Сям’я Басцюкоў перакананая, што справу аб смерці сына аднавілі толькі дзякуючы розгаласу вакол смерці Аляксандра Коржыча.

Арцём Басцюк за некалькі месяцаў да войска

 

«Мы паўгода маўчалі. Ішло следзтва, былі вялікія надзеі. Таму што мноства парушэнняў следзтва выявіла, — кажа маці Арцёма Басцюка Тацяна. — Мы чакалі. Не давалі інтэрвію. У нас былі надзеі, што справа дойдзе да суду і вінаватых пакараюць».

«Сам пайшоў у войска»

Інжынэр-праграміст Арцём Басцюк трапіў у войска ва ўзросце 25 гадоў. Мянчук, валянтэр «Чырвонага крыжа», донар. Скончыў унівэрсытэт, атрымаў дыплём і ўжо праз некалькі месяцаў пайшоў служыць у частку № 25849, што ў Барысаве. Першы месяц нараканняў на службу не было. На так званым карантыне былі салдаты аднаго ўзросту, старэйшых да іх не падпускалі, сяржанты сябе таксама паводзілі прыстойна.

З сябрамі ў Кіеве

 

«Арцём сам пайшоў у армію. Скончыў унівэрсытэт і сказаў, што пойдзе адслужыць. Не хацеў хавацца ад ваенкамату, — кажа маці Тацяна. — Шмат варыянтаў было не ісці ў армію. У аспірантуру альбо яшчэ што. Ды хоць адкупіцца, гэта ж не сакрэт, што такое магчыма». Пра тое, што ў сына пачаліся праблемы на службе, родныя ўпершыню даведаліся прыкладна праз месяц пасля прызыву. Арцём прызнаўся, што старэйшыя паставілі перад выбарам — служыць паводле статуту альбо так, як у іх прынята. «Арцём выбраў службу паводле статуту. Іншыя пагадзіліся падпарадкоўвацца, а ён не хацеў», — кажуць родныя. Па словах маці, пасля гэтага Арцём пачаў расказваць пра вымаганне з боку стараслужачых. Казаў, што прымушалі набываць ім прадукты і цыгарэты, перакульвалі ўначы ложак разам з тым, хто на ім спаў, усяляк прыніжалі. Прымушалі сотні разоў адціскацца ад падлогі, не давалі спаць.

У нейкі момант Басцюкі ня вытрымалі і паехалі ў частку на размову з камандзірам. Ён сустрэўся з імі, запрасіў у кабінэт Арцёма, запісаў імёны і прозвішчы тых, хто здзекаваўся з маладых салдатаў. Паабяцаў разабрацца і развітаўся з бацькамі. «Сказаў, што ўсё будзе добра. А ў матэрыялах справы напісана, што ён нават ні з кім з падначаленых не гаварыў», — расказвае Тацяна Басцюк. Дадае, што пагражала кіраўніцтву часткі скаргамі ў пракуратуру. Пазней Арцём званіў і прасіў не пісаць нікуды. «Цяпер я разумею, што гэта нехта над ім стаяў падчас такіх званкоў, што яго прымушалі званіць і прасіць мяне маўчаць», — кажа Тацяна Басцюк. Апошні раз з сынам яна размаўляла праз тэлефон увечары 30 сакавіка. «Ён пазваніў. Фонам ішлі нейкія крыкі незразумелыя. Сказаў, што любіць нас. Потым размова перарвалася, — успамінае Тацяна. — Мы адразу ж набралі камандзіру часткі, расказалі пра гэта. Ён супакойваў, паабяцаў разабрацца».

Чытайце па тэме:  В деле о взрыве самолета появились турецкие волки

З часткі Басцюкам перазванілі раніцай 31 сакавіка. Сказалі, што Арцём павесіўся, а цела прывязуць праз тыдзень, таму што неабходныя працяглыя экспэртызы. Прывезлі ўжо на наступны дзень, хутка арганізавалі пахаванне. «Нам трэба было адразу аддаць цела на незалежную экспэртызу. Зафіксаваць усё. Мы гэтага не зрабілі і цяпер вельмі шкадуем, — кажа цётка Арцёма Басцюка Святлана. — У яго на шыі была вельмі тонкая палоска. Як быццам бы нехта шнуром душыў або нечым такім». Перад пахаваннем адбылася яшчэ адна нечаканая рэч. «Ужо пасля навіны пра смерць Арцёма, а першай гадзіне ночы, нам пазваніла яго аднакурсніца, яшчэ з каледжа. Пачала расказваць нешта пра яго незразумелы стан, пра старонку Арцёма ў сацыяльных сетках, — кажа цётка нябожчыка Марыя. — Мы распытвалі яе, навошта гэта ўсё, навошта так позна званіць. А потым трубку ўзяў палітрук з часткі, уяўляеце? Таксама нешта гаварыў пра суіцыдальны настрой. Вось што гэта такое было?»

Таццяне Басцюк дагэтуль складана расказваць пра абставіны смерці сына

 

Рамонт на месцы смерці

Абставіны смерці сына выклікаюць у Басцюкоў шмат пытанняў. Спачатку ім казалі, што Арцём павесіўся, стоячы на каленях на падлозе аднаго з ангараў. Пазней — што ён у тым жа ангары залез на аўтамабіль і павесіўся, прывязаўшы шнур да столі. Невядома таксама, што ён рабіў адзін на тэрыторыі ангара. Акурат у той дзень усе яго таварышы па службе былі зусім на іншым аб’екце, рамантавалі мост. «Як так атрымалася, што Арцём недзе быў адзін? Гэтага ня можа быць у войску, ніколі аднаго маладога салдата не адпусцяць. Сяржант побач павінен быў быць альбо яшчэ нехта. Што ён рабіў у тым ангары ўвогуле?» — пытаюцца сябры Арцёма.

Ад следчага сям’я Басцюкоў даведалася, што правядзенне следчых дзеянняў на тэрыторыі ангара, дзе быў знойдзены павешаным іх сын, моцна ўскладнілася. Усяго праз некалькі дзён пасля трагедыі ў ангары зрабілі рамонт, перафарбавалі сцены і нават аўтамабіль, які Арцём Басцюк нібыта выкарыстаў для самагубства. «Навошта гэта было рабіць? Навошта спатрэбіўся настолькі тэрміновы рамонт?», — задаюць пытанні родныя Арцёма.

Чытайце па тэме:  Журналисты нашли $2 млрд в предположительно связанных с Путиным офшорах

Неўзабаве пасля Арцёмавай смерці камандзіра часткі перавялі на іншае месца службы. Таццяна Басцюк расказвае, што з ім яна сустрэлася ў дзень вочнай стаўкі. «Прайшоў побач, нават не павітаўся… На вочнай стаўцы камандзір не адмаўляў, што мы прыяжджалі з мужам перад смерцю сына. Але сказаў, што ня памятае, ці запісваў названыя Арцёмам прозвішчы. Што цяпер працуе на новым месцы і запісы, калі і былі, маглі застацца ў частцы і згубіцца».

Арцём Басцюк падчас службы (злева)

 

Маці загінулага салдата таксама дадае, што следчаму не далі як след апытаць стараслужачых, на якіх скардзіўся сын. «Следчы апытваў тых таварышаў па службе, на якіх скардзіўся Арцём. Але яны ўсё адмаўлялі. Яму таксама не далі апытаць сяржантаў на паліграфе. То выведка забараніла, то сам Следчы камітэт», — кажа Таццяна Басцюк.

Разумеючы, што следзтва можа скончыцца нічым, Басцюкі вырашылі самастойна апытаць былых таварышаў па службе, якія дэмабілізаваліся пасля сынавай смерці. «Некаторыя з іх нават прыяжджалі на пахаванне. Дык вось яны катэгарычна адмовіліся размаўляць, — кажа Тацяна Басцюк. — Сказалі, што пакуль ідзе следзтва, мы можам нават не падыходзіць, нічога нам ня скажуць. Зараз, калі следзтва было завершанае, муж зноў спрабаваў паразмаўляць. Яны зноў катэгарычна адмовіліся. Значыць, ёсць нешта, раз яны так баяцца размаўляць. Усё дагэтуль хаваюць. Вядома, яны тады былі „дзядамі“, могуць нешта хаваць».

Сустрэча з міністрам абароны, закрыццё і аднаўленне справы

«Пасля смерці сына мы пазванілі ў прыёмную міністра абароны, сказалі, што вось такі выпадак, — кажа Тацяна Басцюк. — Што хочам трапіць на прыём да міністра. Нас запісалі, прызначылі дату. Падчас прыёму Андрэй Раўкоў быў не адзін. Яшчэ чалавек 15 або 20 было. Запісвалі нашу размову. Мы ўсё расказалі пра тое, што там творыцца. Што трэба спыніць гэта. Ён паабяцаў усё зрабіць. Паабяцаў справу да канца давесці. Сказаў, каб мы не турбаваліся. А праз паўгода справу закрылі».

13 кастрычніка адвакат паведаміў Басцюкам, што справа аб смерці іх сына закрытая. Навіна стала для іх шокам. «Мы былі перакананыя, што вінаватых знойдуць. Сем экспэртыз правялі, і ніводная не магла засведчыць, што гэта быў суіцыд, разумееце? Сем экспэртыз. Калі б яны мелі за што зачапіцца, яны б гэта зрабілі. Але ніводная з іх не даказала, што Арцём павесіўся самастойна», — кажа цётка загінулага салдата Марыя.

Чытайце па тэме:  France 2 узнал о характере взрыва на борту А321

Родныя Арцёма Басцюка перакананыя, што следчаму перашкаджалі весці справу. Маці Тацяна расказвае, што ён часам паводзіў сябе дзіўна. «Я ўпэўненая, што следчаму заміналі весці справу, — кажа яна. — Былі такія моманты, што ён гаварыў пра сустрэчы з вайскоўцамі, якія служылі разам з Арцёмам. Пра іх паказанні. Я пыталася, ці ён далучыць гэтыя паказанні да справы. Ён казаў, што так. А потым, калі я наступны раз прыходзіла, прасіла паглядзець гэтыя паказанні, ён адмаўляў, што мне такое расказваў».

Справу аб смерці Арцёма Басцюка аднавілі гэтак жа нечакана, як і закрылі. «Цэнтральны апарат вывучыў матэрыялы справы і прыняў рашэнне яе аднавіць», — сказаў журналістам афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэту Сяргей Кабаковіч. Здарылася гэта праз чатыры дні пасля яе закрыцця. «Думаю, гэта звязана са справай Аляксандра Коржыча і з тым, што яго родныя ня сталі маўчаць. Толькі з гэтай прычыны справу аб смерці Арцёма аднавілі», — перакананыя родныя Басцюка.

«Мы ня хочам, каб Арцёма лічылі самагубцам»

Аднаўленне следзтва дало родным Арцёма Басцюка надзею на тое, што смерць сына расследуюць як мае быць. «Яны хочуць зрабіць яго самагубцам. Выставіць яго ў такім святле. Але мы перакананыя, што гэта было забойства. І хочам, каб следзтва высветліла праўду, каб вінаватыя ў яго смерці былі пакараныя», — кажа цётка загінулага салдата Святлана.

Пакуль новы следчы, прызначаны Цэнтральным апаратам СК, з сям’ёй Басцюкоў ня звязваўся. Але яны гатовыя паўтарыць свае паказанні, дадзеныя падчас першага расследавання. У сям’і захоўваюць імёны і прозвішчы стараслужачых, якія называў ім сын. А таксама дадзеныя ягоных таварышаў па службе, сяржантаў і камандзіраў. Тацяна Басьцюк кажа, што калі расследаванне скончыцца нічым, яна будзе звяртацца ў міжнародныя інстанцыі. «Мы гатовыя нават на эксгумацыю цела Арцёма. Гэта ўсё ня можа працягвацца, трэба спыніць смерці салдат у войску», — кажа яна.

«Ведаеце, нам нават дазволілі ў прыходзе адпець Арцёма. Звычайна самагубцаў жа не адпяваюць. Мы ня верым, што ён мог сам пайсці з жыцця. Яму дапамаглі гэта зрабіць», — кажа цётка Арцёма Святлана.

Радыё Свабода

 


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.