэксію Крыму, агрэсію да Ўкраіны. Як гэта атрымліваецца, што ўсё гэтае «можам паўтарыць», усё гэтае «победобесие» так лёгка прыжылося ў расейскім грамадзтве?

— Тое, што адбылося з расейскім насельніцтвам з 2014 году, з анэксіі Крыму — я гэтага не чакаў, хоць і ня меў ніякіх ілюзіяў. Паспяховасць гэтай спробы выйшла за рамкі прадказальнага. Чаму гэта атрымалася? У людзей цягам двух пакаленняў мэтанакіравана было сфармавана цалкам фантастычнае ўяўленьне наконт таго, чым была Другая ўсясветная вайна. Плюс ваенныя вэтэраны за рэдкім выключэннем даўно пайшлі з жыцця.

Зявілася новае пакаленне, якому можна распавядаць прыгожыя байкі, якія могуць ляпіць на свой патрыманы Опэль надпісы «Можам паўтарыць» з непрыстойнымі карцінкамі, для якіх гісторыя вайны — гэта нейкая разнавіднасць кампутарнай стралялкі. Плюс прапаганда 25 гадзін у суткі. Вядома, улада доўга да гэтага ішла — але дасягнуты ёю вынік мяне здзівіў.

— Хачу спытаць вашай думкі як прафэсійнага гісторыка: як вы ставіцеся да вэрсіі, выкладзенай у кнізе «Ледокол» Віктара Суворава, што СССР рыхтаваўся напасці на Нямеччыну ў ліпені 1941 году?

— Маё стаўленьне добра вядомае. Гэта ўжо даўным-даўно ня «вэрсія». Гэта аргумэнтаваная, пацьверджаная дакумэнтамі, фактамі і сведчаннямі, навукова ўстаноўленая ісціна.

Бясспрэчным фактам ёсць тое, што Сталін рыхтаваўся да вайны, рыхтаваў наступальную апэрацыю на заходніх савецкіх межах. Можна назваць гэта нападам на Нямеччыну, але гэта будзе ня вельмі дакладна. І гэтая апэрацыя павінна была пачацца летам 1941 году, у сярэдзіне ліпеня. І ў момант, калі падрыхтоўка да гэтага ўварвання ў Эўропу ішла поўным ходам, Гітлер апярэдзіў таварыша Сталіна на адзін крок.

Віталь Цыганкоў, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: