Тры чвэрці беларускіх пісьменнікаў і паэтаў было рэпрэсавана ў часы сталінскага тэрору. У 1937-м годзе ў дачыненні да беларускай інтэлігенцыі НКВД сфабрыкавала справу аб стварэнні імі нацыянал-фашыстскай арганізацыі з мэтай знішчыць савецкую ўладу на Беларусі. Стралялі людзей, палілі рукапісы і кнігі, нішчылі ўсё, што мела дачыненне да беларускасці. Belsat.eu меў магчымасць пабачыць пратаколы допытаў арыштаваных і расстраляных у 37-м годзе беларускіх літаратараў. 

Хлопцаў ставілі на калені, прасоўвалі паміж пальцаў аловак і сціскалі руку. Ізраіль Ляплеўскі, наркам НКВД у Менску, асабіста прысутнічаў на допыце і, усведамляючы значнасць справы, важна пытаўся: «Прызнаеце, што састаялі ў фашысцкай арганізацыі?». Пальцы падследнаму сціскалі мацней. «Прызнаеце, што хацелі адлучыць Беларусь ад Савецкага саюзу і прыхінуцца да капіталістычнага Захаду?».

30 ліпеня 1937 году выйшаў загад НКВД аб аперацыі па знішчэнні «антысавецкіх элементаў», які адкрыў шлях жудасным сталінскім рэпрэсіям. 1 жніўня 1937 году ва ўнутраным дворыку «амерыканкі» у Менску ў агні гарэлі рукапісы беларускіх пісьменнікаў.

Пратаколы пад капірку

Збітыя да паўсмерці арыштаваныя падпісвалі ўсе абвінавачванні, а на наступны дзень адмаўляліся ад іх.

Згодна з пратаколамі допытаў, беларускіх пісьменнікаў і паэтаў ў 1937-м годзе абвінавацілі ў падрыхтоўцы ўзброенага паўстання, планах узарваць будынак Саюзу пісьменнікаў БССР і ўсталяваць на Беларусі фашысцкі рэжым. Копіі пратаколаў збіраў Леанід Маракоў, пляменнік рэпрэсаванага пісьменніка Валерыя Маракова, аўтар даведніка «Рэпрэсаваныя грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі».

З пратаколу допыту пісьменніка Анатоля Вольнага. Пісьменнік прызнаецца ў тым, што з’яўляецца ўдзельнікам нацыянал-дэмакратычнай арганізацыі, якая ставіць сваёй мэтаю стварэнне капіталістычнай дзяржавы з фашысцкай формай улады.

 

«Дастаткова адзін раз прачытаць гэтыя пратаколы, каб зразумець, што яны напісаны следчымі, і нават не са слоў падследных. Усе яны былі пісьменнікі, добра валодалі словам, ды што казаць, гэтыя пачварныя фармулёўкі хіба маглі належаць літаратарам? Дый пабачце: пратаколы паўтараюцца, блокамі, словамі, выразамі, адное і тое ж у пратаколах розных допытаў» – кажа Ганна Севярынец, пісьменніца, даследчыца беларускай літаратуры.

У пратаколах допытаў таксама называюцца імёны калегаў і паплечнікаў падследных. Выглядае на паперы, быццам яны самі здавалі адзін аднаго, выцягваючы на нізку новых арыштаваных. На практыцы ж, напісаныя ў пратаколах імёны даўно былі вядомыя НКВД з іх уласных крыніцаў. Падследным задавалі пытанні, з кім яны вучыліся ва ўніверсітэце, з кім знаёмыя асабіста. Імёны заносіліся ў пратакол і згаданаму чалавеку прадяўлялася, што ёсць сведка яго прыналежнасці да нацыянал-дэмакратычнай арганізацыі.

Чытайце па тэме:  Высветлена імя яшчэ адной імавернай ахвяры «віцебскіх Курапатаў»

«Яны нікога не здавалі, разумееце? Трэба проста забыцца на гэтую фармулёўку датычна тых, хто прайшоў той следчы працэс. Гэта было проста бесчалавечнае катаванне. На паэтаў і пісьменнікаў выклікалі самых жорсткіх следчых, бо па духу пісьменнікі былі нязломныя. Алеся Дудара, прыкладам, з 1 па 3 лістапада дапытваў сам Ляплеўскі, наркам НКВД. Падумайце пра даты: 1 лістапада арышт, 3 лістапада – пратакол прызнальных паказанняў. Ляплеўскі быў вядомы звер. Уявіце сабе, наркам, заняты чалавек, але прыходзіў на допыты, вёў іх, бо гэта была вельмі важная справа – знішчэнне нацыянальнай інтэлігенцыі. Таму не саромеліся ў сродках. Людзі пасля катаванняў ужо і не бачылі і не ведалі, што падпісваюць», – кажа Ганна Севярынец.

Дапытвалі пісьменнікаў канвеерам: адзін падследны, некалькі следчых. Падследнага «ставілі на канвеер» і дапытвалі двое, трое, пяць сутак, без ежы, вады. Не давалі ані сесці, ані спаць. Пра падрабязнасці катаванняў стала вядома ўжо з пратаколаў допытаў саміх следчых. Іх пазней таксама расстралялі за жорсткасць і перавышэнне паўнамоцтваў.

З пратаколу допыту пісьменніка Анатоля Вольнага. Беларускіх «нацыяналістаў» прымушалі прызнавацца ў сувязях з такой жа фашысцкай арганізацыяй ва Украіне.

 

З пратаколу допыту пісьменніка Анатоля Вольнага. Пісьменнік кажа, што мэтай арганізацыі было аднавіць беларускую дзяржаўнасць у этнаграфічных межах.

 

З пратаколу допыту пісьменніка і журналіста Міхася Багуна. Пісьменнік кажа, што рыхтавалася паўстанне моладзі і сялянаў супраць савецкай улады. На першым допыце Міхась Багун падпісвае ўсё, што напісана ў пратаколе. На другім – адмаўляецца ад усіх сваіх сведчанняў.

 

З пратаколу допыту Уладзіміра Хадыкі. Літаратар кажа, што выступаў супраць рэформы беларускай мовы. На палях копіі пратаколу напісана рукой, што перапісвала пратакол : “пасля катаванняў”

 

Чытайце па тэме:  Зміцер Вайцюшкевіч: класік «паэзіі спяванай»

Пад кожным пратаколам – акт аб знішчэнні літаратуры, кніжак, што ў арыштаваных забіралі пры вобшуку.

Акт аб знішчэнні усей літаратуры, вынятай пры вобшуку ў пісьменніка Валерыя
Маракова.

 

Выпадковых людзей там не было 

Пісьменнікі і інтэлігенцыя, што траплялі за краты і пад расстрэл у 1937-м годзе, даўно былі «пад шапкай» у НКВДшнікаў. За імі сачылі з 1927-га году, з той пары, як нацыянальная ідэнтычнасць народаў СССР стала для Сталіна пагрозай яго палітычнаму курсу. Маладая беларуская інтэлігенцыя ў напружанні і адчаі назірала за тым, як перамены паварочваліся ў катастрофу для беларускай нацыі. Яны спадзяваліся, што рэвалюцыя прынясе беларусам лепшую будучыню, а яна нішчыла іх планы.

«На пачатку ўсе яны шчыра, непрыдумана ўсхвалялі рэвалюцыю. Больш сталыя разумелі, да чаго гэта вядзе, і бачылі іншае развіццё падзеяў, як Купала, напрыклад. Але моладзь, якую расстралялі ў 37-м, падчас рэвалюцыі была ва ўзросце 17-25 гадоў. Гэта такі час, калі ты па прыродзе сваёй прагнеш пераменаў. Усе абрыдлае, старое, што бачыў у сваім паднявольным жыцці беларус, рушыцца, і гэта добра», – распавядае Ганна Севярынец.

Дэпрэсіўныя настроі ў асяроддзі беларускіх пісьменнікаў пачаліся прыкладна ў 1926-м годзе, калі самым прадбачлівым стала зразумела, што нацыянальнае пытанне Сталін будзе вырашаць вынішчэннем культураў і моваў. З дакументаў, што дзівам трапілі ў агульнадаступныя архівы, на гэты час вядомыя прынамсі дзве падрабязныя дакладныя запіскі пра нацыяналістычныя настроі сярод беларускай інтэлігенцыі. Іх напісаў адзін з так званых экспертаў з пытанняў літаратуры пры НКВД, якіх бралі з сабой на вобшукі, якія прысутнічалі тайна ці яўна на сустрэчах літаратараў і пільна сачылі за тым, хто і што кажа.

Чытайце па тэме:  Высветлена імя яшчэ адной імавернай ахвяры «віцебскіх Курапатаў»

Ва ўспамінах Масея Сяднёва, Яўгена Ціхановіча, Станіславы Плашчынскай, у шматлікіх сведчаннях ёсць прозвішчы такіх агентаў: Айзік Кучар, Эдуард Самуйлёнак, Лука Бэндэ. Усе нацдэмаўскія, контррэвалюцыйныя думкі, выказванні, запісваліся і складаліся ў стол, чакалі сваёй пары. Нацдэмаўскім, напрыклад, мог лічыцца верш, дзе быў радок кшталту «маці мая, Беларусь» або «мая радзіма Беларусь».

«Але ж нашыя хлопцы дазвалялі сабе і значна большае. Яны выступалі ў прэсе, казалі, што нам не патрэбнае «пазаддзе» братняй расейскай культуры. Чаму мы карыстаемся аб’едкамі свайго ўсходняга суседа, а не ставім свае п’есы, здымаем свае фільмы, а прывозім сюды рускую культуру? Гэта адкрыта пісалі ў прэсе Міхась Зарэцкі і Алесь Дудар» – кажа Ганна Севярынец. 

Алеся Дудара, Міхася Зарэцкага і Анатоля Вольнага зрабілі самымі злоснымі нацыяналістамі і кіраўнікамі так званай нацыял-фашысцкай арганізацыі. Усе былі расстраляныя ўвосень 1937-га. Знакаміты расстрэльны «сталінскі спіс» з іх імёнамі быў падпісаны асабіста Сталіным яшчэ да суда 15 верасня 1937 года.

З «Дзённіка» Кузьмы Чорнага.

«Іх катавалі вельмі жорстка, але я сапраўды не вельмі разумею, навошта. Усё, што трэба было для выраку, следчыя пазапісвалі ў пратаколы без усялякіх допытаў. Потым ужо, калі судзілі следчых, былі паказанні, што следчы Быхоўскі, прыкладам, пісаў фальшывая пратаколы, і толькі потым выклікаў падследнага, каб выбіць з яго не паказанні нават – адное подпіс. А потым – толькі расстрэл, бо як мінімум нельга было пакідаць сведкаў таго, што там, у турме, рабілася. Стралялі ўсіх, бо ведалі, што калі есць нацыянальная інтэлігенцыя, дай ім хоць маленькую магчымасць, яны будуць развівацца, нешта рабіць» – кажа Ганна Севярынец.

З пратаколу допыту пісьменніка Валерыя Маракова. Ён прызнае, што вербаваў у нацыянал-дэмакратычную арганізацыю ўсіх, хто быў чымсьці «пакрыўджаны».

 

З пратаколу допыту пісьменніка Валерыя Маракова. Ён сведчыць, што беларускія нацыяналісты мелі сувязь з украінцамі, і разам прапагандавалі братэрства і блізкасць абодвух народаў.

 

З пратаколу допыту пісьменніка Сымона Баранавых. Ён называе свой пераклад з паэзіі ў прозу верша Я.Купалы «Зязюлька кукавала» нацыяналістычным творам.

 

З пратаколу допыту Дзмітрыя Астапенкі. Пісьменнік прызнаецца ў нацыянал- фашысцкай дзейнасці.

 

З пратаколу допыту Дзмітрыя Астапенкі. Сцвярджаецца, што ён нібыта меў намер разваліць калгасы і саўгасы і перадаць фабрыкі і заводы ў рукі беларускіх і польскіх капіталістаў.

 

Вераніка Уладзімірава, belsat.eu


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.