Старшыні Партыі БНФ Рыгору Кастусёў 17 лістапада выплацілі першую пенсію.

Рыгор Кастусёў, Беларуская праўда

 

СМС пра налічэнне і пералічэнне на банкаўскую картку першай пенсіі прыйшло на яго мабільны тэлефон, паведамляе Радыё Свабода.

«Гэта першая пенсія ў маім жыцці, цяпер я афіцыйны пенсіянер. Але для таго, каб атрымаць гэтую пенсію і знайсці гады майго стажу, што я добрасумленна адпрацаваў з 1974 года, мне давялося прайсці цэлы шлях „пакутаў“ праз пракуратуру, праз суд, праз два раённыя фонды сацыяльнага забеспячэння».

Рыгор Кастусёў распавёў, што адпрацаваў на прадпрыемствах у Шклове і Магілёве галоўным інжынерам і дырэктарам саўгаса ў Бялыніцкім раёне.

«Менавіта з антычалавечай сістэмай я сутыкнуўся ў Бялыніцкім раёне. Я працаваў галоўным інжынерам у саўгасе «Друць», ён зараз ОАО «Новая Друць», і саўгасе «Іскра» дырэктарам. Гэтыя гаспадаркі цяпер аб’яднаныя. За даведкамі ў гэтую гаспадарку мне давялося хадзіць чатыры месяцы. Я патрабаваў даць мне даведку з улікам усіх маіх грашовых выплат падчас працы галоўным інжынерам і дырэктарам, а гэта заробак, прэміі, даплаты па выніках працы за год. Але мне імкнуліся даць толькі звесткі пра заробак, аклад. На маё патрабаванне ўлічыць даплаты і прэміі, а яны складалі ад 500-700 рублёў да паўтары тысячы, у бухгалтэрыі ОАО «Новая Друць» прагучаў забойны аргумент: «Калі мы гэта ўсё ўлічым, то для вас дужа многа будзе», – падкрэсліў Рыгор Кастусёў.

Толькі пасля звароту ў пракуратуру і аддзел сацыяльнага забеспячэння Бялыніцкага раёна, а пасля ў суд Шклоўскага раёна, дзе адбыліся тры паседжанні, Рыгору Кастусёву ўдалося дамагчыся ўключэння прэмій і даплат у налічэнне пенсіі.

«Гэта цэлая эпапея. Бо там было такое, што згубілі некаторыя гады і месяцы. Але дзякуй богу, суд да гэтага паставіўся станоўча і разабраўся ва ўсіх нюансах. Але гэта я змог дамагчыся, бо працаваў на пасадах і разумею сітуацыю. А колькі ж людзей засталіся з няўлічанымі заробкамі?! Таму тут, відаць, варта ўмяшацца Камітэту дзяржкантроля і рэспубліканскай пракуратуры. Бо я думаю, што пацярпелі не адзінкі, а можа дзясяткі і сотні чалавек на прадпрыемстве, якое цяпер ахоплівае палову Бялыніцкага раёна. Дарэчы, кіруе ОАО «Новая Друць» сенатар Анатоль Драздоў. Але я думаю, што такая сітуацыя можа быць і па ўсёй краіне. Гэта проста «кідалава».

Першая пенсія Рыгора Кастусёва склала 423 рублі 13 капеек.

«Мне налічылі за месяц і крыху больш. Але тут яшчэ не ўлічаныя дадзеныя, якія мне ўдалося адстаяць праз суд. Бо там адзін год прапаў, у некаторых гадах па некалькі месяцаў прапала. Калі гэта залічаць, будзе больш. Я думаю, што за 300 рублёў будзе. Гэта ўжо хоць больш-менш справядліва. Я не патрабаваў нешта лішняе, а тое, што я зарабіў».

Рыгор Кастусёў афіцыйна выйшаў на пенсію 17 кастрычніка 2017 года.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...