«Беларусы, вы мірныя людзі, рабіце ўсё, падтрымлівайце вашага прэзідэнта, каб у суседняй вашай краіне не было вайны больш», — заявіла кіраўніца прадстаўніцтва Еўразвязу ў Беларусі Майра Мора ў перадачы «Справа прынцыпу» на тэлеканале АНТ. І выклікала тым самым вялікае непаразуменне з боку незалежнага грамадства Беларусі.

karbalevich

Сапраўды, заява Майры Моры выглядае трохі дзіўна на фоне таго, што ЕЗ афіцыйна лічыць Лукашэнку персонай нон-грата, якой забаронены ўезд у краіны Еўразвязу. Чым тлумачыцца такі незвычайны крок вядомай дыпламаткі?

Найперш, трэба звярнуць увагу на кантэкст гэтай заявы. Тэлевізійная перадача, у якой удзельнічала Майра Мора, была прысвечаная падзеям на ўсходзе Украіны. І ў гэтай фразе дыпламатка заклікае беларусаў падтрымаць палітыку Лукашэнкі адносна ўкраінскага крызісу.

Гэта тым больш актуальна, што пазіцыі большасці беларускіх грамадзян не супадаюць з афіцыйнай лініяй дзяржаўнага кіраўніцтва. Беларусы ў асноўным падтрымліваюць Расію ў гэтым канфлікце.

Але адначасова заява Майры Моры сведчыць пра відавочную змену настрояў эўрапейскіх палітыкаў што да беларускага рэжыму. Украінскі крызіс моцна змяніў увесь геапалітычны ландшафт у Еўропе. У аналітычным асяроддзі было шмат размоваў пра тое, што статус міратворца, якія ўзяў на сябе афіцыйны Мінск, зменіць стаўленне Захаду да яго ў лепшы бок.

На мой погляд, не толькі і не столькі міратворчая актыўнасць кіраўніцтва Беларусі, колькі ўвесь кантэкст украінскага крызісу ўплывае на карэкціроўку пазіцыяў ЗША і ЕЗ адносна рэжыму Лукашэнкі. Падчас вострага супрацьстаяння, абвастрэння адносін паміж Захадам і Расіяй на першы план у міжнароднай палітыцы выходзяць пытанні геапалітыкі, а праблема каштоўнасцяў (правоў чалавека, дэмакратыі) адсоўваецца крыху ўбок. Калі на кану — пагроза вялікай вайны, то актуальнасць тэмы палітвязняў аб’ектыўна змяншаецца.

Дык вось якраз у найважнейшым геапалітычным пытанні — канфлікце вакол Украіны — Беларусь, самы блізкі саюзнік Расіі, спрабуе дыстанцыявацца ад Масквы і заняць пазіцыю нейтралітэту. Мінск не палез у адзін акоп з РФ у вайне з Захадам, як гэта было ў 1990-я гады.

Так, на беларускай тэрыторыі размясціліся расійскія вайсковыя самалёты, Мінск прагаласаваў у Генеральнай Асамблеі ААН у падтрымку РФ. Але, з іншага боку, Беларусь пастаўляе ва Украіну нафтапрадукты, МАЗы, якія Кіеў выкарыстоўваў у антытэрарыстычнай аперацыі. Мінск падтрымлівае сяброўскія адносіны з украінскім кіраўніцтвам, робіць міратворчыя высілкі, каб дасягнуць міру ў Данецкай і Луганскай абласцях.

Вось Расія ўвяла эмбарга на імпарт харчавання з ЕЗ. Беларусь не толькі не далучылася да яго, але наадварот, скарыстала сітуацыю ў сваіх інтарэсах і наладзіла транзіт еўрапейскага харчавання ў РФ. Тым самым дапамагаючы сельскай гаспадарцы Польшчы, Літвы, Латвіі, Нарвегіі ды іншых еўрапейскіх краін.

У адказ на падпісанне Малдовай дамовы аб асацыяцыі з ЕЗ Расія ўвяла эканамічныя санкцыі супраць гэтай краіны. А Лукашэнка паехаў туды з візітам дамаўляцца пра пашырэнне гандлю. І заявіў, што, маўляў, дамова аб асацыяцыі з ЕЗ — гэта ваша суверэнная справа.

Увогуле, беларускі палітычны рэжым на кантрасце і з Украінай, і з Расіяй стаў выглядаць у вачах Еўропы і ЗША не такім адыёзным, як раней. У Беларусі хоць і садзяць у турму за палітычную дзейнасць, але нікога не забіваюць, з 2000 году апазіцыйныя палітыкі і журналісты не знікаюць. На фоне штодзённых ахвяр вайны ва Украіне гэта ацэньваецца па-новаму. І ў параўнанні з Уладзімірам Пуціным Аляксандр Лукашэнка стаў выглядаць не самым «дрэнным хлопцам». На тле пагрозы з транзітам расійскага газу ў краіны ЕЗ праз украінскую тэрыторыю беларуская стабільнасць падвышаецца ў цане для заходніх суседзяў.

Яшчэ адзін момант. У Беларусі няма сацыяльнага крызісу, нейкіх працоўных канфліктаў, публічных пратэстаў. Сацыёлагі засведчылі рост падтрымкі ўлады насельніцтвам. Гаварыць пра палітычную ролю апазіцыі апошнім часам не выпадае.

На гэтым тле цяжка патрабаваць ад Захаду, каб ён, нягледзячы ні на што, бараніў беларускую дэмакратыю. Калі самім беларусам гэта не надта патрэбна, калі яны маўчаць, то чаму Еўропа павінна тут надта шчыраваць?

Што далей? Думаю, нас чакае павольнае пацяпленне адносін паміж Беларусьсю і Захадам. Пазіцыю афіцыйнага Мінска пакуль нельга назваць балансаваннем паміж ЕЗ і Расіяй. Хутчэй — толькі размарожваннем дачыненняў з Захадам.

Калі ў апазіцыі няма шанцаў на перамогу, калі перспэктывы перамен не відаць, ЕЗ будзе рабіць стаўку на супрацоўніцтва з рэжымам Лукашэнкі. Не думаю, што гэтаму моцна перашкодзяць прэзідэнцкія выбары 2015 года, якія пройдуць паводле звыклага сцэнару. Гэтым разам такіх маштабных рэпрэсіяў, як пасля 19 снежня 2010 году, не будзе. Бо значных пратэстаў не прадбачыцца. І можна будзе сказаць, што ёсць прагрэс.

Пэўным момантам ісціны ў гэтым сэнсе стане пытанне аб эканамічных і візавых санкцыях, уведзеных Еўразвязам у дачыненні да беларускіх службовых асобаў і буйных бізнэсоўцаў. Іх тэрмін дзеяння заканчваецца 31 кастрычніка 2014 года, і ЕЗ павінен будзе прымаць рашэнне: альбо іх працягнуць, альбо скасаваць, альбо ўвесці мараторый на ўжыванне гэтых «абмежавальных захадаў».

Але ўзнікае пытанне пра парадак дня гэтага дыялогу паміж Беларуссю і Захадам. Безумоўна, на першае месца выходзіць праблема ўрэгулявання ўкраінскага крызісу і ролі ў гэтым працэсе Беларусі. Падчас візіту Уладзіміра Макея ў Варшаву менавіта гэтая тэма афіцыйна вылучалася на першы план.

Ёсць яшчэ пытанне супрацоўніцтва ў справе транзіту і перапрацоўкі ў Беларусі прадуктаў харчавання і сельскагаспадарчай сыравіны з краін ЕЗ для наступнага продажу ў Расіі. Але гэта ўсё хутчэй часовыя, кан’юнктурныя, бягучыя пытанні. На іх складана будаваць трывалую аснову адносін. А патрэбны доўгатэрміновы парадак дня, «дарожная мапа». Так, ідуць перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму. Але гэтага мала. Дыялог аб мадэрнізацыі — тэма зусім штучная і несур’ёзная. Пытанне дэмакратыі і правоў чалавека фактычна вынесена за дужкі дыялогу. Што яшчэ?

У любым выпадку нясмелая спроба дыялогу паміж Беларуссю і Захадам — гэта новы выклік для абодвух бакоў.

Крыніца: Уладзімір Карбалевіч, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: