Беларускі літаратурны Алімп існы.

Прыгожы, сонечны, энергетычны. Але – маланаселены.

Асноўны творчы люд соўгаецца-блытаецца ў падножжы.

Белсат

 

Адчаго?

Адтаго, што Абстракцыямі распараджаюцца фізычныя дзядзькі і цёткі.

Вось толькі некаторыя драбніцы гэтага абсурду.

Ад часоў Канстанціна Вераніцына, які першым пабачыў беларускі Парнас, шмат вады выцекла. Зьмяніліся ўмовы, ідэі, падыходы… Але па-ранейшаму “усе з сабой цягаюць кніжкі” ды пазіраюць угору: а раптам незьмяроная высачыня запросіць да сябе!

Усходнія, ад Масквы, настроі так доўга перайначвалі-перараблялі край, што амаль выветрылі нацыянальны дух і прыстасавалі думку да гістарычнае другараднасьці, да немагчымасьці беларускага мастацкага крэатыву. Калі што і ўзьлятала, дык тольма з пазнакай расейскага стандарту. А ўвогуле, нас да “алімпійцаў” і блізка не падпускалі: маўляў, нязграбныя. Паступова   пісьменьнікі ператварыліся ў “писаталей” і ўжо аніяк не маглі засьведчыць сябе інакш, бо сутнасна, нутром былі зьнявечаныя. Гэткі стан беларускай літаратуры быў дасягнуты ня толькі маральнымі, але й фізычнымі высілкамі. Сама вялікае зьнішчэньне мянтальнасьці адбылося за саветамі, асабліва ў трыццатых гадох ХХ стагодзьдзя. Такога ня зьведвала, бадай, ніводная іншая нацыянальная культура.

Найбольш катастрофа ўражвае ў метафізычнай праекцыі.

Геніі, таленты, здатныя падрыхтоўваюцца ў шматлікіх касьмічных сусьветах не тысячы, а мільёны гадоў. Столькі ж высьпявае і вонкавае – прыроднае, сацыяльнае, грамадзкае, палітычнае – асяродзьдзе, дзе яны нараджаюцца і рэалізоўваюцца. Гэтаксама закладваецца і будучыня, але ўжо ўлучна зь іхным плёнам. Уяўляеце, колькі задзейнічана рэалізатараў і ўзроўняў быцьця! Якія бачныя й неўявімыя Сілы задзіночаныя! І раптам нейкая пачвара ў адно імгненьне…

У адрозьненьне ад нас, талерантных, рахманых і летуценных, злыдні заўсёды ведаюць – сьвядома альбо інтуітыўна – значэньне й важнасьць забойства інтэлекту. Нездарма у 90-х, злосна гледзячы на нашае Адраджэньне, яны зь нянавісьцю скрыгаталі: “Адкуль вы ўзяліся? Вас жа не павінна было быць!”

Так, спатрэбіліся неверагодныя намаганьні СУПОЛЬНАЕ КАСЬМІЧНАЕ НАЦЫІ, каб мы ня толькі сталі ўздымацца-аднаўляцца, але й годна пасьпяваць за іншымі народамі, ісьці поруч.

Ці бажалі мы тады Алімпу?

Безумоўна! Творчасьць палымнела! А гарачыя і адданыя ўзьвялічваюць Дух! І Ён нас вёў! Праз этапы… Мы заўжды хацелі людзьмі звацца! І – дамагліся свайго: сталі незалежнымі! Беларусам заўсёды дапамагаў іманэнтны гуманізм!

Але сьвет – супярэчлівы, разнаякі, падступны. Часам, кідае з агню ды ў прысак.

Менавіта такое й адбылося зь беларусамі.

Доўгачаканая свабода, разьняволіўшы мастацкія думкі і намаганьні, заразом на Алімп не падняла. Бо многія зноў патанулі ў марыве, мроях, падмане. На гэты раз – заходняга наўзору.

Калі цалкам браць постсавецкае трыццацігадовае жыцьцё нашае літаратуры, дык адразу ўзьнікае пытаньне: адкуль зьявілася такое аблічча?

Талентаў – дастаткова, твораў – на розны густ, тэмаў – багацьце… Але ўсё адно: выгляд – сьціплы, тутэйшы, не для Вышыняў. Дасьледчыкі яшчэ прааналізуюць усе прычыны. Мы ж даткнемся толькі да аднае.

Даўно заўважана: творцу зводзіць асяродзьдзе крытэрыўму, асабліва ўяўнага. Гэтае плюшчом авівае істоту і душыць ацэнкамі, стэрэатыпамі, умоўнасьцямі. Сёньня яно разнастайнае і паўстае як рэалізацыйная акружэнь пісьменьніка, інфармацыйнае абслугоўваньне, СМІ, рэклама, маркетынг, інтэрнэт і г.д.  Многія зь іх існуюць ад паведамленьняў, ходкай балбатні, байкаў пра літаратуру, аўтараў, пра дробныя культурныя інтарэсы; істотных пытаньняў і важных праблемаў яны не паднімаюць. Затое – і гэта галоўнае! – фармуюць погляды і ўяўленьні! Уражвае зангажаванасьць ды прыстасавальнасьць сфэры, а таксама сьхільнасьць пісьменьнікаў гуляцца ў мемы і падтрымліваць міты, што дадае асаблівых рыскаў да іх творчага партрэту.

Сярод іншых вылучаецца інфармацыйны старажыл “Радыё Свабода” – прыклад дыстанцыйнага ўплыву на працэс. Доўгі час рэсурс прыцягваў эфірным вяшчаньнем “з-за бугра”, апрацоўваў, рыхтаваў глебу пад перамены. Па сутнасьці, такім ён застаецца і зараз, толькі зь некаторымі карэктоўкамі часу ды гаспадароў. Ня будзьма практыкавацца ў кансьпіралагічных версіях, але назіраньні паказваюць на цікавыя трансфармацыі й адкрыцьці, падставаў для якіх раней не было. Савецкая перабудова зрабіла вялікую ласку для радыёстанцыі, палепшыла яе  магчымасьці, пераканала ў значнасьці журналісцкае свабоды. І – выявіла  адценьні. Аўтары нацыянальных рэдакцыяў РС раптам сталі абурацца на ўціск, цэнзуру з боку расейскае службы. Хутка зрабіліся публічнымі канфлікты  журналістаў радыё з-за рознага асьвятленьня падзеяў нацыянальнага і этнічнага характару. Прамы і ўскосны дыктат расейскае рэдакцыі набыў выразны шавіністычны стыль. Сітуацыя выглядае дужа пацешнай, бо рэальна на амерыканскія грошы вядзецца барацьба за … “русский мир”! Трэба ўмець гэтак уладкоўвацца! Адтаго нядзіўнымі падаюцца выпадкі, калі ў Беларусі некаторыя сродкі масавай інфармацыі зазнаюць ад уладаў, а  ”Свабода” – не.

Самасейкай яна ўкаранілася на беларускай літаратурнай ніве, да якой асабліва праніклівая. Усё б нічога, але яе рэдактар Ян Максімюк фармуе перакрыўлены і нерэальны вобраз беларускай літаратуры, староньне паказвае яе гістарычны і сучасны працэс. Для літаратурнай кваліфікацыі тэкстаў ён выкарыстоўвае свой падыход, у асноўным, накшталт “мама мыла раму”. Пісьменьнікаў ацэньвае-гуртуе вельмі суб’ектыўна, фанабэрліва, затое – заахвочвае… з таго ж амерыканскага гаманца. Спадзяемся, што сквапнай мітусьні сярод творцаў нямашака і яны задаволеныя. Я.Максімюк фізік па адукацыі, за мяжой нарадзіўся і жыве, “адарваны ад глебы,.. звысоку глядзіць і на Беларусь, і на яе народ, і на беларускую літаратуру. І ўжо інакш, як БЕЛЛІТ, яе не называе” (Наша ніва, 15.10.2012). Ад недалёкага часу ён слугуе аўтарытарным адміністратарам вэб-суполкі “Толькі пра літаратуру”. Правілы – адно для ўдзельнікаў. Сам Максімюк дазваляе сабе звыш, неабмежавана, безапеляцыйна, звальваючы усю некандыцыю ад РС ды свае млявыя практыкаваньні. “Беларуская літаратура … увесь час шукала спажывы на могільніку расейскай літаратурнай традыцыі…

Заходнеэўрапейская культурная традыцыя… амаль поўнасьцю праігнараваная беларускім культурнастваральным патэнцыялам. Яна наогул не ўспрымаецца і не разумеецца”. Калі знаёмішся з такімі выказваньнямі, міжволі ўзьнікае думка пра істасьць занятку Я. Максімюка і пра тых, хто ў ягонай творчай “абойме”. Навошта яны так агульненька і шчыльненька сабраныя? Для літаратурных містэрыяў і паходу на Алімп? Ці для іншых выяўленьняў і мудраваньняў? Напрыклад, такіх, якія не дазволілі Васілю Быкаву і Рыгору Барадуліну дайсьці да Нобеля. Мо на амерыканкія грошы працягваюць вырашаццца не дэмакратычныя задачы, а процілеглыя, ад прыблудаў?

Пытаньні да сумніўных зьяваў заўсёды існуюць. Добра, калі на іх ёсьць звыклыя жыцьцёвыя адказы сузначнага сэнсу. Дужа ня хочацца, каб нашых майстроў слова адцягвала асяродзьдзе няістых крытэраў ды амбіцыйных забаваў. Каб кожны літаратар ведаў сваю дарогу на Алімп і рухаўся па ёй без перашкодаў. І каб ад Беларусі такіх шляхоў было як мага больш!

Мікола Калядны, для Беларускай праўды

 

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...