Следчы камітэт абвінавачвае кіраўніка незалежнага прафсаюзу «РЭП» Генадзя Фядыніча і бухгалтара Ігара Комліка ў няплаце падаткаў на суму $ 22 тысячы.

Генадзь Фядыніч, Беларуская праўда

 

Па інфармацыі следчых, Фядыніч і Комлік адкрылі ў банкаўскай установе Літвы рахунак, на які паступалі грашовыя сродкі ў замежнай валюце. Пасля сябры прафсаюзу прывозілі гэтыя грошы ў Беларусь і перадавалі Комліку і Фядынічу, паведамляе Белсат.

Следчыя запэўніваюць, што на банкаўскі рахунак у 2011 годзе было пералічана больш за 140 000 еўра. Яны падлічылі, што сума нявыплачаных падаткаў прафсаюзам «РЭП» перавысіла Br 22 тысячы.

«Гэта палітычна матываваная справа. Уладам непатрэбны прафсаюз, а людзям патрэбны», – кажа лідар прафсаюзу Генадзь Фядыніч.

Таксама прадстаўнік Следчага камітэту паведаміў, што быццам бы абвінавачаныя фальсіфікавалі фінансавыя дакументы. У якасці доказаў ён паказаў адсканаваную банкаўскую плацёжку з подпісам банкаўскага супрацоўніка, пасля паказаў іншую паперу, на якой была толькі пячатка, а подпіс прыбраны графічным рэдактарам. Па словах следчага, гэтую пячатку выкарыстоўвалі, каб падрабляць справаздачы перад донарамі.

«Першы раз пра гэта чую. Але ж гэта тады ўжо іншая крымінальная справа. Ну, і чаму яны не паказваюць арыгіналы? А не паказваюць, бо ў іх нічога няма. Сёння можна на кампутары ўсё што заўгодна намаляваць. Яны проста хочуць раскруціць справу», – мяркуе Фядыніч.

Пасля таго, як абвінавачаныя азнаёмяцца з матэрыяламі справы, яе перададуць пракурору, каторы накіруе справу ў суд. Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку пагражае абмежаванне волі тэрмінам да 5 гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без яе.

Чытайце па тэме:  Палітвязня Ігара Комліка выпусцілі з СІЗА пад падпіску

Нагадаем, што па такім жа артыкуле ў 2011 годзе быў асуджаны кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі. Падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы ў дачыненні да праваабаронцы стала інфармацыя пра яго рахункі ў замежных банках, перададзеная беларускім уладам Мінюстам Літвы і Генпракуратурай Польшчы. 24 кастрычніка 2011 году Алесь Бяляцкі быў асуджаны на 4,5 гады зняволення. Быў вызвалены пасля амністыі 21 чэрвеня 2014 году.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: