Сёньняшняя навіна № 1 асьвятляе аптымізмам як навінныя стужкі, так і стужкі ФБ. Яшчэ б, замест восеньскага трэмару ў чаканьні ядравай вайны на разколатай Карэйскай паўвыспе – нечаканая радасьць ад мірных ініцыятываў паўночнакарэйскага кіраўніцтва, якое, падаецца, усьведаміла, што нельга жыць у варожасьці, бадай, з усім сьветам, а вось лібералізацыя, дэмакратызацыя, мадэрнізацыя і г. д. нясуць шматлікія бонусы і плюшкі.

Яўген Красулін, Facebook

 

І толькі змрочныя скептыкі катэгарычна адмаўляюцца бачыць сьветлыя перспектывы старту мірнага працэсу ў Карэях. Што праўда, ёсьць для гэтага падставы. У прыватнасьці, тое, што падобныя сустрэчы ўжо былі. З такой жа помпай. З такімі ж спадзяваньнямі. Уласна, і пазітыўны вынік быў: Кімы выкараскаліся з катастрафічных эканамічных праблемаў, а паўднёвыя лідары атрымалі бонусы ў сябе на радзіме і, нават, нобелеўку у галіне ўсталяваньня міру ва ўсім сьвеце. Не было аднаго: стратэгічных пазітыўных зьменаў.

Вось і цяпер сустрэчу ацэньваюць, хутчэй, як крок да зьняцця санкцыяў (для Поўначы) і як сродак яшчэ большага ўмацаваньня пазіцыяў паўднёвакарэйскага прэзідэнта Мун Чжэ Іна.

І нешта мала падобна на тое, указваюць скептыкі, каб Кім адмовіўся ад сваёй пазіцыі лідару (з усімі бонусамі і плюшкамі, якія ліберальным дэмакратычным лідарам і не мроіліся) сваёй ізаляванай краіны дзеля сумнеўнай магчымасьці езьдзіць па ўніверсітэтах усяго сьвету зь лекцыямі на тэму: “Як я быў дыктатарам”. Тым больш, што Кім Чэн Ын – не адзіны прадстаўнік гэтай сям’і, і астатнія таксама наўрад ці жадаюць палітычнага плюралізму і дэмакратычных выбараў (разам зь іншымі жахлівымі дэмакратычнымі інстытутамі, кшталту незалежнай судовай сістэмы) на свае галовы.

Дык што, толькі чарговае “выгнаньне казла з хаты” для адчуваньня палёгкі, але каб потым зноўку яго туды запусьціць?

Не, варыянты ўсё ж ёсьць. І, калі мець пэўную сьмеласьць фантазіі, даволі цікавыя. Вось, напрыклад, чаму ліхаманка аб’яднальных ініцыятываў настолькі зьнянацку апанавала паўночнакарэйскае кіраўніцтва, што яно, якое толькі-толькі зьбіралася даўбануць па Поўдню ядравай ракетай, раптам кінуался ўтвараць адзіныя карэйскія каманды на Алімпійскія гульні? Чаму і цяпер сястрыца Кім Чэн Ына Кім Ё Чжон так таропіць Поўнач і Поўдзень да аб’яднаньня? Тая самая Кім Ё Чжон, дарэчы, якая ўпершыню засьвятлілася перад паўднёвымі карэйцамі (і астатнім сьветам) пад час Алімпіяды.

І вось тут узьнікае пытаньне: а ці не высьпеў у паўночных лідараў такі, напрыклад, варыянт. Карэі аб’ядноўваюцца. Канечне, на прынцыпах раўнапраўя і дэмакратыі. У Аб’яднанай Карэі арганізуюцца выбары, у якіх, канечне, удзельнічаюць кандыдаты з усёй паўвыспы. Кандыдаты ў прэзідэнты, канечне, таксама. Поўнач выстаўляе ад сваёй Рабочай партыі ну… ну, скажам, тую ж Кім Ё Чжон. Маладая. Сімпатычная. Моцная. Галоўным супернікам якой робіцца ну… ну, скажам, той жа Мун Чжэ Ін. Электаральны патэнцыял Кім – мільлёнаў гэтак 15-17 выбарцаў Поўначы (якія добра ведаюць,за каго трэба галасаваць). Мун на апошніх выбарах атрымаў каля 13,5 млн галасоў. Калі вынік застанецца папярэднім, Кім яго абыходзіць, хоць і “на тоненькага”. Зразумела, што за Муна на Поўдні ў гіпатэтычнай сітуацыі Аб’яднаньня можа прагаласаваць больш народу (каб не дапусьціць трыюмфу Поўначы). Але, адначасова, знойдзецца шмат і такіх, хто вырашыць падтрымаць маладую новую лідарку, пра якую казалі так шмат дрэннага, а яна вунь якая добрая (асабліва на фоне судзебных разьбіральніцтваў з папярэднімі паўднёвакарэйскімі прэзідэнтамі). Ды й колькасьць выбарацаў, якія могуць прагаласаваць проста “па прышпілу” за “новага”, можа апынуцца значнай і вырашыць лёсаваньне на карысьць Кім. І – опа – Кімы робяцца панамі ўсёй Карэйскай паўвыспы.

Як вам варыянт?

Варыянт, канечне, так сабе.

Па-першае, занадта рызыкоўны для Кімаў. Насельніцтва Поўдню ўдвая болей за насельніцтва Поўначы, і на электаральную перамогу рэсурсаў можа такі не хапіць (вось тут і пашкадуюць, што ольгінскіх троляў не навучылі загадзя карэйскай мове). Тады адзін шлях – электаральная параза і лекцыі (і добра, калі не судовы перасьлед). Таму трэба быць вельмі адвязанымі, каб вырашыцца на такі варыянт.

Па-другое, ён рызыкоўны і для Поўдню. А раптам Кім хопіць элекцыйнай падтрымкі? Ці знойдуцца іншыя хады для ўсталяваньня панаваньня Поўначы па-над усёй паўвыспай? І тады – ой.

Таму верагодным бачыцца такі сцэнар разьвіцьця падзеяў. Поўдзень вітае перамовы і крокі насустрач з боку Поўначы. Поўнач выступае за хутчэйшае аб’яднаньне. Поўдзень вітае гэтыя памкненьні, і прапануе ўтварыць камісіі па ўтварэньні камісіі па ўтварэньні камісіі па пачатку працэса аб’яднаньня. Поўнач пачынае настойваць на хутчэйшым правядзеньні агульных выбараў. Поўдзень вітае гэтую ініцыятыву і прапануе арганізаваць дадаковую камісію з шырокімі паўнамоцтвамі па пачатку ўтварэньня камісіі… (і далей па тэксьце). Поўнач пачынае абвінавачваць Поўдзень у адсутнасьці жаданьня пакласьці канец раз’яднаньню. Поўдзень кажа, што Поўнач карыстаецца мовай варожасьці, чым імкнецца падарваць працэс аб’яднаньня. Поўнач урубае свае гукаўзмацняльнікі на памежжы. Поўдзень праводзіць флёцкія манёўры непадалёк ад лініі падзелу. На тэрыторыю Поўдню залятаюць некалькі паўночных снарадаў. Поўдзень крычыць пра правакацыю. Поўнач абвяшчае пра працяг сваёй ядравай праграмы. Усё – да наступных сустрэчаў.

Дарэчы, зьвярнулі ўвагу, што Кім (Чэн Ын) і Мун павіталіся праз парог (разьмежавальную лінію)?

Яўген Красулін, эксперт па нееўрапейскіх цывілізацыях

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: