Слонімская сынагога 17 стагоддзя трапіла ў лік чатырох найбольш значных сынагог Эўропы, якія патрабуюць тэрміновай рэканструкцыі. Ужо сёлета можа пачацца яе кансэрвацыя, а цягам наступных пяці гадоў — рэканструкцыя. Як аднаўленне сынагогі можа паспрыяць адраджэнню габрэйскай грамады ў Слоніме і прыцягнуць у горад турыстаў, Свабодзе расказалі ў беларуска-брытанскай грамадзкай арганізацыі The Together Plan.

Больш за 20 год сынагога разбураецца

7 лютага ў будынку Палаты абшчынаў брытанскага парлямэнту абмяркоўвалі слонімскую сынагогу. Яна трапіла ў лік чатырох найбольш важных сынагог Эўропы сярод больш як 3300. Гэтыя чатыры ў першую чаргу плянуе аднавіць Фонд габрэйскай спадчыны (Foundation for Jewish Herirage).

Як піша The Guardian, гісторык Сайман Шама (Simon Schama) ініцыяваў абследаванне ўсіх захаваных у Эўропе сынагог, каб вызначыць іх «рэйтынг значнасці». Найбольш каштоўныя будынкі плянуецца рэканструяваць. У ліку першых значыцца слонімская сынагога.

Барочная сынагога ў Слоніме будавалася ў 1635–1642 гадах. Сёння гэта найстарэйшы будынак гораду. У савецкі час тут быў склад мэблевай крамы, у прыбудовах месціўся малочны бар. У 1990-я помнік архітэктуры перадалі дзяржаве. Ад таго часу ягоны стан толькі пагаршаецца. У сынагогу, што побач з рынкам, наведваліся вандалы, сюды выкідавалі смецце.

У апошнія 20 год была не адна спроба аднавіць сынагогу. Але за гэты час тут толькі з’явіўся новы дах.

«Доўгі час былі спробы аднавіць сынагогу. У тым ліку з боку слонімскіх габрэяў у Ізраілі і іншых арганізацый, якія звярталіся да мясцовых уладаў, — кажа Свабодзе Артур Ліўшыц. — Але нічога не змянілася. Сынагога развальваецца, і нічога ня робіцца».

Артур Ліўшыц

 

Ліўшыц узначальвае міжнародныя дабрачынныя арганізацыі «Дыялёг» і прадстаўляе ў Беларусі Брытанскую дабрачынную арганізацыю The Together Plan. Яны вядуць перамовы з уладамі пра магчымую рэканструкцыю сынагогі. У верасні 2017 году яны падпісалі мэмарандум аб намерах са слонімскім райвыканкамам.

Чытайце па тэме:  The Guardian: Как распознать пропаганду и защитить себя?

«Мне вельмі спадабалася стаўленне мэрыі Слоніма да праекту і габрэйскіх рэчаў, — сказаў Артур Ліўшыц. — Яны ня проста не замінаюць, яны падтрымліваюць».

Слонімская сынагога — адна з найстарэйшых у Беларусі. Яна пабудаваная ў стылі барока. Як распавяла Свабодзе архітэктарка Галіна Левіна, па слонімскай сынагозе можна вывучаць гісторыю рэлігійнага жыцця, мастацтва і архітэктуры ў Беларусі.

«Пра слонімскую сынагогу можна гаварыць незалежна ад таго, ці ўключылі яе ў нейкі рэйтынг, — сказала Левіна. — Для нас яна заўжды сярод найбольш цікавых сынагог. Для мяне яна такі яркі прыклад жыцця Слоніма і Беларусі на працягу многіх стагоддзяў».

Міжваенны выгляд Слоніма. Фота з Нацыянальнай бібліятэкі Польшчы

 

Левіна адзначае, што сынагога каштоўная жывапісам, які тут захаваўся. На пачатку 1990-х у Слоніме працавалі рэстаўратары творчай майстэрні «Басталія». Яны зрабілі графічную фіксацыю жывапісу.

«Слонімская сынагога адзіная, дзе захаваўся такі стары жывапіс», — сказаў Свабодзе рэстаўратар Мікола Залатуха.

 У праекце ўдзельнічае брытанская тэлевядоўца, чый дзядуля паходзіць са Слоніма

Са Слоніма паходзіць ня толькі тэлевядоўца Наташа Каплінскі, але й вядомая ў свеце брытанская кампанія Marks and Spencer

 

У Вялікай Брытаніі даўні інтарэс да сынагогі ў Слоніме. У 2007 годзе сюды прыяжджала здымачная група ВВС. Тут праходзілі здымкі чарговага выпуску праграмы «Як вы лічыце, хто вы?» (Who Do You Think You Are?). Здымачная група прыехала ў Слонім разам з Наташай Каплінскі — вядомай брытанскай тэлевядоўцай. Яе продкі паходзяць са Слоніма. Дзядуля быў рабінам у сынагозе, пакуль не эміграваў у 1929 годзе.

Чытайце па тэме:  Пра аднаўленне слонімскай сінагогі напісала “The Guardian”

У 2016 годзе 27 прадстаўнікоў сямейства Каплінскі наведалі Слонім. Наташа і яе дзядзька Сайман цяпер уваходзяць у лік уплывовых брытанцаў, якія падтрымліваюць праект адраджэння сынагог у Эўропе.

Сайман Каплінскі, Наташын дзядзька, — уплывовы цывільны інжынэр у Брытаніі. Ён удзельнічае ў праекце па рэстаўрацыі сынагогі. Быў адным з падпісантаў мэмарандуму са слонімскімі ўладамі, правярае тэхнічную дакумэнтацыю па сынагозе.

 Пры гэтым Каплінскія ня маюць дачынення да таго, што ў лік першых на рэстаўрацыю сынагог Эўропы трапіў храм са Слоніма.

«Гэта незалежнае даследаванне было, — кажа Артур Ліўшыц. — Іх гісторыя ня мела дачынення да выбару. Але добра выйшла, што такія ўплывовыя людзі ўдзельнічаюць у праекце».

 Аднаўленне сынагогі можа адрадзіць габрэйскую абшчыну ў Слоніме

Што можа даць гораду адноўленая сынагога? На думку Артура Ліўшыца, Слоніму трэба карыстацца тым, што да гораду цяпер вялікая ўвага ў Вялікай Брытаніі. Ён кажа, што ўдзел у такім праекце можа прывесці да развіцця турызму і прыцягнення інвэстыцый. У тым ліку за кошт выхадцаў са Слоніма. Найбольш вядомы ў Брытаніі выхадзец са Слоніма — Міхал Маркс быў сузаснавальнікам буйной гандлёвай сеткі Marks & Spencer.

 Праект ужо актывізаваў габрэйскі рух у Слоніме. Да Другой усясветнай вайны насельніцтва Слоніма на 80% складалі габрэі. Цяпер, па дадзеных перапісу, іх усяго некалькі дзясяткаў сярод 50 тысяч жыхароў. Але з пачаткам аднаўлення ў горадзе сынагогі можа з’явіцца габрэйская грамада, лічаць у The Together Plan.«Мы хочам падтрымаць такую ініцыятыву, — кажа Артур Ліўшыц. — У Слоніме ёсць некалькі ініцыятыўных людзей, якія пры падтрымцы ўладаў выйшлі на дыялёг».

Чытайце па тэме:  The Guardian: Как распознать пропаганду и защитить себя?

Ужо летам 2018 году ў Слоніме мае прайсці міжнародны габрэйскі моладзевы сымпозіюм, прысвечаны ў тым ліку і архітэктурнай спадчыне.

«Мы будзем працягваць працы, нават калі ў Слоніме ня з’явіцца грамада. Але нам бы хацелася бачыць габрэйскую групу насельніцтва Слоніма, якая робіць нейкія праекты», — кажа Ліўшыц.

У бліжэйшых плянах — кансэрвацыя сынагогі ў 2018 годзе

Плян па рэстаўрацыі сынагог абвясцілі ў будынку Палаты абшчынаў брытанскага парлямэнту. У святочнай імпрэзе ўдзельнічалі ўплывовыя ў Брытаніі палітыкі, навукоўцы і знакамітасці. Але гэта ня значыць, што фінансавацца праект будзе з дзяржаўнага бюджэту Вялікай Брытаніі. Для кожнай сынагогі распрацаваны свой плян дзеянняў.

Валянтэры прыбіраюцца на тэрыторыі сынагогі ў Слоніме, 2017 год

 

Першы этап аднаўлення слонімскай сынагогі ўжо пройдзены. У канцы 2017 года быў ацэнены стан будынка — і прызнаны аварыйным. Каб пазбегнуць разбурэння, трэба зрабіць сцяжкі сценаў, усталяваць рыштаванні, каб не паабвальваліся перакрыцці.

«У бліжэйшы год мы спадзяёмся зрабіць кансэрвацыю, — сказаў Артур Ліўшыц. — Думаю, гэта будзе каштаваць 100–120 тысяч даляраў. Гэта рэальная сума для такога вялікага будынку».

Цяпер пачынаецца пошук фінансавання на кансэрвацыю. На пытанне, калі сынагогу адрэстаўруюць цалкам, Ліўшыц не адказвае. Па яго словах, гэта доўгатэрміновы праект, які зойме ня менш за пяць год. Канчатковы кошт усіх працаў невядомы, але гаворка ідзе пра «мільёны даляраў».

«Я б ня стаў спяшацца з прагнозамі. Трэба ісці крок за крокам. Сёння мы робім максымум, гэта не пустыя абяцанні», — кажа Ліўшыц.

Антон Трафімовіч, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: