Былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч распавёў, ці патрэбна сёння змяняць Канстытуцыю Беларусі.

Станіслаў Шушкевіч: Сёння ідзе шмат размоў пра магчымыя змены ў Канстытуцыі і магчымыя пытанні, якія будуць вынесены на рэферэндум, але, як мне падаецца, усё гэта пераліванне вады з пустога ў пустое. Бо насамрэч ніякія змены, якія і праўда патрэбны краіне, унесены не будуць.

Змены павінны вітаць рэфармаванне, а ў нас уся палітыка і эканоміка працуюць у рэжыме ручнога кіравання. І гэта не дае ніякага плёну, прагрэсу ж не бачна. Таму тыя прадстаўнікі ўлады, хто прапануе так званыя змены, яны толькі закруцяць гайкі. Ніякіх дэмакратычных пераўтварэнняў пры гэтай ўладзе адбыцца не можа. Што, яны раптам паразумнелі? Дык трэба тады было не рабіць такую Канстытуцыю адразу. Але ж цяпер хочуць паказаць, што, маўляў, мы ідзём на палітычныя рэформы. Гэта ўсё пыл у вочы, не больш за тое.

Вы лічыце, што ўносіць змены ў Асноўны закон наогул не варта?

Прывяду просты прыклад. У Асноўным законе запісана, што ў краіне павінны адбывацца справядлівыя выбары. Вы бачылі ў Беларусі апошнім часам празрыстыя выбары? Таму што яны збіраюцца змяняць? І навошта? Нешта дадаць у Канстытуцыю і затым ізноў не выконваць? Тут трэба разумець, што ўлада любы пункт Асноўнага закона трактуе так, як яна захоча. І не закон гэта. Таму няхай бы спачатку навялі парадак у межах існуючай Канстытуцыі і выконвалі яе, а затым ужо задумваліся пра “змены”. Але ж гэтага не робіцца. Затое працягваюць вадзіць за нос наіўны Захад, які цешыцца нейкім міфічным “зменам”, якіх не было і не будзе.

Зараз у беларускай улады не стае грошай, эканамічны крызіс у Расеі, а таму заходняя фінансавая дапамога залішняй для афіцыйнага Менска не будзе. Вось і гавораць Захаду тое, што той хоча чуць. А ў рэальныя змены на практыцы, а не на словах і не на паперы я не веру.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: