Напярэдадні ваеннага параду, асноўнай ваеннай аперацыі беларускага войска, Лукашэнка ў чарговы раз прысвоіў генеральскія званні.

Ну і дзе будуць змагацца новыя таварышы генералы? На якіх франтах?

Дапусцім, як сказаў Лукашэнка, на натаўскім, ці расійскім. На якім канкрэтна, па-мойму, без розніцы. Бо да месца баявых дзеянняў іх палкі і дывізіі не дабяруцца. Ва ўсякім разе танкавыя. Паслізгаюць з дарог у кюветы.

Перад чарговым ваенным парадам міністр абароны прабіў законапраект, які можна назваць “Служыць мусяць усе!” А хто не служаў у войску, як вынікае з таго законапраекту, не могуць служыць нідзе! І калі стала нарастаць хваля грамадскага незадавальнення зменамі ў законах аб вайсковай і дзяржаўнай службах, у кодэксе аб адукацыі, колішні палітрук Лукашэнка патрымаў заканапраект, заявіўшы, што закон «служыць мусяць усе» навучыць усіх (а не толькі жанчын), як стаць сапраўднымі абаронцамі Радзімы.

Дапусцім. Можа быць. Паводле законапраекта генерала Раўкова ў войска нікога пакуль не забрылі, так што дапусцім. Але скажыце, таварыш палітрук, таварышы новыя і не надта новыя генералы: навучыць тых хлопчыкаў, якіх вы ўжо забіралі ў войска, як стаць хоць бы сапраўднымі механікамі кіроўцамі, можна было? Ці гэта больш складана, чым навучыць, як стаць абаронцамі?..

Два гады таму на рэпетыцыі ваеннага параду злізгануў з дарогі на ходнік адзін танк. У гэтым годзе – другі. Тое, што яны не раструшчыліся тузіны два людзей, шчаслівая выпадковасць.

У войску дзедаўшчына, самагубствы, ідэялагічны ідыятызм, салдат вучаць, як стаць сапраўднымі будаўнікамі генеральскіх катэджаў, – і вы хочаце, каб ад такога войска моладзь не “касіла”? Ды пасля новага заканапраекту яшчэ больш будзь касіць. Як? “Ліняць” ад такіх заканапраектаў з такімі генераламі, “валіць” з такой радзімы з такім палітруком, які ўжо скардзіўся, што не хапае для службы ў сілавых структурх людзей з інтэлектам – цяпер іх не стане зусім.

Уладзімір Някляеў

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...