Праваабарончаму цэнтру “Вясна” стала вядома, што яшчэ ў пачатку снежня 2017 года палітвязень Міхаіл Жамчужны быў выкліканы адміністрацыяй калоніі №9 у Горках, дзе ён адбывае пакаранне, дзе яму паведамілі, што, паколькі ён “не стаў на шлях выпраўлення”, то не будзе прадстаўлены на ўмоўна-датэрміновае вызваленне альбо на замену пакарання на больш мяккае. Палітвязень распісаўся ў адпаведным уведамленні.

Міхаіл Жамчужны

 

У пачатку студзеня 2018 года стала вядома, што Упраўленне дэпартамента выканання пакаранняў па Магілёўскай вобласці адмовіла ў задавальненні скаргі на вынесеныя адміністрацыяй калоніі №9 спагнанні ў выглядзе змяшчэння ў ШІЗА 9 жніўня (7 сутак), 16 жніўня (10 сутак),  28 жніўня (7 сутак) і 6 снежня 2017 года (10 сутак). УДВП па Магілёўскай вобласці сцвярджае, што спагнанні былі накладзены правамерна “за дапушчаныя парушэнні парадку адбыцця пакарання”, “падставаў для адмены спагнанняў не маецца”.

Начальнік Упраўлення Ю.В. Талкачоў, які падпісаў адказ на скаргу, адзначае: “Якіх-небудзь пагроз жыццю і здароўю, іншых падставаў, якія перашкаджаюць далейшаму адбыццю пакарання асуджаным Жамчужным М.І. у калоніі №9, няма. Парушэнняў у дзеяннях адміністрацыі ВК №9 не ўстаноўлена”.

Нагадаем, спагнанні адміністрацыя калоніі ў Горках пачала выносіць Міхаілу Жамчужнаму за адмовы пераходзіць у атрад, сфармаваны са зняволеных з “нізкім статусам”. У сваіх тлумачальных, якія палітвязень прадстаўляе падчас атрымання спагнанняў, ён указвае на сапраўдныя прычыны адмоваў “следаваць у атрад” і патрабуе пераводу яго ў бяспечнае месца. Пры гэтым на заявы Міхаіла Жамчужнага аб змяшчэнні ў бяспечнае месца адміністрацыя па-ранейшаму не рэагуе.

Чытайце па тэме:  Бяляцкі патрабуе гарантаваць бяспеку палітвязьню Жамчужнаму

Міхаіл Жамчужны не выключаў, што ў снежні-студзені ён можа быць пераведзены ў ПКТ на працяглы перыяд, дзе атрымае магчымасць атрымліваць і карэспандэнцыю і пісаць адказы. Аднак на дадзены момант сувязь праз лісты з палітвязнем адсутнічае, што дае падставы меркаваць, што ў адносінах да яго, па-ранейшаму, выкарыстоўваюць спагнанні ў выглядзе змяшчэння ў ШІЗА, адкуль сувязь з сябрамі, калегамі, паплечнікамі і блізкімі немагчымая.

Нагадаем, заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Leave a comment