Завод будзе будаваць кампанія «АйПауэр», такое ж прадпрыемства якой у Ваўкавыску зачынілі за шматлікія парушэнні.

photo: stopzavod.by

 

Ужо 34 тысячы подпісаў сабраныя супраць будовы ў Берасці акумулятарнага заводу кампаніі «АйПауэр». Падрадчыкам выступае кітайская кампанія «Аньхойская знешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя». Завод будзе мець нэгатыўны ўплыў на навакольнае асяроддзе, а тым самым будзе адмоўна ўплываць на здароўе гараджан. Акрамя таго, у справе былі парушаныя многія нарматыўныя акты.

Першым быў парушаны прынцып правядзення грамадзкага абмеркавання, якое было толькі фармальным. «Пачаткова людзей абурыў гэты факт. Потым, калі пачалося вывучэнне дакумэнтаў, то было заўважана мноства нестыковак у справаздачы аб уздзеянні на навакольнае асяроддзе і экалягічнай экспэртызе гэтага заводу», – гаворыць Аляксандар Кабанаў, берасцейскі актывіст, адзін з аўтараў «Народнага рэпарцёра», які актыўна змагаецца супраць будаўніцтва заводу ў Менску.

А. Кабанаў: Пасля мы пачалі ўглыбляцца ў тэму яшчэ больш. Мы ездзілі на сустрэчу з міністрам і яму агучвалі факты. Цікава, што экспэртыза Міністэрства прыроды і аховы навакольнага асяроддзя была зробленая ў траўні 2017 году, а толькі ў ліпені была зробленая будаўнічая экспэртыза. Прычым там былі парушэнні, якія тычыліся сыстэмы ачысткі. Пытанняў вельмі шмат. Моцна бянтэжыць тое, што на гэтыя пытанні адказаў няма.

Актывісты пачалі вывучаць гісторыю самога заводу і прадпрыемства «АйПауэр», якім кіруе Віктар Лемяшэўскі. І тут, па словах Аляксандра Кабанава, высветліліся скандальныя факты. У спадара Лемяшэўскага быў завод такога тыпу ў Ваўкавыску, які быў зачынены за шматлікія парушэнні. У Ваўкавыску Аляксандар Кабанаў быў са сваім аднадумцам і паплечнікам, таксама аўтарам «Народнага рэпарцёра» Сяргеем Пятрухіным.

А. Кабанаў: Лемяшэўскі амаль паўсюль у сваіх інтэрвію пачынае гісторыю пра завод з адкрыцця крам па продажы акумулятараў і з адкрыцця заводу «Белінвестторг-Сплаў» у Белаазёрску. Аднак ніколі не ўзгадвае пра завод, які ў яго быў у Ваўкавыску. Мы туды паехалі і атрымалі вельмі цікавую карціну. Завод Лемяшэўскага ў Ваўкавыску быў зачынены. Там было вельмі шмат парушэнняў. Яго зачыняў непасрэдна старшыня райвыканкама Сіцько і сам губэрнатар Гарадзенскай вобласці Шапіра. Завод у Ваўкавыску знаходзіўся на тэрыторыі былой выпраўленчай калёніі.

Чытайце па тэме:  Ператрус у кватэры берасцейскага блогера

С. Пятрухін: Гэта было ў непасрэдным суседзтве з жылымі дамамі. Да яго было прад’яўлена мноства судовых іскаў. Лемяшэўскі абяцаў людзям, што вывезе зямлю і прывязе ў гароды новую. Уяўляеце! Ён абяцаў адправіць іх у санаторыі. Канешне, нічога зроблена не было. У глебе на тэрыторыі самога заводу дапусцімая норма свінцу была перавышаная ў 11 разоў. У буфэрнай зоне вакол заводу ў розных кропках у 3-10 разоў. У сувязі з гэтым завод зачынілі. Многія дагэтуль ня садзіць у гародах гародніну. Адзін з мэдыкаў мясцовай паліклінікі расказала, што вельмі вырас узровень захворваемасці ў жыхароў вуліц, якія знаходзіліся па суседзтву з заводам. Захворванні былі звязаныя з перавышэннем дазволеных нормаў свінцу.

А. Кабанаў: Калі туды прыехалі інспэкцыі і пачалі браць пробы глебы, правяраць завод на экалягічную бяспеку, то там былі выяўленыя вельмі сур’ёзныя парушэнні.За закрыццё заводу ў Ваўкавыску падпісаліся толькі 113 чалавек. Аднак дзякуючы настойлівасці мясцовых уладаў, якія пераняліся сытуацыяй, завод удалося зачыніць.

У Берасці ўжо сабрана 34 тысячы подпісаў. Актывісты і неабыякавыя гараджане ўпэўненыя, што не дадуць на тэрыторыі гораду паставіць завод. «Калі гарадзкія ўлады хочуць, каб людзі выйшлі абараняць горад на плошчу, то яны гэтага даб’юцца», – гаворыць Сяргей Пятрухін.

С. Петрухін: Мы не дамо пабудаваць завод. Калі кіраўніцтва аблвыканкаму, гарвыканкаму хочуць, каб людзі выходзілі на плошчу як у мінулым годзе, то яны гэтага даб’юцца. У мінулым годзе людзі выходзілі супраць Дэкрэту №3, у абарону сваёй працы, то тут яны выйдуць абараняць сваё жыццё, здароўе сваіх дзяцей. Навошта тады ўвогуле існуе горад? Людзі, якія жывуць у раёне будаўніцтва заводу, кажуць, што ў выпадку паразы, будуць прадаваць свае дамы. Прынамсі тыя, у каго ёсць такая магчымасць.

Чытайце па тэме:  Блогера Кабанава аштрафавалі за тое, што здымаў, як людзі кармілі галубоў

Віктар Лемяшэўскі таксама запускаў завод па вытворчасьці свінцу «Белінвестторг-Сплаў» у Белаазёрску. Ёсць доказы і шматлікія сведчанні жыхароў, што завод адмоўна адбіўся на стане навакольнага асяроддзя і здароўі людзей. Мала таго, у Зялёным боры пад Белаазёрскам пад адчыненым небам ляжаць адходы з заводу.

У самім Брэсце ёсць два месцы, дзе белаазёрскі завод скідваў свае адходы. «Атрымліваецца, што завод яшчэ не пабудаваны, а адходы ўжо ў Берасці ёсць», – звяртае ўвагу Аляксандар Кабанаў. Актывісты перакананыя, што з адходамі «АйПауэра» будзе праблема, падобная да праблемы з адходамі, якія пад адчыненым небам ляжаць у Зялёным боры.

С. Пятрухін: У справе ёсць яшчэ адзін нюанс. Гэта адходы ад перапрацоўкі акумулятараў. Гэта ўзровень другога-трэцяга клясу небяспечнасці. Але яны праходзяць як поліэтылен. Ёсць моцнае падазрэнні і, хутчэй за ўсё, яно правільнае, што «АйПауэр» мяняе коды адходаў. Яны небяспечныя робяць менш небяспечнымі. Яны ня хочуць імі займацца. Па адходам у Зялёным боры ўзбуджана крымінальная справа. Яны ляжаць пад адкрытым небам і нічога ня робіцца. На мой погляд, Міністэрства аховы навакольнага асяроддзя, дзяржава не кантралюе гэтага. Не зразумела, куды яны зліваюць кіслату. Нібыта яе возяць на «Мотавела». Але гледзячы на тое, што адбываецца, мы баімся, што сытуацыя не кантралюецца. Яны могуць вывозіць у лес ці выліваць у іншае месца серную кіслату. Мы гэтага ня бачылі, але тое, што адбываецца – гэта жах. Мы хочам, каб людзі пабачылі, што ў нас дзяржава губляе кантроль над сытуацыяй.

Чытайце па тэме:  Брэсцкі блогер Сяргей Пятрухін прыйшоў на прэс-канферэнцыю і атрымаў позву ў міліцыю

Актывісты перакананыя, што Віктара Лемяшэўскага цікавіць выключна прыбытак, а не ўплыў завода на навакольнае асяроддзе ці здароўе гараджан. Аляксандар Кабанаў і Сяргей Пятрухін звяртаюць увагу на тое, што Лемяшэўскі мае «крышу», бо звычайны прадпрымальнік ня быў бы ў стане дабіцца адкрыцця такога заводу з парушэннямі. Гэта, між іншым, адсутнасьць узгаднення з аэрапортам і МНС.

Па дакумэнтах «АйПауэр» будзе акумулятарным заводам, але ў практыцы гэта будзе мэталюргічны камбінат – адзначаюць Сяргей Пятрухін і Аляксандар Кабанаў.

С. Пятрухін: Гэта будзе насамрэч мэталюргічны камбінат, паколькі ў год яны будуць плавіць больш за 15 тон свінцу. Гэта мінімум. Гэта адна фура ў дзень. Паводле мяне, гэты свінец яны ня будуць купляць ні ў Расеі, ні ў Афрыцы, бо гэта вельмі дорага. Мне здаецца, што яны будуць звозіць выкарыстаныя акумулятары з Кітая і тут іх перапрацоўваць. Яны гатовыя зрабіць тут звалку. Людзі вельмі занепакоеныя, а чыноўнікі і Лемяшэўскі кажуць, што гэта бяспечна. Але паказаць доказы, што гэта бяспечна, яны ня могуць. Мы ня супраць прагрэсу, але мы супраць нечага незразумелага. Гэта пры тым, што на заводзе будзе новая кітайская сыстэма ачысткі. У Кітаі зачынілі 3 тысячы такіх заводаў. Яны забілі сваю экалёгію і прышлі забіваць яе ў нас.

У Берасцейскім раёне ёсць Інавацыйны фонд. Рашэннем кіраўніцтва Берасцейскага раёна 80% гэтага фонду былі выдзеленыя на будаўніцтва завода «АйПауэр». Сума складае каля 10% ад агульнай цаны будаўніцтва закону. «Грошы падаткаплатнікаў былі аддадзены на будаўніцтва заводу супраць якога яны змагаюцца», – падводзяць вынікі журналісты «Народнага рэпарцёра».

Актывісты і гараджане пераконваюць, што да канца будуць змагацца за сябе і за горад. За тым, як развіваюцца падзеі, можна падрабязна сачыць на канале «Народнага рэпарцёра», а таксама на старонцы stopzavod.by.

Польскае Радыё

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: