Гродзенскія навучальныя ўстановы маюць багатую традыцыю прызначэння розных стыпендый для сваіх навучэнцаў. Пра адну з іх мы хочам расказаць на аснове архіўнай справы, знойдзенай у НГАБ у Гродне.

Партрэт Сталыпіна мастака Уладзіміра Мачалава, Вікіпедыя

 

Справа “Аб зборы грошаў на ўсталяванне стыпендыі імя Сталыпіна П.А., былога гродзенскага губернатара, у адной з вучэбных устаноў Гродна” сведчыць, што традыцыі ганаровых стыпендый закладваліся больш за сто год таму. Унясем маленькую, але змястоўную карэкціроўку – матэрыялы справы паказваюць, што стыпендыя, на якую збіралі грошы, называлася “стыпендыя імя былога гродзенскага губернатара Петра Аркадзевіча Сталыпіна і яго жонкі Вольгі Барысаўны”.

Сталыпін быў гродзенскім губернатарам у перыяд з 30.05.1902 па 15.02.1903 г. (афіцыйныя даты царскіх указаў). У гэты час, будучы старшынёй Гродзенскага губернскага камітэта аб патрэбах сельскагаспадарчай прамысловасці, падтрымліваў ідэі перасялення сялян на хутары, ліквідацыі церазпалосіцы, развёрствання сервітутаў, меліяратыўнага крэдыта для сялян. Па яго ініцыятыве ў Гродне ў 1902 г. былі заснаваны яўрэйскае двухкласнае рамеснае вучылішча і жаночае прыходскае з трэцім прафесійным класам. З Гродна Сталыпін з’ехаў у Саратаў, пакінуўшы пра сябе добры ўспамін. Ягоная жонка займалася ў Гродне дабрачыннасцю.

У 1903 г. было прынята рашэнне заснаваць стыпендыю імя Сталыпіных. Па гродзенскіх установах былі разасланы падпісныя лісты на збор грошаў. Было сабрана ад служачых канцылярыі гродзенскага губернатара і ўпраўлення дзяржаўных маёмасцяў, гродзенскага і беластоцкага паліцмайстраў, штаба 26-й пяхотнай дывізіі, міравых суддзяў гродзенскай акругі, старэйшага фабрычнага інспектара, брэсцкага ўезднага спраўніка, гродзенскай казённай палаты 228 руб. 71 капейка. Грошы гэтыя былі пакладзены на дэпазіт губернатара М.М. Асаргіна пад квіты гродзенскага губернскага казначэйства і ператвораны ў 4-працэнтную дзяржаўную рэнту. Было ўжо гэтае ў снежні 1904 г.

А ў 1911-1913 гг. гродзенцы збіралі грошы на помнік-бюст Сталыпіну ў Гродне. Архіўная справа, якую да мяне глядзеў толькі архіўны работнік, утрымлівае прозвішчы ахвярадаўцаў і колькасць сабраных грошаў. Помнік павінен быў стаяць “на плошчы паміж Аляксандраўска-Неўскай царквою і губернатарскім домам…”.

У кастрычніку 1911 г. гродзенскі губернатар піша беластоцкаму прадвадзіцелю дваранства: “Думка аб увекавечанні памяці незабыўнага П.А. Сталыпіна шляхам пабудовы бюста яго ў Гродне, у ажыццяўленні сваім прадстаўляе значныя цяжкасці, а таму лічу абавязкам прасіць Вас, калі Вамі ўжо распачата падпіска на гэтую мэту, часова яе спыніць, прапанаваўшы тым асобам, якія ўжо ўнеслі ахвяраванні альбо жадаючым зрабіць такія на увекавечванне ў Гродзенскай губерні памяці памёршага, даць сваю згоду, у выпадку немагчымасці пастаноўкі бюста, на перадачу ахвяравання на ўстанаўленне стыпендыі імя П.А. Сталыпіна ў навучальных установах Гродзенскай губерні”.

Такім чынам, будзем ведаць не толькі пра сталыпінскія гальштукі – віселіцы, на якіх вешалі паўстанцаў у 1905-1907 гг., але і пра сталыпінскую стыпендыю. Жыццё чалавечае шматграннае і шматкаляровае.

Вячаслаў Швед, прафесар гісторыі,

для Беларускай праўды

Creative Commons License
This work is licensed under a Creative Commons Attribution-ShareAlike 4.0 International License.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: