3 верасня ў судзе па “справе Коржыча” пракурор агучыў заключэнне пасмяротнай комплекснай судовай псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы ў адносінах да загінулага салдата, паведамляе Еўрарадыё.

Абвінавачаныя сяржанты па “справе Коржыча”. Злева направа: Антон Вяжэвіч, Яўген Бараноўскі і Ягор Скуратовіч, Еўрарадыё

 

Высветлілася, што дыягназ “саматаформная вегетатыўная дысфункцыя”, пастаўлены 21-гадоваму пінчуку падчас лячэння ў медычнай роце, судова-медычныя эксперты лічаць псіхічным расстройствам.

Следства ўпэўнена заяўляе: Аляксандр Коржыч павесіўся сам, а прычынай таму былі нестатутныя зносіны ў 3-й роце 3-й школы 72-га вучэбнага цэнтра ў Пячах. Цяпер высвятляецца, што хлопец пакутаваў ад псіхічнага расстройства. Хаця судова-медычныя эксперты і пацвярджаюць, што 20 верасня вайсковец перастаў скардзіцца на болі ў сэрцы, а на момант выпіскі быў спакойным і адэкватным у паводзінах, а таксама — што няма такіх індывідуальных псіхалагічных асаблівасцяў, якія б адназначна прыводзілі да суіцыду, наяўнасць псіхічнага расстройства — гэта яшчэ адзін аргумент на карысць версіі пра самагубства.

Дыягназ “саматаформная вегетатыўная дысфункцыя” ўжо гучаў у судовай зале — яго каментавалі сведкі, якія выступалі ў судзе раней. У адрозненне ад следства, вайсковыя псіхіятры, якія аглядалі Аляксандра Коржыча, прытрымліваюцца думкі, што гэта не псіхічнае расстройства, а вельмі распаўсюджанае захворванне, уласцівае вялікай колькасці юнакоў.

“Ці можа стаць такі дыягназ падставай для самагубства?” — “Не”

31 жніўня псіхіятр, падпалкоўнік Павел Зарэцкі, які прымаў Сашу Коржыча 18 верасня 2017 года — за 8 дзён да яго меркаванага самагубства — казаў, што хлопец быў цалкам здаровы. У псіхіятра ўвогуле не было прычын ставіць нейкі дыягназ!

“Перад тым, як да мяне прывозяць ваеннаслужачых, мне дасылаюць іх дакументы, — распавядаў суду Зарэцкі. — Мне даслалі медыцынскую, службовую, сацыяльна-псіхалагічную характарыстыкі і асабістую справу Коржыча. Я вывучыў усё, пагаварыў з ім хвілін 40. Суіцыдальных думак не было. Ён хацеў працягваць службу ў войску. Ён быў нават трохі здзіўлены, што яго прывезлі да псіхіятра”.

20 верасня Коржыча зноў павезлі да псіхіятра. На гэты раз — вышэйшага за Зарэцкага.

“Я такіх рэкамендацый не даваў. У той момант, калі ён знаходзіўся ў мяне, ён быў адэкватны і паводзіў сябе спакойна. Я не лічыў патрэбным выстаўляць яму дыягназ, таму што ён быў цалкам здаровы”, — працягвае даваць паказанні падпалкоўнік.

Пра дыягназ СВД, які паставілі Коржычу, падпалкоўнік Зарэцкі кажа так:

“Гэта можа з’явіцца амаль у кожнага чалавека, напрыклад, пасля сваркі з начальнікам. Гэта рабочы, расплывісты дыягназ, які ставіцца, калі лекары дакладна не ведаюць, што з пацыентам. Гэта дае магчымасць адправіць на далейшае абследаванне”.

Адна з адвакатак абвінавачаных цікавіцца ў псіхіятра, ці можа стаць такі дыягназ падставай для самагубства. Зарэцкі упэўнена адказвае: “Не”. Больш за тое, ён кажа, што паміж назвамі хвароб “саматаформная вегетатыўная дысфункцыя”, “вегетасасудзістая дыстанія” і “нейрацыркуляторная астэнія” можна паставіць знак роўнасці. Гэта ўсё не псіхічныя расстройствы, а толькі парушэнні вегетатыўнай нервовай сістэмы.

“Псіхічна здаровы”

Псіхіятр Марына Бубенчык, якая таксама прымала Аляксандра Коржыча, як і Павел Зарэцкі, паставіла яму дыягназ “псіхічна здаровы”. Пра гэта жанчына распавяла суду 30 жніўня.

Старшы сяржант, медбрат Міхаіл Мядзвецкі лячыў Коржыча, калі той трапіў у медпункт №1 вучэбнага цэнтра ў Пячах.

“Нармальны хлопец, нічога звышнатуральнага, ніякіх думак не выказваў. Ляжаў з дыягназам “нейрацыркуляторная астэнія” і прастуднымі хваробамі. Дыягназ НЦА быў пастаўлены тэрапеўтам медроты”, — распавядае ў судзе старшы сяржант.

Коржыч скардзіўся Мядзвецкаму на болі ў сэрцы. Той даваў яму валяр’янку і рабіў ЭКГ. Кардыяграма не паказала праблем. Яе Коржычу ў медпункце зрабілі двойчы.

Пацярпелая Святлана Коржыч на паседжанні 3 верасня падала хадайніцтва пра тое, каб у суд у якасці сведкі выклікалі тэрапеўта медыцынскай роты Кацярыну Чумак. А адвакатка абвінавачанага Яўгена Бараноўскага папрасіла дапытаць псіхолага і псіхіятра, якія рабілі пасмяротную псіхолага-псіхіятрычную экспертызу. Суд задаволіў абодва хадайніцтвы.

Крымінальную справу аб гібелі 21-гадовага салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча ў навучальным цэнтры ў Пячах разглядаюць ужо месяц. Абвінавачванне выстаўлена тром сяржантам: Яўгену Бараноўскаму, Ягору Скуратовічу і Антону Вяжэвічу.

Цела Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі ў падвале медыцынскай роты вайсковай часткі 3 кастрычніка 2017 года. Яно знаходзілася там цэлы тыдзень. У салдата былі звязаны ногі, а на галаву была надзетая майка.

Расследаванне гучнай справы доўжылася паўгода, разглядаліся тры версіі гібелі. У красавіку 2018 года Следчы камітэт паведаміў, што Коржыча давялі да самагубства калегі. Маці салдата ў гэтую версію не верыць, а пацярпелыя салдаты кажуць, што ў Аляксандра Коржыча не было прычын зводзіць рахункі з жыццём.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: