Сёння на сэсіі Рады ААН па правах чалавека, якая адбываецца ў Жэнэве, спэцыяльны дакладчык Міклаш Харасці агучвае свой апошні даклад аб становішчы з правамі чалавека ў Беларусі.

Затрыманні на Дзень Волі ў Менску. 25 сакавіка 2017

 

Міклаш Харасці стаў спэцыяльным дакладчыкам ААН па правах чалавека ў Беларусі ў 2012 годзе. Ягоны мандат, які скончыцца 31 кастрычніка 2018, Рада ААН па правах чалавека працягвала пяць разоў. Афіцыйны Менск адмовіўся супрацоўнічаць са спадаром Харасці і ні разу не ўпусціў яго ў Беларусь у якасці спэцдакладчыка ААН.

Напярэдадні сэсіі ў Жэнэве Радыё Свабода пагутарыла з Міклашам Харасці пра ягоны апошні даклад у прыватнасці і ацэнку ягонай амаль шасцігадовай працы ў агульнасці.

Ці ў вашым дакладзе, які ахоплівае пэрыяд ад 1 красавіка 2017 да 30 красавіка 2018, вы адзначаеце нейкае паляпшэнне становішча з правамі чалавека ў Беларусі ў параўнанні з папярэднім справаздачным пэрыядам?

На жаль, я ня бачу ніякага паляпшэння ні ў кароткатэрміновай пэрспэктыве, ні ў доўгатэрміновай на працягу маёй шасцігадовай справаздачнай дзейнасці. Са смуткам мушу дадаць, што і ў самай доўгай пэрспэктыве — цягам больш чым двух дзесяцігоддзяў кіраўніцтва цяперашняга прэзыдэнта Беларусі — я таксама ня бачу ніякага практычнага паляпшэння становішча, а хутчэй адзначаю паглыбленне абмежавальных захадаў рэжыму, каб, як кажуць, «ня выпусціць джына з бутэлькі». Я таксама адзначаю цыклічнае выкарыстанне беларускімі ўладамі жорсткага падаўлення выступаў людзей, якія хочуць пакарыстацца сваім правам на свабоду мірных сходаў і асацыяцыяў — улады такім чынам перасцерагаюць маладыя пакаленні, што выраслі за час кіравання гэтага прэзыдэнта, перад зменай сытуацыі.

Назавіце, калі ласка, галоўныя праблемы, якія Рада ААН па правах чалавека бачыць у Беларусі.

Рэч у тым, што Беларусь распрацавала вельмі своеасаблівы спосаб заканадаўчага рэгулявання грамадзкага жыцця. Гэта тычыцца ўсіх аспэктаў публічнага жыцця, уключна з правамі на свабоду мірных сходаў і асацыяцыяў, свабоду выказванняў і СМІ, і нават права на жыццё. Сутнасць гэтага рэжымнага заканадаўства ў тым, што яно грунтуецца, так сказаць, на дазваляльным прынцыпе. Заканадаўства надзяляе ўлады правам адвольна вырашаць — дазволіць нейкія грамадзкія захады ці не.

Тут мы маем тры праблемныя пласты, якія вельмі характэрныя для Беларусі — унікальнай лябараторыі бюракратычнага ўціску правоў чалавека ва ўсім паўшар’і, калі можна так сказаць. Па-першае, атрымаць дазвол на любое мерапрыемства вельмі цяжка ці нават немагчыма, з увагі на мноства дадатковых патрабаванняў і адвольнасць рашэнняў — гэта па сутнасці кафкіянская сытуацыя. Па-другое, калі нешта не дазволенае, дык яно адразу ўспрымаецца як супрацьзаконнае: любы ўдзельнік афіцыйна не дазволенага мерапрыемства de iure з’яўляецца парушальнікам закону. І па-трэцяе, de facto існуе поўная адвольнасць пакаранняў турэмнымі тэрмінамі. Гэтае патройнае напластаванне стрыножыла грамадзкае жыццё ў Беларусі на дзесяцігоддзі. Гэта асноўная справа.

Далей, як я ўжо згадваў, праваахоўныя органы цыклічна ўжываюць адкрыты гвалт супраць мірных дэманстрацый. Мой мандат мае свой пачатак якраз у жорсткім падаўленні пратэсту пасля выбараў у снежні 2010 году, калі з’явіліся палітычныя вязні. Улады іх вызвалілі, але потым набралі новых. Так што і тут назіраецца цыклічнасць.

Наступная праблема — свабода СМІ. Беларусь — адзіная краіна ў кантынэнтальнай Эўропе, у якой няма прыватнага каналу агульнанацыянальнага вяшчання. Дзяржава цалкам дамінуе ў вяшчанні, а гэта азначае ня толькі дзяржаўную цэнзуру, але і выкарыстанне вяшчання ў якасці прапагандысцкай машыны. Да таго, дзясятак розных дзяржаўных ведамстваў надзелены правам выносіць папярэджанні газэтам ці інтэрнэтным сайтам, і такія папярэджанні служаць потым падставай для прыпынення дзейнасці СМІ або скасавання іх рэгістрацыі. Гэтыя сродкі выкарыстоўваюцца выключна супраць незалежных журналістаў.

Яшчэ адна праблема — закон аб інтэрнэце, які рыхтуюць улады. Гэта вельмі абмежавальны законапраект, які ў практыцы можа пакончыць са свабодай у інтэрнэце ў Беларусі, таму што ён абавяжа кожны інтэрнэтны сайт у Беларусі рэгістраваць карыстальнікаў і камэнтатараў. Усе сайты будуць вымушаныя ня толькі рэгістравацца фізычна ў Беларусі, але і прасіць аб атрыманні статусу СМІ, то бок таго статусу, які адносіцца да клясычных СМІ і абкладзены рознага тыпу абмежаваннямі.

Міклаш Харасці

 

Вы атрымалі мандат спэцыяльнага дакладчыка ААН па Беларусі амаль шэсць гадоў таму. Аднак беларускія ўлады не дазволілі вам ні разу наведаць краіну ў гэтай якасці. Чаму? Як яны абгрунтоўваюць сваю адмову ўпусціць вас у Беларусь?

Сапраўдная прычына ў тым, што яны проста ня хочуць супрацоўнічаць з гэтым мандатам. Яны лічаць, што гэты мандат нелегітымны, і на гэтым іхныя аргумэнты спыняюцца. Як ён можа быць нелегітымны, калі Рада ААН па правах чалавека аднаўляла яго штогод пяць гадоў запар? Мандат аднаўлялі, бо сытуацыя ў Беларусі не мянялася. Але краіна афіцыйна мяне не запрашае.

Я быў удзячны уладам, калі яны дазволілі мне наведаць краіну летась па запрашэнні ад Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, якая праводзіла сваю сэсію ў Менску і запрасіла мяне на круглы стол па пытаннях правоў чалавека. Тады Міністэрства замежных справаў Беларусі афіцыйна заявіла, што я не з’яўляюся іхным госцем. Я быў удзячны міністэрству за гэтую заяву, бо праз яе шмат грамадзян Беларусі даведалася аб маёй прысутнасці ў краіне.

Я быў заўсёды гатовы да палітыкі «малых крокаў» у супрацоўніцтве з беларускімі ўладамі адносна пытанняў, якія ўваходзілі ў мой мандат. Але яны не былі гатовыя да супрацоўніцтва са мною. Галоўная рэкамэндацыя ў маім апошнім дакладзе датычыць таго, што Рада ААН па правах чалавека павінна зрабіць намаганне, каб падоўжыць мандат спэцыяльнага дакладчыка па Беларусі. Я адпрацаваў у гэтай якасці шэсць гадоў, што з’яўляецца максымальным тэрмінам для аднаго чалавека, і цяпер гэты мандат павінен атрымаць іншы чалавек. Першая прычына падоўжання мандату: адсутнасць прагрэсу ў ажыцьцяўленні рэкамэндацый ААН Беларуссю. І другая, пра якую я толькі што сказаў: адсутнасць ахвоты беларускіх уладаў супрацоўнічаць з гэтым мандатам.

На ваш погляд, Рада ААН па правах чалавека схільная назначыць новага дакладчыка па Беларусі?

Адчуваю, што так. Зразумела, у Радзе ААН па правах чалавека ёсць таксама група краінаў — назавем іх «кааліцыяй неахвотных» — якія, як і Беларусь, выступаюць супраць такога мандату, але краіны, якія падзяляюць заклапочанасць становішчам з правамі чалавека ў Беларусі, заўсёды былі там у большасці.

Якія практычныя мэханізмы ўплыву на Беларусь знаходзяцца ў распараджэнні Рады ААН па правах чалавека? Магчыма, іх зусім няма?

Дзякую за гэтае пытанне. На першы погляд скептыцызм, заключаны ў вашым пытанні, падаецца апраўданым. Таму што галоўная выснова майго апошняга дакладу: становішча ў Беларусі не змянілася. Але з другога боку я адчуваю, што мне можна ганарыцца менш відавочнымі вынікамі свайго мандату. Праўда, у Беларусі мы назіралі цыклічнае пагаршэнне сытуацыі з правамі чалавека, але той афіцыйны пераслед ніколі не ператварыўся ў крывавую расправу, як часта бывае з пераследам, за якім ніхто ня сочыць. Я лічу, што, напрыклад, вызваленне палітвязняў з турмы, змякчэнне некаторых судовых прысудаў ці замена зняволення штрафамі, што здаралася час ад часу — адбывалася і таму, што дакладчык ААН інфармаваў сусветную супольнасць пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі і называў імёны парушальнікаў гэтых правоў. Гэта заўсёды дапамагае. Такія высілкі не заўсёды прыводзяць да паляпшэньня сытуацыі, але яны прадухіляюць яе пагаршэнне.

Ян Максімюк, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: