Экс-кандыдат у дэпутаты Менскага гарсавету Мікіта Семяненка атрымаў адказ ад старшыні Менскай выбарчай камiсii наконт шматразовага галасавання адной асобы на ўчастках Кунцаўшчыны. Камісія прызнала парушэнні, але ня бачыць у гэтым праблемы.

Падчас датэрміновага галасавання на мясцовых выбарах грамадзкі актывіст Дзяніс Краўчук прагаласаваў на трох розных участках Менску бяз менскай рэгістрацыі. Праверыць паводзіны выбарчай камісіі Семяненка папрасіў Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю. ГУБАЗіК перанакіраваў зварот экс-кандыдата ў саму выбарчую камісію, на дзеянні якой скардзіўся Семяненка.

У адказе, які падпісаў старшыня Менскай гарадзкой выбарчай камiсii Дзмітры Шаўцоў, гаворыцца, што фатаздымкі, якія Семяненка падаў як доказ, нічога не пацвярджаюць.

Тым ня менш факт неаднаразовага галасавання Краўчука старшыня выбарчай камісіі прызнаў. Паводле Шаўцова, на выбарчым участку № 68 Краўчук атрымаў бюлетэнь для галасавання, прад’явіўшы пашпарт і дагавор найму жылога памяшкання, і быў занесены ў спіс выбарнікаў дадаткова, што не супярэчыць выбарчаму заканадаўству.

«Гэта поўная лухта. — пракамэнтаваў гэты адказ Свабодзе сам Дзяніс Краўчук. — На відэа добра чуваць, што я не прасіў уносіць сябе ў ніякія спісы. Пра гэта ўвогуле не было размовы. Яны ўсё гэта прыдумалі. Поўная хлусня. Калі для іх відэа — ня доказ, то невядома, што для іх доказ».

Два наступныя галасаванні Краўчука на ўчастках №№ 64 і 73 Шаўцоў прызнаў. Ён назваў гэта «парушэннем чальцамі выбарчых камісіяў працэдуры дадатковага ўключэння грамадзян у спісы выбарнікаў». Але, паводле старшыні Менскай гарадзкой выбарчай камісіі, парушэнне не паўплывала на вынік выбараў.

Чытайце па тэме:  Раскрыта таямніца "выбарчых каруселяў". У Мінску адзін выбаршчык паспяхова "галасуе" на двух частках (відэа)

«Адназначнае працэдурнае парушэнне не паўплывала на вынікі галасаваньня. Апусканне Краўчуком у скрыню ліста для галасаванні з надпісам „Фальсыфікацыя“ ня сведчыць аб якіх-небудзь іншых парушэннях з боку камісіі», — гаворыцца ў адказе.

Шаўцоў паабяцаў узманіць мэтадычную працу з чальцамі выбарчых камісіяў.

21 лютага заяву ў Следчы камітэт з просьбай праверыць дзеянні ўчастковых выбарчых камісіяў накіраваў і сам Краўчук. Сёння ён атрымаў адказ. З яго вынікае, што СК не збіраецца займацца гэтай справай, бо ня лічыць, што магчымае парушэнне паўнамоцтваў выбарчай камісіяй знаходзіцца ў яго кампэтэнцыі. Магчымыя незаконныя дзеянні выбарчай камісіі, паволе Следчага камітэту, павінна ацаніць сама выбарчая камісія.

Адказ са Следчага камітэту

 

«Усе парушэнні відавочныя. — гаворыць Краўчук. — Усе дэталі бачныя на відэа, і ацэнку павінны былі даваць следчыя. На відэа са школы N201 старшыня і чальцы выбарчай камісіі ўпершыню мне нагадваюць пра дададковы спіс, ужо постфактум. Узнікае пытанне, а як тады я атрымаў бюлетэнь? Хіба гэта не парушэнне для іх? Але ўлады цяпер будуць усяляк выкручвацца. Яны ж ня будуць самі сябе караць».

Актывіст грамадзкага руху «Дзея» Дзяніс Краўчук пабачыў у інтэрнэце паведамленне пра тое, што адміністрацыя навучальных устаноў упісвае алоўкам у пашпарты студэнтаў пэўныя лічбы, і пасля ўладальнікі такіх пашпартоў ходзяць па некалькіх участках і галасуюць на іх.

Чытайце па тэме:  Актывіст, які прагаласаваў на трох розных участках, звярнуўся ў Следчы камітэт

Дзяніс паставіў сабе лічбы 000-179 і таксама паспрабаваў прагаласаваць на двух выбарчых участках у менскіх школах, фіксуючы гэта на камэру мабільнага тэлефона.

Дзмітры Гурневіч, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: