З 1 студзеня 2016 года кошты на водазабяспячэнне і каналізацыю, асабліва для жыхароў Мінска, выраслі ў 3,5 разы, што азначае поўнае, 100-працэнтнае пакрыццё расходаў. А міністр Аляксандр Церахаў на  калегіі ЖКГ  20 студзеня заяўляе, што ўзровень пакрыцця затрат на ўсе прадастаўленыя жыллёва-камунальныя паслугі будзе складаць толькі 50%, акрамя цеплавой энэргіі, дзе доля пакрыцця страт насельніцтвам складзе не болей 10%. Колькі ж можна?

zkh

У час паседжання былі адзначаны значныя дасягненні камунальнікаў за 2015 год. Дзякуючы паніжэнню затрат на аказанне жыллёва-камунальных паслугаў, аптымізацыі колькаснага складу штату супрацоўнікаў, увядзенні планава-разліковых коштаў і энергазберагаючым мерапрыемствам, калі верыць міністру, у сферы ЖКГ удалося сэканоміць  1,1 трлн.рублёў. Эканамічны эфект ад энергазбераючых мерапрыемстваў склаў 162,6 тыс. тон умоўнага паліва, а затраты па аказанні жыллёва-камунальных паслугаў насельніцтву скараціліся амаль на 11%. Задача па скарачэнні затратаў застаецца для беларускіх камунальнікаў прыярытэтнай і на бягучы год.

Чытаючы і слухаючы падобныя рапарты міністра ЖКГ краіны, складваецца ўражанне, што спадар Церахаў або нічога не ведае пра павелічэнне коштаў на жыллёва-камунальныя паслугі, якое адбылося з 1 студзеня 2016 года, або ў яго нелады з матэматыкай.

Увесь папярэдні час беларускае кіраўніцтва, у тым ліку і прадстаўнікі міністэрства ЖКГ, пастаянна даводзіла, што насельніцтва Беларусі пакрывае  ад 20 да 30% сабекошту гэтых паслугаў. Згодна пастановай Савета Міністраў ад 20 студзеня 2016 году №32 тарыф на цеплавую энергію для патрэб ацяплення і гарачага водазабяспячэння  падвышаецца на 33 329 руб. і складае 133 417 руб. за 1 Гкал. А для жылых памяшканняў, дзе не зарэгістраваны пражываючыя грамадзяне, кошт аплаты за цеплаэнергію павялічваецца ўдвая і дасягае поўнага пакрыцця расходаў на яе выпрацоўку, што адпавядае 857 710,3 руб. за 1 Гкал.

Чытайце па тэме:  Калинин: Давайте готовиться к новому году и не делать потрясений в предоставлении жилищно-коммунальных услуг

І чаму ж спадар міністр не жадае ўлічваць таго, што ўжо 79% кацельных у Беларусі, па справаздачах міністэрства, працуюць на мясцовых відах паліва (МВП), бо выпрацоўка цяпла на іх абыходзіцца ў два разы танней у параўнанні з прыродным газам? А на 2016 год запланаваны дадатковы перавод яшчэ 114 кацельных на МПВ, што дазволіць значна зменшыць сабекошт цяпла.

Згодна з указам кіраўніка дзяржавы №535 ад 31 снежня 2015 года, пакрыццё затрат насельніцтвам за тэхнічнае абслугоўванне жылля ўзрастае амаль да 80% ад яго сабекошту.

Значна ўзраслі кошты на водазабяспячэнне і каналізацыю, асабліва для жыхароў Мінска – у 3,5 разы, што з 1 студзеня 2016 года будзе адпавядаць поўнаму, 100-працэнтнаму пакрыццю расходаў.

За вываз жа смецця ўжо шмат год грамадзяне Беларусі амаль стопрацэнтна аплочваюць расходы камунальнікаў, а ў некаторыя гады аплата, згодна з “жыроўкамі”, дасягала да 103% ад сабекошту гэтай паслугі.

Што ж хаваецца за ўсімі гэтымі павелічэннямі, лічбамі, адсоткамі? Чаму беларускія ўлады пасля шматлікіх спробаў у мінулыя гады разабрацца, нарэшце, на самым высокім узроўні па пытаннях фармавання коштаў на камунальныя паслугі, так і не разабраўшыся, прынялі такія непапулярныя рашэнні?

Проста гэта чарговая спроба чынавенства перакласці на плечы грамадзян краіны сваю непрафесійнасць і, мягка кажучы, неэфектыўнае выкарыстанне народных (бюджэтных) фінансавых сродкаў.

Бо, напрыклад, яшчэ былы міністр ЖКГ, а цяперашні старшыня Мінскага гарвыканкама Андрэй Шорэц абяцаў гараджанам, што ў 2013 годзе будзе завершаны перавод Мінска на падземныя крыніцы водазабяспячэння і такім чынам будуць зняты існуючыя праблемы з вадой у шэрагу мікрараёнаў Фрунзенскага раёну сталіцы, Малінаўцы.

Чытайце па тэме:  Минздрав снова запретил поднимать цены на платные медуслуги

Сёння  на дварэ 2016 год; фінансавыя сродкі патрачаны, а праблемы да гэтай пары засталіся…

А як можна зразумець распараджэнне Магілёўскіх уладаў двухгадовай даўніны аб неабходнасці набыцця гарадскім водаканалам прагулачнага цеплахода за 420 тыс. долараў ЗША, расходы па набыцці якога разам са сродкамі на яго ўтрыманне ляглі на сабекошт паслугаў арганізацыі, і, як след,на плечы гараджан?

Узнікае пытанне: якім чынам гэтыя расходы закладзены ў фінансавую дзейнасць арганізацыі?

Спрытнасцю рук па прыхаванні сваёй “неэфектыўнай” дзейнасці ў сферы ЖКГ беларускае чынавенства можа ганарыцца з даўніх пор.

Як, напрыклад, за 2000-2005 гады яны змаглі ўзняць тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі, ўключаючы электра- і газазабяспячэнне, ажно ў 50,7 раза і пры гэтым сцвярджаць, што пакрыццё плацяжамі насельніцтва страт на гэтыя паслугі ўзрасло за гэты час з 12% у 2000 годзе толькі да 42,4% у 2005 годзе? Пры тым, што  спажывецкія кошты за гэтыя пяць год павялічыліся толькі ў 6,1 раза.

Каб у сферы ЖКГ выправіць сітуацыю да лепшага, тэрмінова неабходны эфектыўныя паўнамаштабныя рэформы, улючаючы стварэнне канкурэнтнага асяроддзя, фармаванне грамадзянскай супольнасці па месцы жыхарства згодна з законам “Аб мясцовым самакіраванні”  і кантролю грамадства за расходаваннем фінансавых сродкаў, мінімізацыя карупцыі, скарачэнне апарату чынавенства, зніжэнне сабекошту камунальных паслугаў…

Без тэрміновага вырашэння існуючых у ЖКГ праблемаў у бліжэйшы час нас чакае чарговае павышэнне коштаў на паслугі ЖКГ і значнае зніжэнне іх якасці.

Чытайце па тэме:  Владимир Новосяд. Тарифы на жилищно-коммунальные услуги будут расти бесконечно

Рыгор Кастусёў, дырэктар Шклоўскага РВА ЖКГ (1995-2001), для Беларускй праўды


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.