Хлопцы з вёскі Глушкавічы, якія зляпілі 5-метровага снегавіка з бела-чырвона-белым сцягам і гербам “Пагоняй”, распавядаюць пра выклікі ў міліцыю. Непаўналетніх выклікалі на размову ў школу — з бацькамі.

Той самы “крымінальны” снегавік

 

Віктар Снягур, які раніцай 1 лютага распавядаў Еўрарадыё пра снегавіка, кажа, што таксама атрымаў выклік у Лельчыцкі РАУС — “на размову”. Ён не пагадзіўся прыйсці. Але некаторыя (усяго над снегавіком працавалі 8 чалавек) вырашылі не адмаўляцца ў запрашэнне.

Па словах суразмоўцы Еўрарадыё, хлапцоў выклікалі да начальніка крымінальнага вышуку Лельчыцкага РАУС:

“Спыталі, што яны маюць супраць улады і навошта прымацавалі сцяг. Хлопцы адказалі, што гэта нацыянальная сімволіка, і яны вырашылі ёю ўпрыгожыць снегавіка. Гэта была не акцыя пратэсту ці яшчэ нешта. Тады Сакалоўскі [часова выконваючы абавязкі першага намесніка Лельчыцкага РАУС. — Еўрарадыё] сказаў, што пытанняў няма: “Напішыце тлумачальную”. Хлопцы напісалі, тобок растлумачылі што гэта не палітычная акцыя.

Старшыня сельсавета Васіль Коваль паўтараў, што “гэта не беларускі сцяг, а сцяг БНР”, а хлопцы кажуць — а БНР гэта што — не Беларусь? Гэты сцяг бо быў у нас у пачатку 1990-х, да адмены. Коваль, мабыць, не ведаў гэтага.

У сваю чаргу непаўнагадовых хлопцаў выклікалі з бацькамі ў школу. Там мясцовыя настаўнікі сталі сварыцца на бацькоў і дзяцей, маўляў, гэта забаронены сцяг і нас могуць за гэта звольніць. Маўляў што вы робіце, гэта не наш сцяг! Бацькі ім патлумачылі, што гэты герб адносіцца да гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі і нават размешчаны на гербах шэрагу беларускіх гарадоў. Але ў школе гэтага не распавядаюць дзецям”.

У дзяжурнай частцы Лельчыцкага РАУС Еўрарадыё не пацвердзілі, што сёння каго-небудзь з жыхароў вёскі Глушкавічы затрымлівалі, дастаўлялі ці запрашалі “на гутарку”.

5-метровы снегавік з гістарычнымі беларускімі сцягам і гербам з’явіўся 31 студзеня на прыватным падворку ў вёсцы Глушкавічы Лельчыцкага раёну. На тое, каб зляпіць яго, спатрэбілася тры дні. Фота са снегавіком і яго аўтарамі стала вірусным.

Віктар Снягур кажа, што на снегавіка хлопцаў натхніў расіянін, які зляпіў вялікага пеўня з гною. “Ну, мы пасмяяліся з рускіх, і вырашылі проста зляпіць снегавіка са снегу”, — распавёў Еўрарадыё хлопец.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: