Кампрамісны, але адносна мяккі прысуд па “справе прафсаюзаў” выкліканы нежаданнем рэжыму ўскладняць стасункі з Захадам.

На фота (злева направа): Ігар Комлік, намеснік генеральнага сакратара Глабальнага саюза IndustriAll Кемаль Озкан, Генадзь Фядыніч. Фота: Вадзім Барысаў

 

Выканаўчы дырэктар сацыяльна-інфармацыйнай установы “ТаймАкт” Васіль Завадскі разважае пра “справу прафсаюзаў”.

-Прысуд цалкам прадказальны, і сведчыць толькі пра тое, што напісаны даўно і нават не суддзёй, я б так сказаў. Мне здаецца, кампрамісны, але адносна мяккі прысуд зроблены для таго, каб не ўскладняць сітуацыю: калі б Фядыніч і Комлік пайшлі не на хатнюю хімію, а ў месцы пазбаўлення волі, то іх адразу прызналі палітзняволенымі. Здаецца, рэжым не хоча ўскладняць сітуацыю з Захадам.

-Ці прагучалі на судзе неабвержныя доказы віны лідараў прафсаюза РЭП?

– Я прысутнічаў літаральна на ўсіх судовых паседжаннях (прапусціў толькі два). З таго, што я пачуў, можна зрабіць некалькі высноў. Няма ніякага складу злачынства нават у тым, што інкрымінавалася Фядынічу і Комліку. Па-другое, усе так званыя “доказы” здабыты аператыўным шляхам; як какнрэтна – не ведаюць ні абвінавачаныя, ні абарона. Таму няварта нават разважаць пра спаборніцтва бакоў, а значыць, і пра справядлівы суд. Доказаў няма, а з ўскоснымі доказамі, якія падало абвінавачванне, немагчыма было нават спрачацца: абарона папросту іх не бачыла.

-А як жа “ так званая “выпіска” з літоўскага SEB Bank?

-Наколькі я зразузеў, гэта ксеракопія з ксеракопіі; абвінавачанне казала пра подпіс некай службовай асобы, якую я расцэньваю як звычайную закаручку: хто яе паставіў, якую пасаду ў банку займае гэтая асоба, як яе прозвішча – нічога не вядома. Гэта не дакумент. Дакументы здабываюцца легальным шляхам з відавочнымі доказамі сапраўднасці: пячаткай, подпісам канкрэтнай службой асобы і гэтак далей. Тым больш, як вядома, Літва адмовілася дапамагаць беларускаму боку ў гэтай справе.

-Абвінавачанне выклікала ў суд каля 30 сведкаў…

-Амаль усе сведкі ў судзе заявілі пра псіхалагічны гвалт, які чыніла над імі следства падчас першых допытаў. Больш за тое, усё сказанае сведкамі толькі пацвердзіла невінаватасць абвіначаных Фядыніча і Комліка. Звярніце ўвагу: следства ўжо падчас судовага працэсу паўторна выклікала некаторых сведак, паўторна дапытвала іх; гэта азначае, што слухалі не толькі Фядыніча і Комліка, але і тое, што адбываецца ў судовай зале і спрабавалі ўсе свае недапрацоўкі ліквідаваць. Следства працягвала працаваць і шукаць кампрамат на лідараў РЭП нават у час судовага працэсу – пра якую роўнасць бакоў можна казаць? Следства таксама спрабавала звычайныя службовыя размовы Фядыніча і Комліка падаць як нейкія доказы.

-Як стасуецца абвінавачанне, датычнае 2011 года, з судовым працэсам?

-У першы ж дзень судовага працэсу і абвінавачаныя, і абарона паспрабавалі скіраваць суд у рэчышча інкрымінуемага перыяду – 2011 года, а ўсе сведкі, за выключэннем аднаго-двух, казалі зусім пра іншыя тэрміны. Следства спрабавала рэалізаваць логіку: калі яны рабілі гэта пазней, то рабілі і раней, – якая да юрыспрудэнцыя не мае ніякіх адносінаў, гэта проста нечыя фантазіі.

-Якія наступствы для грамадскага сектару Беларусі можа пацягнуць “справа прафсаюзаў”?

-Мне падаецца, увесь працэс пайшоў на карысць прафсаюзу (не хачу казаць, што атрымаў рэкламу – рэклама РЭПу не патрэбна), а людзі актыўна падтрымлівалі прафсаюз. А ўлада паказала, што працягвае ціск на ўсё, што не падпарадкоўваецца дзяржаве.

Дзяржава ва ўсёй красе паказала нашым заходнім партнёрам, як яна дзейнічае: і метады, і мэты.

На жаль, з набліжэннем дзвюх электаральных кампаній, з пагаршэннем эканамічнай сітуацыі ў краіне, з ростам сацывяльнай напругі трэба чакаць далейшага наступу на недзяржаўныя незалежныя структуры.

Даведка. Васіль Завадскі нарадзіўся на Полаччыне. Скончыў Віцебскі медыцынскі інстытут ў 1985 годзе. Атрымаў размеркаванне на працу ў пенітэнцыярную сістэму, дзе адпрацаваў амаль чвэрць стагоддзя.

У 2016 годзе сумесна з Мікалаем Аўтуховічам арганізаваў сацыяльна-інфармацыйную ўстанову “ТаймАкт”, якая займаецца праваабарончай дзейнасцю.

Беларуская праўда

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: