Госць Радыё Свабода — кіраўнік Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Арсен Сівіцкі.

Арсен Сівіцкі

 

Ён адказвае на пытанне, як амерыканскія антырасійскія санкцыі могуць ударыць па Беларусі, тлумачыць, чаму Мінск у любым выпадку будзе дыстанцыявацца ад Масквы, і распавядае, які сцэнар вучэнняў «Захад-2017» самы небяспечны.

Цыганкоў: Амерыканскія санкцыі супраць Расіі паставілі пэўную кропку на спадзяваннях Масквы палепшыць адносіны з ЗША пасля абрання новага прэзідэнта. Як гэта можа адбіцца на Беларусі, на беларуска-расійскіх адносінах?

Сівіцкі: Гэты санкцыйны пакет істотна адрозніваецца ад тых санкцыяў, якія ўводзіліся супраць Расіі раней. І галоўная задача гэтых санкцыяў у тым, каб кінуць выклік самому палітычнаму рэжыму ў Расіі, які грунтуецца на сістэме дзяржаўнага алігархічнага капіталізму. Самыя цікавыя моманты гэтага новага закону якраз звязаныя з тым, што, па сутнасці, ён абвяшчае пачатак татальнага палявання на расійскую эліту.

Ён прадугледжвае падрыхтоўку некалькіх дакладаў Міністэрства фінансаў ЗША і выведкі, якія даследуюць расійскіх алігархаў і іхнія сувязі з дзяржаўнымі структурамі, прэзідэнтам Пуціным, іхнія карупцыйныя сувязі, не толькі на тэрыторыі Расіі. Таксама прадугледжана стварэнне базы дадзеных іхніх актываў і бізнэс-інтарэсаў. Згодна з гэтым законам, нават ствараецца адмысловы фонд па супрацьдзеянні расійскаму ўплыву — дзеля фінансавання гэтых расследаванняў.

І гэта на самой справе вельмі сур’ёзна б’е па Крамлі, па існым палітычным рэжыме. Канфрантацыя паміж Расіяй і ЗША пераходзіць на новы ўзровень.

Што да Беларусі, то санкцыі ЗША практычна азначаюць наступнае. Па-першае, усе нашы так званыя інтэграцыйныя праекты па лініі «саюзнай дзяржавы» фактычна спыняцца, бо калі інтэграцыя беларускіх і расійскіх прадпрыемстваў адбудзецца, то яны таксама стануць аб’ектам санкцыяў. Любыя беларускія кампаніі, якія захочуць узяць удзел у прыватызацыі, таксама падпадаюць пад дзеянне санкцыйнага закону, як і любая інвестыцыйная актыўнасць расійскіх кампаніяў (якія пад санкцыямі) на тэрыторыі Беларусі. Нарэшце, значная частка банкаўскіх актываў у Беларусі належыць Расіі. І дзейнасць гэтых расійскіх банкаў таксама будзе падпадаць пад расследаванне амерыканскіх уладаў. То бок тут мы, па сутнасці, закладнікі гэтых санкцыйных захадаў супраць Расіі.

Цыганкоў: У адным з сваіх апошніх тэкстаў вы напісалі, што найбольш верагодным адказам Крамля будуць нейкія асіметрычныя дзеянні Расіі ў вайскова-палітычнай сферы. Якія гэта могуць быць дзеянні? І ці можа гэта выклікаць хваляванне ў Беларусі?

Сівіцкі: У Расіі, сапраўды, не так і шмат опцыяў у сферы эканамічна-фінансавай, але даволі шмат варыянтаў рэагавання на гэтыя крокі ЗША ў вайскова-палітычным вымярэнні. І тут самая галоўная праблема ў тым, што першыя даклады, якія разглядаюць гэтыя карупцыйныя сувязі расійскіх алігархаў, павінны з’явіцца на пачатку 2018 года. Якраз у разгар прэзідэнцкай выбарчай кампаніі — дзень выбараў прызначаны на 18 сакавіка, у гадавіну анексіі Крыма. Зразумела, што такім чынам санкцыі становяцца часткай парадку дня, з якім Пуцін ідзе на выбары.

На мой погляд, сёння існуюць два сцэнары. Гэта сцэнар эскалацыйнага дамінавання і сцэнар абложанай крэпасці. У варыянце «абложанай крэпасці» Расія захоўвае статус-кво ў стасунках з Захадам. Праводзіць лінію на самаізаляцыю, паніжэнне сувязяў з заходнімі краінамі. І спрабуе ўцягнуць у гэтую ізаляцыю краіны постсавецкай прасторы, у тым ліку і Беларусь.

Для нас гэта азначае, што Расія будзе патрабаваць ад Беларусі большай лаяльнасці і абмежавання ўзроўню нашага супрацоўніцтва з заходнімі краінамі, бо Крэмль разглядае гэтае супрацоўніцтва як выклік сваім стратэгічным інтарэсам. Пры гэтым Расія будзе па магчымасці пазбягаць сур’ёзных канфліктаў з Захадам, каб не правакаваць ЗША на ўвядзенне новых санкцыяў, бо закон, падпісаны Трампам, адкрывае фактычна бясконцыя магчымасці ўводзіць новыя санкцыі супраць Расіі.

Іншы сцэнар — эскалацыйнага дамінавання — пры якім Расія абвяшчае канфрантацыю з Захадам у якасці прыярытэту замежнай палітыкі. І гэта мяняе ўнутраны парадак дня — з эканамічнага развіцця на супрацьстаянне з заходнімі дзяржавамі. Расія ізалюецца ад астатняга свету, але пры гэтым праводзіць агрэсіўную знешнюю палітыку. Гэта самы небяспечны для Беларусі сцэнар, бо мы вяртаемся да сітуацыі канца 2014 года, калі Расія ціснула на Беларусь дзеля размяшчэння на нашай тэрыторыі сваіх вайсковых базаў, каб уцягнуць Беларусь у вайскова-палітычную канфрантацыю з Захадам.

Цыганкоў: Ці могуць усе дасягненні Мінска па нармалізацыі адносінаў з Захадам быць пастаўленыя пад сумнеў апошнім развіццём падзеяў, пагаршэннем адносінаў Масквы з Вашынгтонам? Магчыма, Расія паспрабуе паставіць Беларусь у антызаходні шэраг як свайго фармальнага саюзьніка? Ці наадварот, ёсць шанец, што Захад цяпер пачне звяртаць больш увагі на Беларусь, каб спрыяць адыходу, адсоўванню краіны ад Расіі?​

Сівіцкі: Нягледзячы на той сцэнар, з якім вызначацца ў Крамлі, Беларусь у любым выпадку будзе імкнуцца дыстанцыявацца ад Расіі. Бо абвешчаныя супраць Расіі санкцыі могуць быць вельмі лёгка прынятыя і супраць Беларусі, калі Мінск будзе актыўна падтрымліваць Маскву на міжнароднай арэне. Мне падаецца, мы будзем назіраць актыўныя спробы Беларусі дыверсіфікаваць сваю знешнюю палітыку. І тут асноўным партнёрам для нас будуць ЗША, якія і так даволі шмат аддаюць цяпер увагі Беларусі, бо разумеюць стратэгічнае значэнне нашай краіны.

Я мяркую, ЗША будуць спрыяць таму, каб Беларусь заставалася самастойнай, незалежнай і нейтральнай краінай — у сэнсе, без расійскай вайсковай прысутнасці на сваёй тэрыторыі. Але ўсё гэта будзе вельмі балюча ўспрымацца ў Крамлі. Аналіз публікацыяў вайскова-палітычнага кіраўніцтва Расіі, напрыклад, кіраўніка генеральнага штаба Узброеных сілаў ці намесніка начальніка ГРУ, паказваюць, што сілавая эліта зацікаўленая ў тым, каб пайсці па найбольш жорсткім сцэнары.

Мне падаецца, што Пуцін цяпер вельмі сур’ёзна залежыць ад гэтых прыхільнікаў жорсткай лініі, якія будуць забяспечваць стабільнасць палітычнай сістэмы падчас выбарчай кампаніі, і гэтая група будзе патрабаваць ад Пуціна жорсткіх адказаў на дзеянні ЗША. У тым ліку прэвентыўных дзеянняў па блакаванні заходняга ўплыву на краіны постсавецкай прасторы. І Беларусь тут першая на парадку дня.

Цыганкоў: З гэтага пункту гледжання апошнія месяцы асаблівая ўвага беларускіх публіцыстаў і аналітыкаў была звернутая на беларуска-расійскія вучэнні «Захад-2017». Ці ўдалося беларускаму боку адстаяць свой сцэнар гэтых вучэнняў, ці прыедзе ў Беларусь менавіта столькі расійскіх вайскоўцаў, колькі дазволіў Мінск? Ці тут ёсць нейкі туман, грамадмтву невядомы?

Сівіцкі: Беларускаму боку яшчэ на этапе планавання гэтых вучэнняў удалося настаяць на сваім бачанні сцэнару, маштабаў і параметраў гэтых вучэнняў. Згодна з лічбамі Міністэрства абароны мы бачым, што параметры гэтых вучэнняў не адрозніваюцца ад тых, якія праходзілі ў 2013 годзе. Але Расія відавочна хацела іншы сцэнар, і гэта было бачна па той колькасьці вагонаў, якую запланавала расійскае Міністэрства абароны для паставак на тэрыторыю Беларусі.

Беларусь не зацікаўленая ў тым, каб страціць статус донара рэгіянальнай бяспекі і стабільнасці. Згодна з гэтай устаноўкай і планаваліся гэтыя вучэнні. Яны будуць праводзіцца максімальна празрыста, прэтэнзіяў да беларускага боку тут быць не павінна.

Запланаваныя на вучэнні 3 тысячы расійскіх вайскоўцаў не нясуць ніякай прамой пагрозы беларускай незалежнасці. Нават калі штосьці пойдзе не па плану і нашыя расійскія калегі вырашаць падкінуць нам нейкія сюрпрызы — відавочна, што беларускі бок будзе рэагаваць на гэта вельмі жорстка.

Мне здаецца, ёсць толькі адзін сцэнар, калі ўсё можа пайсці незапланавана. Гэта калі супраць расійскіх вайскоўцаў адбудуцца нейкія правакацыі на тэрыторыі Беларусі. І Расія тады выкарыстае гэтыя правакацыі як нагоду для таго, каб перагледзець сцэнар і параметры вучэнняў, узмацніць свой кантынгент і застацца пасля вучэнняў да «стабілізацыі сітуацыі». Гэта адзіны крызісны сцэнар, які нясе пэўную небяспеку для Беларусі.

Калі ўсё пойдзе па плану, зразумела, што расійскія вайскоўцы пакінуць Беларусь. Тое, што вучэнні праходзяць у максімальна транспарэнтным рэжыме, звязана і з тым, каб стварыць страховачны механізм ад правакацыяў падчас вучэнняў.

Але нягледзячы на тое, як пройдуць вучэнні, Расія будзе працягваць ціснуць на Беларусь.

Цыганкоў: З гэтага пункту гледжання як стратэгічна мае паводзіць сабе афіцыйны Мінск? Наколькі прымальныя цяперашнія дзеянні беларускіх уладаў?

Сівіцкі: Стратэгія Мінска пакуль што выглядае, як мне падаецца, аптымальнай. Беларусь спрабуе балансаваць. Пры гэтым не ўсталёўваць стасункі з Захадам на шкоду расійскім інтарэсам. З Мінска перыядычна гучаць самыя саюзьніцкія запэўніванні. Гэта таксама дэманстрацыя лаяльнасці.

Але праблема ў тым, што ў Маскве крамлёўскімі стратэгамі гэта ўжо так не ўспрымаецца. Любыя спробы палепшыць адносіны з Захадам там успрымаюцца з падазрэннем. Масква будзе імкнуцца абмежаваць уплыў Захаду на Беларусь, пры гэтым не пытаючыся ў афіцыйнага Мінска.

Я лічу, што асноўныя праблемы пачнуцца бліжэй да выбараў у Расіі. Варта чакаць узмацнення ціску на нашу краіну.

Цыганкоў: Але ж наадварот, ёсць такое назіранне, што выбары ў Расіі заўсёды праходзяць на фоне адносна спакойных адносінаў з Беларуссю. Вось і зараз бакі скончылі газавую і малочную вайну яшчэ вясной, за год да выбараў. Так было заўсёды ў перадвыбарчы год у Расіі. Звычайна на выбарах Крэмль хваліцца добрымі адносінамі з Беларуссю.

Сівіцкі: Так было да 2014 года, да Крыма і Данбаса. Узровень канфрантацыі паміж Расіяй і Захадам ніколі не дасягаў таго, што цяпер. Беларускі чыннік проста перастаў уплываць на ўнутраную палітыку ў Расіі. Больш за тое, расійская эліта (асабліва сілавы блок) лічыць, што афіцыйны Мнск, які заляцаецца да Захада, — здраднік. І спадзявацца на Беларусь як на надзейнага хаўрусніка проста нельга. Мы бачым лінію на самаізаляцыю Расіі ад астатняга свету.

 

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...