«Паказуха важнейшая, чым жыццё чалавека», — заявіла Свабодзе сястра загінулага гамельчука Кірыла Раманава.

Тацяна Раманава, сястра загінулага гамельчука Кірыла Раманава

 

Суд Цэнтральнага раёну Гомля пакінуў без разгляду скаргу сястры загінулагага мельчука Кірыла Раманава, які праваліўся праз дах кароўніку ў Буда-Кашалёўскім раёне падчас аўралу перад візытам Аляксандра Лукашэнкі.

Загінуў — сам вінаваты

Тацяна Раманава абскарджвала заключэнне Гомельскай абласнога ўпраўлення дэпартамэнту дзяржаўнай інспэкцыі працы пра віну брата ва ўласнай смерці. У прыватнасці, хацела скасаваць пункт, у якім гаворыцца, што Кірыл парушыў службовую інструкцыю аб ахове працы, зацьверджаную галоўным інжынэрам ААТ «Гомельскі хімічны завод».

Суддзя Марына Дамненка прыйшла да высновы: паколькі месячны тэрмін абскарджвання прапушчаны, скаргу пакінуць без разгляду. Прававы інспэктар незалежнага прафсаюзу РЭП Леанід Судаленка, прадстаўнік Тацяны Раманавай у судзе, здзіўлены такім паваротам.

«Мне не зразумела, чаму суддзя з уласнай ініцыятывы вырашыла не разглядаць скаргу па сутнасці, а адхіліла яе з прычыны прапушчаных тэрмінаў. Пазваныя — прадстаўнікі дзяржаўнай інспэкцыі працы і хімзаводу — гэтага пытання не ўздымалі».

Заключэнне галоўнага дзяржаўнага інспэктара рэгіянальнага ўпраўлення дэпартамэнту працы Дзяніса Кізюна пра няшчасны выпадак зроблена 19 лютага. Спачатку Тацяна Раманава абскардзіла ягоныя высновы начальніку абласнога ўпраўлення. Атрымаўшы адмоўны адказ у сярэдзіне сакавіка, звярнулася 3 красавіка ў суд Цэнтральнага раёну Гомля.

Дзяніс Кізюн і Настасся Мацюк, якія прадстаўлялі рэгіянальнае ўпраўленьне дэпартамэнту дзяржаўнай інспэкцыі працы, не прызналі прэтэнзіяў Тацяны Раманавай. Прадстаўнікі Гомельскага хімічнага заводу Сяргей Драбышэўскі і Кацярына Бізунова трымаліся аналягічных высноваў: мужчына парушыў службовую інструкцыю ў тэхніцы бяспекі.

Кароўнік важнейшы за жыццё

Трагедыя здарылася 18 лістапада 2017 году. Дырэкцыя Гомельскага хімзаводу паслала кіроўцу ваенізаванага газаратавальнага атраду Кірыла Раманава ў філію «Марозавічы-Агра» ў вёсцы Бушаўка Буда-Кашалёўскага раёну. Комплекс меўся наведаць Аляксандар Лукашэнка. Разам з іншымі ён мыў вокны і вэнтыляцыю на дахах. Ступіўшы на край з крохкага полікарбанату, Раманаў праваліўся і разбіўся аб бэтонную падлогу.

Сястра загінулага лічыць, што ён выконваў задачы, не прадугледжаныя кантрактам. Да таго ж, працуючы на вышыні, ня меў засцерагальнага тросу. Да такой высновы прыйшоў і тэхнічны інспэктар «Белхімпрафсаюзу» Ігар Прахорчанка, які ўдзельнічаў у праверцы абставінаў гібелі кіроўцы. Зазначыў, што ў дзень трагедыі дырэктар хімзаводу наведваў комплекс у Бушаўцы і бачыў, як мыюць дахі.

«Калі людзі, якія вінавацяць брата ў парушэнні інструкцыі, могуць жыць у суладдзі са сваім сумленнем, няхай жывуць, — кажа Тацяна Раманава. — Я так разумею: для хімзаводу выгляд кароўніка перад прыездам начальства важнейшы за жыццё майго брата».

Па факце гібелі Кірыла Раманава на жывёлагадоўчым комплексе ў Буда-Кашалёўскім раёне рэгіянальнае ўпраўленне Следчага камітэту распачало крымінальную справу, расследаванне якой яшчэ ня скончанае.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: