«Сказаў бы хто цяпер „Девятый отряд, строиться!“, я б ускочыў», — японскі мастак Даічы Ёшыда пасля 1 году 9 месяцаў зняволення ў Беларусі вярнуўся на радзіму ў Японію.

Даічы Ёшыда

 

Асуджаны ў 2017-м на 4,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму за нелегальны правоз зброі, ён быў неспадзявана вызвалены 22 траўня 2018-га. Вярхоўны суд, які раней адмаўляўся пераглядаць справу Ёшыда, урэшце палічыў ягоны прысуд занадта жорсткім. У калёніі, дзе ён адбываў пакаранне, кажа Даічы, такіх выпадкаў ня памятаюць.

Радыё Свабода 5 месяцаў сачыла за лёсам японскага мастака і пагутарыла з ім праз тыдзень пасля яго вяртання ў бацькоўскі дом

Даічы Ёшыда (злева) з братам Сэйя і маці Ёка па дарозе ў Японію пасьля вызвалення з беларускай калёніі

 

«Колькі хабару ты даў ва ўкраінскім аэрапорце?»

Падзеі амаль двухгадовай даўнасці Даічы ўзнаўляе дэталёва. Большасць з іх запісаная ў дзённік, які ён вёў увесь гэты час. У жніўні 2016-га ён вяртаўся з фэстывалю ў Адэсе, куды яго ўжо некалькі разоў запрашалі як мастака манга. У Кіеве ў ліцэнзаванай краме набыў часткі зброі.

«Прадавец Віталь па-ангельску сказаў мне, што ўсё дэактываванае і гістарычнае. Самыя танныя былі дэталі ад вінтоўкі Мосіна. Я вырашыў іх купіць, бо сказалі, што яны дэактываваныя і на іх ня трэба дакумэнты. У Японіі я таксама магу такое купіць, але амаль у 10 разоў даражэй», — тлумачыць Ёшыда і кажа, што набываў часткі ад зброі розных прамысловых марак і з рознымі сэрыйнымі нумарамі.

16 жніўня 2016-га Даічы вылецеў рэйсам Кіеў — Токіё з транзытнымі перасадкамі ў Менску і Абу-Дабі. Вылятаў з аэрапорту «Кіеў-Жуляны».

«Я спытаўся ў аэрапорце, ці можна гэта правозіць. Яны раззлаваліся, бо мой багаж ужо быў зарэгістраваны. Сказалі: „Чаму ты цяпер пра гэта пытаесся?“ Спынілі мой багаж, мяне па гучнай сувязі папрасілі прайсці да службаў бяспекі. У адмысловым пакоі былі супрацоўнікі службы бяспекі і мытні. Усяго 10 чалавек, сярод іх 3 жанчыны. Кіраваў усім малады чалавек са службы бяспекі, ён адзін быў у звычайным гарнітуры. Усе іншыя ва ўніформе».

Даічы кажа, што ўсё, што было ў ягоным багажы, праверылі вельмі пільна і пыталіся, дзе набыў часткі зброі.

«Праз 10 хвілін паведамілі, што я магу ўсё запакаваць. Але сказалі: „Наступным разам будзь асцярожны з гэтымі рэчамі“», — мастак таксама пацьвярджае, што гэтыя рэчы былі сфатаграфаваныя, а службы бяспекі кіеўскага аэрапорту праверылі ягоны квіток і ведалі, што ён ляціць у Менск рэйсам «Белавія».

«Я прыляцеў у менскі аэрапорт рана. У мяне было вельмі шмат часу да наступнага рэйса. Я спаў, гуляў. За паўгадзіны да рэйса мяне выклікалі па гучнай сувязі. Я падумаў, што я прапусціў рэйс», — Даічы кажа, што калі ён падышоў да гейта, там яго ўжо чакалі два супрацоўнікі службы бяспекі аэрапорту. Яго завялі ў адмысловы пакой. Багаж паклалі на стол і папрасілі яго адчыніць.

«Там ніхто не гаварыў па-ангельску, а толькі па-расейску. На смартфоне перакладалі праз гуглтранслэйт, — кажа ён. — Уся гэтая размова заняла вельмі шмат часу. Я адчыніў багаж, паказаў ім усе мае рэчы. Яны спыталі, дзе я гэта ўзяў. Адзін супрацоўнік службы бяспекі спытаў, колькі хабару я заплаціў ва ўкраінскім аэрапорце. Я адказаў: «Хабар?! Хабар?! Я не плаціў аніякага хабару, усё гэта дэактываванае, там праверылі мой багаж і сказалі „ОК“. У чым праблема?!»

Яшчэ з тыдзень Даічы правёў у інфэкцыйным шпіталі, бо захварэў. Адтуль трапіў у пастарунак, а пасля ў ІЧУ.

«Там сказалі, што ў ботах ёсць мэталічныя часткі, і забралі іх. Я хадзіў басанож. У мяне былі такія брудныя ногі. І ў туалет таксама бяз ботаў. Гэта было сапраўды жудасна», — кажа Даічы. У такіх умовах ён правёў каля тыдня. За гэты час яго выклікаў следчы. На допыце прысутнічаў перакладчык з японскай мовы. Даічы згадвае, што следчы пытаўся пра ягоную сям’ю, адкуль узяў зброю і што адбывалася ва ўкраінскім аэрапорце.

Адтуль мастак трапіў на «Валадарку» ў камэру № 22. «Адмысловую, — кажа ён. — Там было шмат кіраўнікоў кампаній. Быў дырэктар, якога арыштавалі за будоўлю. Яго звалі Лёня. У большасці былі артыкулы 424 («Злоўжыванне ўладай». — РС) і 430 («Атрыманьне хабару». — РС).

Там Даічы наведаў японскі консул. «Сказалі, што мяне падазраюць па двух артыкулах — 295 частка 2 і 333 частка 1. Апошні артыкул вельмі кепскі, у ім пакараньне пачынаецца ад трох гадоў, і гэта за перамяшчэньне празь мяжу. Але я не перасякаў мяжу! Я быў у транзытнай зоне!»

«Прыклаў лязо да шыі і хацеў скончыць гэтую гісторыю»

«Трэцяга верасня мне загадалі спакаваць рэчы і адправілі ў Жодзіна. Мая камэра — нумар 31 у першым сэктары. 8 чалавек з 10 мелі адзін артыкул, кожны паўтараў: «Тры два восем, тры два восем» (арт. 328 КК — «Незаконнае абарачэнне наркатычных рэчываў»).

Жодзінская турма № 8 — найгоршая з усіх, кажа Даічы.

«Туалета там як такога няма, ані дзьвярэй, анічога. Тэмпэратура ў камэры каля 30 градусаў, кандыцыянэра ніякага. Усе хадзілі раздзетыя. Вэнтылятар уключалі на 10 хвілін у дзень. Навошта? — кажа ён. — І ўсе кураць адначасова. Я цэлы месяц кашляў. Гэта нібыта газавая камэра».

Калі Даічы трапіў у камэру, там было 10 чалавек і 10 ложкаў. Але ўжо праз некалькі гадзін дадаліся яшчэ тры зняволеныя. Спаць трэба было па чарзе.

«Ужо на наступны дзень я спаў на другім паверсе. Жанчына-ахоўніца пагрукала ў дзьверы, сказала: „Пад’ём, ня спаць“. Шэры (сукамэрнік. — РС) мне сказаў, каб я выбіраўся з ложка, бо ў гэтай турме ты ня можаш ляжаць на другім паверсе ўдзень. Але на „Валадарцы“ не было так, — кажа Даічы. — Я быў на мяжы вар’яцтва: „Ня сьпі, не станавіся каля дзьвярэй, бо ахоўнікі ня могуць зазіраць у камэру, не складай рэчы ў наўлечку“, усе кураць, ахоўнікі вельмі агрэсіўныя. Праз тыдзень я адчуў, што вар’яцею. Толькі праз два тыдні ў Жодзіне я трапіў у душ».

Дзённік, які Даічы Ёшыда вёў у зняволенні ў Беларусі

 

Жанчыны-ахоўніцы ўражвалі японца найбольш. «Было заўважна, што яны на 100 працэнтаў супадаюць з гэтай сыстэмай. Яны ўвесь час грукалі ў дзверы, крычалі „Пад’ём!“. Мужчыны-ахоўнікі часам разумелі гэтыя жудасныя ўмовы і не былі такія жорсткія. Я нават мог спаць, калі яны дзяжурылі. Але жанчыны былі жудасныя», — кажа Даічы.

У жодзінскай турме, згадвае Даічы, распарадкі былі найгоршыя.

«Я спытаў у Шэрага, ён добра ставіўся да мяне, як такое можа быць. „Мы ў вар’яцкай краіне“, — адказаў ён. Яшчэ ён сказаў, каб я быў моцным, бо ў турмах ёсць людзі, якія ня любяць іншаземцаў. І яшчэ нельга плакаць».

Сукамэрнікі, згадвае ён, у Жодзіне зусім іншыя, чым на «Валадарцы». Адзін цыган, які трапіў у турму за крадзеж двух коней, увесь час спрабаваў зрабіць «алькаголь».

«У плястыкавую бутэльку наліваюць ваду, дадаюць хлеб, цукар і ставяць на батарэю», — згадвае ён. Іншыя, кажа Даічы, былі «як гангстэры» — з татуіроўкамі на твары і слядамі ад іньекцый на целе. «Адзін быў цяжкі наркаман, не разумею, навошта яго садзіць у камэру з астатнімі. Ён быў вельмі агрэсіўны, крычаў моцна. Заўжды лаяўся матам. Ад гэтага было моташна, — кажа ён. — Але яго пасля забралі з камэры, бо пакаралі за тое, што ён паслаў „на…“ ахоўніка».

За гэты час японскі мастак добра засвоіў турэмныя парадкі.

«Калі ў сцяну з суседняй камэры б’юць двойчы, гэта значыць „тут міліцыя, будзьце асцярожныя“. Калі тры разы — гэта азначае „шмон“», — дзеліцца Даічы турэмнымі ведамі. — Тады трэба было схаваць усе рэчы, самаробны алькаголь, сок. Дарэчы, плястыкавыя кубкі былі забароненыя. Давалі толькі алюмініевую конаўку бяз ручкі. Калі ў ёй нешта гарачае, то ўзяць яе немагчыма».

Маці Даічы – Ёка Ёшыда – прыяжджала ў Беларусь 10 разоў. У апошні – каб забраць сына дахаты

 

Увесь гэты час мастак вёў дзёньнік па-японску. «Мне няма на што спадзявацца ў гэтым месцы. Я не магу смяяцца, размаўляць, жартаваць. Я бачу праз вакно толькі маленькі кавалак неба. Гэты кавалак вельмі прыгожы, блакітны, але мне ад гэтага вельмі сумна», — зачытвае ён свае запісы.

22 верасня да яго прыехала маці Ёка Ёшыда. «Тады мы яшчэ ня ведалі, як працуе сыстэма ў вашай краіне. Я думаў, што праз два месяцы мяне выпусцяць. І мая маці таксама так думала. Шэры сказаў „Ня верце таму, што яны кажуць, насамрэч усё ня так, яны нічога ня робяць на дабро“», — згадвае Даічы.

«30 кастрычніка паламаўся туалет, — гартае Даічы старонкі дзённіка. — Гэта зрабіў хлапец з Барысава. Ён быў у турме 4-ы раз, і яго ведалі многія ахоўнікі. А ён сам ведаў шмат усялякіх спэцыяльных штук. Як скантактавацца з іншай камэрай, напрыклад. Праз туалет хацеў перадаць туды цыгарэты і цукар. І паламаў яго».

Яшчэ адзін эпізод са свайго перабывання ў жодзінскай турме Даічы не запісаў у дзёньнік. Але памятае.

«Аднойчы ўначы я хацеў перарэзаць сабе горла лязом, — кажа ён. — Але мяне спыніў хлапец, былы міліцыянт. Думаю, ён ужо назіраў за мной. Ён схапіў маю руку і сказаў: „Не рабі глупстваў“. Чаму я гэта зрабіў? Вакол былі злыя людзі, я ня верыў у правасуддзе, умовы былі жахлівыя. Ахоўнікі ўвесь час б’юць у дзверы: ня спаць, ня спаць, устаць з ложка. Я хацеў скончыць гэтую вар’яцкую гісторыю».

Адзін з лістоў, які Даічы Ёшыда даслаў з калёніі

 

Такія думкі, з досведу японскага мастака, у жодзінскай турме прыходзяць ня толькі да яго. Па турме, кажа ён, хадзілі чуткі, што ў 2016-м там скончылі жыццё самагубствам 2 чалавекі. (У 2016 смерцяў у жодзінскай турме было больш. — РС.)

«Дык вы ж самі „нярускія“!»

Пры канцы лістапада Даічы вярнулі на «Валадарку» ў тую ж камэру № 22.

«Там былі тыя ж людзі, некаторых перавялі ў іншую турму, — кажа ён. — Быў там Аляксандар Мураўёў (былы ўладальнік „Мотавела“, асуджаны на 11 гадоў пазбаўлення волі. — РС). А Юры Паўлавец (аўтар расейскага выдання Regnum, асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай за „распальванне нацыянальнай варажнечы“. — РС) быў адзіны чалавек у камэры, які без ваганьняў скардзіўся на Лукашэнку і праваахоўную сыстэму. Ён казаў, што яму падабаюцца беларусы, Беларусь, і ён сапраўды хоча змяніць гэтую сыстэму. Я даў ім адзін з маіх малюнкаў для ягонай дачкі».

Першае паседжанне суду было 30 лістапада. «Мне падалася, што следчы неяк лёгка ставіўся да маёй справы і не лічыў яе сур’ёзнай. Ён казаў, што ўкраінскі аэрапорт стварыў праблему. Я паведамляў, што ва ўкраінскім аэрапорце ёсць усе звесткі пра мяне, фатаздымкі. Але ніхто туды не звярнуўся».

Радыё Свабода звярталася да службаў бяспекі аэрапорту «Кіеў-Жуляны» з просьбай пацьвердзіць словы Даічы Ёшыда. Нам адказалі, што ня маюць права прадстаўляць такія звесткі.

Суддзя прызначыў яшчэ адну экспэртызу зброі. Яна цягнулася некалькі месяцаў, праз гэта суд зацягнуўся амаль на паўгода. Паводле экспэртызы, некаторыя часткі зброі прызналі прыдатнымі для выкарыстання.

«28 красавіка мяне асудзілі на 4 гады і 6 месяцаў, — кажа Даічы. — Я не ўсведамляў, што адбываецца, у мяне быў стрэс. Я ня бачыў падставаў, каб абвінавачваць мяне. У судзе супрацоўнікі аэрапорту казалі, што я не абавязаны праходзіць мытны надгляд. Уся адказнасць ляжала на ўкраінскім аэрапорце. Я думаў, што мяне вызваляць пасля суду. І мая маці так думала. Але гэта ня спраўдзілася».

Апэляцыю, пададзеную адвакатам, не задаволілі. Яшчэ праз тры месяцы Даічы апынуўся ў віцебскай калёніі № 3.

«Мне спачатку падалося, што там лепш, чым на „Валадарцы“. Я мог бачыць неба, пакоі большыя, нешта кшталту вайсковага лягера, — згадвае Даічы. Тут упершыню за год ён змог палячыць зубы. — Ежа была горшая, часам знаходзіў у ёй каменьчыкі. Асабліва ў „пярлоўцы“».

Але пабачанае ў калёніі шакавала яго ня менш, чым тое, што адбывалася ў турмах.

«За 9 месяцаў я бачыў, як памерлі 5 чалавек. 1 верасня (2017. — РС) адзін зняволены скончыў жыццё самагубствам, — кажа ён. — Я быў шакаваны, наколькі ўсё кепска. Я шмат з кім размаўляў пра гэта. Большасць асуджаных сядзіць у „наркатычным“ сэктары. Адзін 19-гадовы хлапец проста падзяліўся „касяком“, і ўсё — „328 частка 3, 10 гадоў“, ён ужо „дылер“. Я не магу такое ўявіць, не разумею гэтага».

Па-ангельску амаль ніхто не размаўляў, але там ён пазнаёміўся і пасябраваў з брытанцам Аланам Сьмітам. Нягледзячы на папярэджанні, з выразным расізмам не сутыкаўся. «Мяне проста ігнаравалі, — кажа ён. — Некаторыя казалі: «Нярускі, нярускі». Мяне гэта дзівіла і злавала: «Чаму вы так кажаце, вы ж самі нярускія. Вы ж беларусы».

«Нічога ня робяць для свайго вызвалення, а проста сядзяць у турме і чакаюць»

Самы цяжкі пэрыяд у калёніі пачаўся пасля таго, як пра Даічы Ёшыда напісала Радыё Свабода:

«30 студзеня я прачытаў артыкул Радыё Свабода (перадрукаваны ў газэце „Народная Воля“. — РС), а 31 студзеня мяне перавялі ў іншы атрад. Яны сталі нам (з Аланам Сьмітам. — РС) пагражаць, казаць: „Не размаўляйце з гэтым японцам, ангельцам“. Некаторых нават адпраўлялі ў спэцыяльны пакой для пакаранняў, ён называецца „чырвоны дом“. Тых, хто размаўляў са мной і з Аланам, перавялі ў іншыя атрады», — кажа Даічы.

За ўвагу да сябе і распаўсюд інфармацыі пра ягоную справу ён удзячны і блогеру Аляксандру Лапшыну. Дзякуючы розгаласу ў калёнію сталі прыходзіць лісты — з пачатку году ён атрымаў іх 60.

«Цікава, што 85% тых, хто мне пісаў, жанчыны, — усміхаецца ён. — Шмат хто выбачаўся за сваю краіну. Казалі, што гэта ганьба. Пыталіся, як мае справы. Аднойчы я атрымаў ліст, які быў падпісаны нібыта адвакатам, але думаю, што ён стопрацэнтна быў ад міліцыі. Там было напісана, каб я не рабіў шуму».

Вызваленне Даічы шмат для каго стала нечаканасцю. Аднак сам ён, як сцвярджае, меркаваў, што так і будзе.

«Я чакаў, што мяне вызваляць, бо гэта палітычная праблема (для беларускіх уладаў. — РС). Асабліва для „Белавія“. Думаю, яны маглі б збанкрутаваць, — кажа ён. — Інфармацыя пра мяне стала распаўсюджвацца са студзеня. Праз 4 месяцы яны вырашылі, што мяне трэба вызваліць. Гэта амаль так, як я чакаў. Адзін чалавек, які 10 гадоў ужо адседзеў у ІК-3, сказаў, што першы раз такое бачыць».

Урывак з пастановы судовай калегіі Вярхоўнага суду пра змяньшэньне тэрміну пакарання для Даічы Ёшыда

Ён лічыць, што на рашэнне пра ягонае вызваленне паўплываў асабіста Аляксандар Лукашэнка, з лістом да якога двойчы звярталася маці Ёка Ёшыда. З прызначанага яму пакарання ён адбыў 1 год і 9 месяцаў.

«Я ведаю толькі турму. Усё, што я магу сказаць пра Беларусь, — гэта пра турму. І маё меркаванне — гэта меркаванне беларускага зняволенага. Я бачыў людзей, якія былі асуджаныя без падставаў на 9–10 гадоў. Вядома, там былі людзі, якія здзейснілі злачынствы. Але ўсе разумелі, што маё пакаранне занадта жорсткае. І я, і іншыя ведалі, што я невінаваты. Усё гэта шакавала», — кажа Даічы Ёшыда.

Цяпер ён кажа, што хоча зрабіць кнігу коміксаў пра тое, што адбылося з ім у Беларусі. А яшчэ — давесці сваю невінаватасць.

«Я хачу працягваць змагацца. Калі ўсе часткі зброі былі дэактываваныя, за што мяне арыштавалі? Я бачыў столькі людзей, якія былі арыштаваныя ні за што. Тут няма справядлівасці, і закон не працуе. Я хачу, каб мяне прызналі невінаватым, — кажа ён. — Мне трэба падтрымка. Ад гэтай вар’яцкай сыстэмы пакутуе шмат людзей. Я бачыў, як людзі гублялі сваю будучыню».

Хоць ён перакананы, што сыстэма павінна зазнаць змены, але ў тое, што яны могуць адбыцца хутка, ня верыць.

«Трэба, каб людзі змяніліся. Мне казалі — „Чакай амністыі, чакай „УДО (умоўна датэрміновага вызвалення – РС)“. Я шмат каго намаўляў змагацца, каб давесці, што іхнае пакаранне занадта жорсткае. Але яны казалі, што гэта марнаванне часу. І нічога не рабілі, проста сядзелі ў турме і пагаджаліся з сыстэмай. Столькі было зняволеных, але толькі 12 чалавек з іх хацелі давесці, што яны не вінаватыя».

Сям’я Ёшыда вярнулася ў Японію пасля зняволення Даічы (у цэнтры) ў Беларусі

 

За гэты час, кажа Даічы, ён страціў кантакт з большасцю сваіх знаёмых — хто пераехаў, хто памяняў электронную пошту, тэлефон.

«Ці забыліся пра мяне, — кажа ён. — Адзін я знаходзіўся нібыта ў машыне часу. Толькі адзін сябар дзяцінства не забыў мяне і чакаў. Мне вельмі сумна, што пакуль я быў на „Валадарцы“, памерла ягоная бабуля. Яна была вельмі добрым чалавекам, я яе вельмі паважаў».

Вызваліўшы японскага мастака з калёніі, Беларусь забараніла яму ўезд на пяць гадоў.

«Але калі ў „Валадарцы“ адкрыюць музэй, я абавязкова прыеду і схаджу ў яго», — кажа Даічы Ёшыда.

Аляксандра Дынько, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: