Бухгалтар прафсаюза РЭП Ігар Комлік, які ўтрымліваўся пад вартай з 2 жніўня ў межах “справы прафсаюзаў” і быў прызнаны праваабаронцамі палітвязнем, распавёў сайту palitviazni.info, што следчыя нарэшце вярнулі яму пашпарт.

Фото: palitviazni.info

 

Больш за два месяцы давялося “ваяваць”, каб аддалі дакумент”, – кажа Ігар Комлік.

Нагадаем, што бухгалтар прафсаюза РЭП Ігар Комлік ўтрымліваўся пад вартай з 2 жніўня ў межах крымінальнай справы, узбуджанай супраць яго і старшыні прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча па ч.2 арт.243 Крымінальнага кодэкса РБ (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры).

Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне да 7 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці. Паводле афіцыйнай інфармацыі Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі, у ходзе праверкі ў межах узбуджанай крымінальнай справы ўстаноўлена, што «старшыня і галоўны бухгалтар прафсаюзнай арганізацыі з мэтай асабістага ўзбагачэння адкрылі ад імя прафсаюза рахункі ў замежных банках, на якія пастаянна паступалі буйныя сумы грашовых сродкаў».

Праваабаронцамі Ігар Комлік быў прызнаны палітычным зняволеным. 2 кастрычніка ён быў вызвалены з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе.

“Днямі атрымаў маленькую перамогу, бо следчыя, у рэшце рэшт, вярнулі пашпарт, – кажа суразмоўца. – Да таго ж, аддалі 30 рублёў, якія забралі ў мяне пры затрыманні. Усё гэта добра, але застаецца толькі загадкай, чаму пашпарт так складана было вярнуць раней, калі ён мне быў патрэбен і пры звароце ў паліклініку не па месцы жыхарствы, і пры атрыманні банкаўскай карткі. Трымалі ж дакумент больш, чым я сядзеў у ізалятары”.

Ігар Комлік не выключае, што пашпарт маглі б і да гэтага часу не аддаваць, але на гэта паўплываў рэзананс у СМІ.

“Следчыя ж таксама чытаюць, што пішуць пра гэтую справу, – дадае ён. – Да таго ж, і я сам напісаў паўторную заяву, каб мне аддалі дакумент. Што ж датычыцца нашай крымінальнай справы, то нічога новага ў ёй няма. Для мяне, праўда, некалькі дзіўна, што справа тычыцця быццам бы нясплаты падаткаў у 1011 годзе, а пытанні задаюць па ўсім перыядзе дзейнасці прафсаюзаў. Незразумелая цікаўнасць…”

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: