Следчыя ў справе салдата Аляксандра Коржыча, які гвалтоўна загінуў у вайсковай частцы ў верасні 2017 году, правялі эксгумацыю цела. Аб гэтым Свабодзе расказала маці загінулага салдата Святлана.

Аляксандр Коржыч, фота з сацсетак

 

7 чэрвеня старшыня Следчага камітэту Іван Наскевіч паведаміў, што следзтва ў справе Аляксандра Коржыча працягнутае, прызначаны шэраг дадатковых экспэртыз. Паводле Наскевіча, яны зоймуць некалькі тыдняў, пасля чаго справа будзе перададзеная ў суд.

Як стала вядома Свабодзе, 6 чэрвеня цела Аляксандра Коржыча было эксгумаванае.

«Учора прыехалі, паклікалі мяне на эксгумацыю. Выкапалі, спыталі, ці гэта мой сын. Я сказала, што так, мой, — расказала Святлана Коржыч. — Мясцовых больш нікога не дапусцілі на эксгумацыю. Толькі мяне. Забралі цела ў морг, узялі ўсё неабходнае для экспэртызы. Сказалі, што праз некалькі тыдняў паведамяць аб выніках».

Эксгумацыя цела Аляксандра Коржыча была адным з патрабаванняў яго маці, якая не пагадзілася з высновамі следзтва. Святлана Коржыч знаёмілася з матэрыяламі справы на працягу ўсяго траўня, пасля чаго звярнулася ў СК і Адміністарцыю кіраўніка краіны з патрабаваннем правесці эксгумацыю цела сына для правядзення дадатковай мэдыцынскай экспэртызы. Яна перакананая, што сын стаў ахвярай забойства.

Паводле вэрсіі Следчага камітэту, Аляксандра Коржыча «давялі да самагубства». Пры гэтым сам СК раней паведамляў, што цела знайшлі ў пятлі са звязанымі нагамі і нацягнутай на галаву майкай — як гэта спалучаецца з вэрсіяй пра самагубства, маці не патлумачылі.

Чытайце па тэме:  «Звязаныя ногі і майка на галаве — гэта самагубства?!» — маці Аляксандра Коржыча будзе дабівацца размовы з Лукашэнкам

Гвалтоўная смерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі смерці маладых салдат.

Пасля здарэння ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненняў падчас службы ў войску.

Па выніках расследавання ў справе Коржыча былі ўзятыя пад варту 10 чалавек: два афіцэры — камандзір роты, старшы лейтэнант 1994 году нараджэння, і ягоны намеснік, капітан 1989 году нараджэння, — сем сяржантаў і прапаршчык. За непрыняцце захадаў прадухілення гібелі Коржыча з войска звольнілі пяць чалавек, яшчэ двое адхіленыя ад працы.

30 сакавіка прапаршчыка з 72-га гвардзейскага аб’яднанага вучэбнага цэнтру ў Печах Ігара Хішчанку, які катаваў салдат электрашокерам, пакаралі 5 гадамі зьняволеньня.

72-і гвардзейскі аб’яднаны вучэбны цэнтар падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спэцыялістаў — так афіцыйна называецца вайсковая адзінка ў вайсковым гарадку Печы пад Барысавам. Вучэбны корпус у Печах — найвялікшая вайсковая фармацыя ў Беларусі. Паводле «Белорусской военной газеты», у Печах больш за 4,5 тысячы асабовага складу — цэлы пасёлак, па цывільных мерках. Тут сканцэнтравана каля 10% усіх вайскоўцаў краіны (агулам у Беларусі іх 48,9 тысячы, інфармуе БелТА).

Вучэбны цэнтар у Печах існуе з 1960 году. Раней там рыхтавалі толькі малодшых камандзіраў і спэцыялістаў, а з 2001 году — яшчэ і прапаршчыкаў.

Чытайце па тэме:  Лукашенко о трагедии в Печах: “Нам родители отдают самое дорогое, что у них есть. А получают что?”

72-і вучэбны цэнтар — гэта шэсць спэцыялізаваных школ, кожная з якіх лічыцца асобнай вайсковай часткай. У розных школах рыхтуюць будучых танкістаў, кіроўцаў і камандзіраў БМП, снайпэраў, спэцыялістаў радыёсувязі, начальнікаў сталовых — большасць спэцыялістаў для беларускай арміі. Усяго там навучаюць 81 спэцыяльнасці.

Акрамя школаў, у вучэбны цэнтар уваходзяць тры вайсковыя адзінкі, дзе салдаты праходзяць паўнавартасную службу: батальён аховы і абслугоўвання, цэнтар тэхнічнага забеспячэння і батальён матэрыяльнага забеспячэння.

Алесь Пілецкі, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: