«У Печы павінны адпраўляць найлепшых салдат», — капітан у адстаўцы расказаў Свабодзе, што такое Печы і чым адрозніваюцца армейскія традыцыі ад нестатутных адносін і дзедаўшчыны.

Што такое Печы

72-і гвардзейскі аб’яднаны вучэбны цэнтар падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спэцыялістаў — так афіцыйна называецца вайсковая адзінка ў вайсковым гарадку Печы пад Барысавам. Вучэбны корпус у Печах — найвялікшая вайсковая фармацыя ў Беларусі. Паводле «Белорусской военной газеты», у Печах больш за 4,5 тысячы асабовага складу — цэлы пасёлак па цывільных мерках. Тут сканцэнтравана каля 10% усіх вайскоўцаў краіны.

Вучэбны цэнтар у Печах існуе з 1960 году. Раней там рыхтавалі толькі малодшых камандзіраў і спэцыялістаў, а з 2001 году — яшчэ і прапаршчыкаў.

72-і вучэбны цэнтар — гэта шэсць спэцыялізаваных школ, кожная з якіх лічыцца асобнай вайсковай часткай. У розных школах рыхтуюць будучых танкістаў, кіроўцаў і камандзіраў БМП, снайпэраў, спэцыялістаў радыёсувязі, начальнікаў сталовых — большасць спэцыялістаў для беларускай арміі. Усяго там навучаюць 81 спэцыяльнасці.

Акрамя школ, у вучэбны цэнтар уваходзяць тры вайсковыя адзінкі, дзе салдаты праходзяць паўнавартасную службу: батальён аховы і абслугоўвання, цэнтар тэхнічнага забеспячэння і батальён матэрыяльнага забеспячэння.

Хто туды трапляе

Навучанне ў Печах займае 3–4 месяцы. Туды трапляюць маладыя салдаты, якіх толькі прызвалі ў войска.

Калі ў вайсковую частку прыходзіць папаўненне, камандзіры вывучаюць дакумэнты навабранцаў — характарыстыкі са школы, вучэльні, унівэрсытэту і працы, сямейны стан, рэлігійнасць, стаўленне да дзяржаўнай палітыкі. Яны вырашаюць, хто з салдат будзе праходзіць навучанне на месцы ў вайсковай частцы, а каго накіраваць у Печы.

«Калі салдат мае якасці лідэра, яго можна накіраваць на вучобу ў Печы. Туды павінны адпраўляць найлепшых салдат, тых, хто можа кіраваць асабістым складам», — патлумачыў Свабодзе капітан у адстаўцы Андрэй.

Чытайце па тэме:  Павесіўся пасля пераводу з Печаў. Яшчэ адна страшная гісторыя ў арміі

Пасля навучання ў Печах салдаты вяртаюцца ў частку пастаяннай дыслякацыі ўжо ў якасці спэцыялістаў ці маладых камандзіраў — як правіла, у званні сяржантаў. Тут яны даслужваюць рэшту свайго тэрміну.

Як праходзіць служба

Першы месяц у Печах, як і ў звычайнай вайсковай частцы, — курс маладога байца, так званы «карантын». У гэты час маладых салдат навучаюць асновам службы, яны амаль не перасякаюцца са стараслужачымі. А пасля прысягі іх пераводзяць у казарму, дзе яны жывуць разам з астатнімі салдатамі.

Салдаты ў Печах вучацца кіраваць вайсковай тэхнікай. Спачатку на трэнажорах і імітатарах, пасля — на сапраўдных баявых машынах. Заняткі праводзяць афіцэры. А ўвесь астатні час салдаты застаюцца пад наглядам сяржантаў — тых, хто служыць у Печах пастаянна.

«У ідэале, сяржанты — гэта старэйшыя таварышы, якія павінны ўсяму навучыць», — кажа Андрэй.

Сяржанты вучаць салдат штодзённым рэчам: як засцілаць ложак, як складаць абмундзіраванне, як хадзіць у нарады. На практыцы менавіта «старэйшыя таварышы» часцей за ўсё ўчыняюць дзедаўшчыну. Адбываецца гэта ў час, вольны ад заняткаў і працы, або пасля адбою.

Чаму дзедаўшчыны больш за ўсё ў Печах

Нестатутныя адносіны, дзедаўшчына — гэта здараецца ў любым вайсковым падраздзяленні ў краіне. І чым большае падраздзяленне, тым часцей.

«Адна справа — маленькая частка, дзе ўсё навідавоку, — кажа Андрэй. — Іншая справа — Печы. Там вельмі шмат людзей, вялізная тэрыторыя, людзі часта мяняюцца. У Печах менш кантролю і больш расхлябанасці. Адсюль і частыя навіны пра суіцыды ці забойствы».

Печы даўдно маюць сумную славу. 30-гадовы Ігар служыў там у 2006 годзе. У той самай школе, дзе і Коржыч. Па яго словах, такія жахі, пра якія распавядаюць цяпер салдаты, далёка ня правіла.

«Гэта залежыць ад камандзіра, — кажа Ігар. — Калі ён выхаваны, ён і ў арміі сябе будзе нармальна паводзіць. А калі ён дурны, армія яго ня выправіць. Гэта тычыцца і сяржантаў, і афіцэраў».

Чытайце па тэме:  Друзья погибшего в Печах солдата не верят в самоубийство

У роце Ігара дзедаўшчына была адносна мяккай. Грошы за «пражыванне» плаціць ня трэба было, нікога не збівалі. А вось у суседняй роце ўсё было больш жорстка. Хлопец прыгадвае, як сяржант выліў кіпень на твар маладому салдату.

Як караюць за дзедаўшчыну

За той выпадак з кіпнем, упэўнены Ігар, ніхто не панёс адказнасці. Сяржанты нават не дакладваюць афіцэрам, што нешта здарылася.

«Усё гэта хутка прыкрываюць, — кажа Ігар. — У іх там мафія».

Добры камандзір не дапусціць, каб у ягонай частцы дайшло да дзедаўшчыны і фізычных здзекаў, лічыць капітан Андрэй. У арміі адпрацаваны мэханізм, каб папярэдзіць такія інцыдэнты, як з Коржычам. На кожным КПП павінна быць абвестка з тэлефонам даверу. Калі салдата прыніжаюць, а ягоны кіраўнік нічога ня робіць, можна звярнуцца да псыхоляга вайсковай часткі. У такім разе павінна праводзіцца службовае расследаванне.

«А яно не праводзілася, — кажа Андрэй. — Я гэта гарантую. Таму што гэта злачынства. А вешаць на сваю частку злачынства ніхто ня хоча».

Камандзір нясе адказнасць за любыя інцыдэнты ў сваёй частцы. А таму многія камандзіры не паведамляюць пра іх начальству. У выніку, паводле афіцыйнай статыстыкі, колькасць злачынстваў з году ў год застаецца нізкай. Але насамрэч гэта малая доля ад усяго, што сапраўды здараецца, упэўнены Андрэй.

«Ніхто ня хоча вешаць на сябе нават грубыя дысцыплінарныя правіны ці злачынствы, а таму камандзіры гэта хаваюць», — кажа былы вайсковец.

Замест таго каб праводзіць расследаванне, камандзіры самастойна разбіраюцца з сяржантамі, на якіх скардзяцца салдаты. Могуць нават ужыць сілу. Але такія разборкі прыводзяць толькі да адваротнага. Раз’юшаныя сяржанты будуць помсціць «шасцёрцы» з яшчэ большай сілай.

Чытайце па тэме:  Валерий Костка. Печи - зеркало беларуского общества

«Нестатутныя адносіны, цялесныя пашкоджанні — гэта турма. Калі камандзіру дакладвалі, а ён нічога не зрабіў, дык ён павінен сесці разам з сяржантамі. Укрыванне злачынства — гэта зусім гамон. Пракуратура паставіць частку на вушы».

У некаторых частках камандзіры ўсё ж рэагуюць на скаргі салдат. Тых, хто церпіць ад здзекаў, могуць перавесці ў іншае падраздзяленне ці нават іншую вайсковую частку. Але і такія меры не заўжды дапамагаюць. «Дзяды» перадаюць інфармацыю пра «шасцёрку», і ўжо на новым месцы салдата ізноў пачнуць збіваць.

«Калі не пашчасціла з сяржантам, выйсце толькі адно — адбівацца, — кажа Ігар. — Калі паставіць на месца, ніхто ўжо цябе ня будзе чапаць. Адбівацца і займець падтрымку калектыву. Толькі так можна пратрываць».

Як служылі ў Печах раней

За савецкім часам дзедаўшчыны там не было, кажа Свабодзе Віктар, які праходзіў «вучэбку» ў 1970-я гады. Прынамсі ў такім выглядзе, як сёння. Штодня да салдат прыходзіў зампаліт і пытаўся, ці не падымаюць на іх руку.

«Нават спраўджваў, ці няма на целе сінякоў», — кажа Віктар.

Па яго словах, магла быць толькі «муштра». Напрыклад, калі салдат ня мог выканаць нарматывы, яго прымушалі паўтараць адно і тое ж практыкаванне.

Сучасная дзедаўшчына пачалася, калі разваліўся Саюз і паміж салдатамі пачаліся фінансавыя адносіны. Раней, калі салдата пераводзілі, прыкладам, з «духаў» у «чарпакі», яго білі партупэяй па голым азадку, каб застаўся адбітак бляхі. У 1990-я гады гэтыя «традыцыі» замянілі на грошы.

«Трэба адрозніваць традыцыі ад дзедаўшчыны, — кажа Андрэй. — Ёсць жартаўлівыя рэчы, калі малодшыя салдаты падлічваюць колькасць дзён да дэмбэлю, ёсць пасвячэнне ў артылерысты ці танкісты. Нічога ў гэтым абразлівага няма».


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.