Жыхар Фаніпаля Сяргей Ткачэнка звярнуўся з заявай у Дзяржынскі РАУС на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, якія пры затрыманні моцна яго збілі, прычыніўшы цялесныя пашкоджанні, пры гэтым парвалі куртку. Падставай для звароту паслужыла жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне з ім супрацоўніка міліцыі Я. Бязверхага.

Гематомы на целе пацярпелага жыхара Фаніпаля.

Пасля вымушанага “візіту” ў аддзяленне міліцыі судова-медыцынская экспертыза налічыла не меней за 26 траўматычных уздзеянняў на целе затрыманага, паведамляе ПЦ “Вясна”.

Так, паводле заключэння эксперта ў Ткачэнкі былі “выяўленыя раны на твары, верхніх канечнасцях, на тулаве, левай ніжняй канечнасці, сінякоў на твары, галаве, верхніх канечнасцях, левай ніжняй канечнасці, кровазліцця на шыі, правай верхняй канечнасці, тулава, якія ўзніклі ад дзеяння тупога цвёрдага прадмета (прадметаў), даўнасць утварэння адпавядае 1-3 суткам… Колькасць і лакалізацыя цялесных пашкоджанняў сведчыць аб тым, што апошняму прычынена не менш 26-ці траўматычных уздзеянняў. Дадзеныя цялесныя пашкоджанні ў Ткачэнкі не маглі ўтварыцца ад падзення са становішча стоячы на ​​цвёрдую паверхню”.

Следчы Дзяржынскага раённага аддзела Следчага камітэту Д. Апалонік правёў праверку, 7 чэрвеня апытаў пацярпелага, а ўжо 12 чэрвеня вынес пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце збіцця:

“У ходзе правядзення праверкі былі ўстаноўлены ўсе супрацоўнікі міліцыі, якія знаходзіліся 9 траўня 2017 года ў Фаніпальскім аддзяленні міліцыі, усе апытаныя супрацоўнікі міліцыі патлумачылі, што пры знаходжанні С. Ткачэнкі ў аддзяленні міліцыі да апошняга фізічная сіла не ўжывалася, якіх-небудзь цялесных пашкоджанняў ніхто грамадзяніну ня наносіў. Такім чынам, у ходзе праведзенай праверкі не было здабыта дастатковых доказаў, якія сведчаць аб тым, што ў дачыненні да С. Ткачэнкі пры знаходжанні яго ў аддзяленні да апошняга была ўжытая фізічная сіла”.
Што насамрэч адбылося ў той надвячорак у Фаніпалі?

Чытайце па тэме:  "Началась паника". Как у военнослужащего в минском трамвае разгерметизировался газовый баллончик

Сяргей Ткачэнка разам з жонкай знаходзіліся непадалёку ад свайго дома па вуліцы Коласа. У гэты дзень, 9 траўня, сям’я садзіла бульбу і з гэтай нагоды гаспадар прапусціў кілішак. Да таго ж, як сведчаць супрацоўнікі міліцыі, ён быў без кашулі.

У гэты час супрацоўнікі патрульна-паставой службы Дзяржынскага РАУСа неслі дзяжурства па ахове грамадскага парадку ў Фаніпалі. Яны звярнулі увагу на напаўаголенага чалавека, а далей, як часта адзначаюць у пратаколах затрымання: “Ткачэнку былі зробленыя неаднаразовыя заўвагі па прычыне яго паводзінаў і знаходжання ў нецвярозым выглядзе ў грамадскім месцы”.

Калі яму прапанавалі сесці ў службовы аўтамабіль для далейшага разбіральніцтва,па словах супрацоўнікаў міліцыі “грамадзянін адрэагаваў ў грубай форме, крычаў, абражаў супрацоўнікаў міліцыі, адмаўляўся сесці ў службовы аўтамабіль, хапаўся за форменнае абмундзіраванне”.

Яму пачапілі кайданкі і закінулі ў аўтамабіль.

Ужо пасля складання ў аддзяленні міліцыі пратаколаў па артыкулах за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі і дробнае хуліганства, Ткачэнку перавялі ў асобны кабінет.

“Мае рукі былі скаваныя кайданкамі за спіной. Супрацоўнік Бязверхі ўдарам паваліў мяне на падлогу. Я ў бездапаможным і нерухомым стане ляжаў на жываце на падлозе. У гэты момант ён узяў яшчэ адны кайданкі, і прышпіліў маю правую нагу да кайданкоў за спіной. Я апынуўся ў становішчы, якое называецца ў народзе «ластаўка». У такім становішчы я знаходзіўся каля сарака хвілін. Адзін з супрацоўнікаў, якія знаходзіліся ў пакоі, заступіўся за мяне, сказаўшы Бязверхаму, каб той спыніў ўжываць у дачыненні да мяне забароненыя прыёмы. У гэты момант Бязверхі стаў нагой мне на твар і паўтарыў некалькі разоў, што яму за гэта нічога не будзе. Пры гэтым супрацоўнікі міліцыі зневажалі мяне і жонку, – сведчыць Сяргей Ткачэнка.
Апытаныя ў ходзе праверкі супрацоўнікі міліцыі адмаўляюць прымяненне фізічнай сілы і нанясенне цялесных пашкоджанняў Ткачэнку.

Чытайце па тэме:  Бывший начальник Ветковского РОВД признался в избиении подростка

З пастановай следчых аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы Сяргей Ткачэнка не пагадзіўся і з дапамогай праваабаронцаў ПЦ “Вясна” падаў скаргу на імя начальніка Дзяржынскага РАСК, паколькі лічыць праведзеную праверку няпоўнай і павярхоўнай.

Так на думку заяўніка, следчы Д. Апалонік не апытаў жонку Сяргея, якая была непасрэдным сведкам затрымання і прымянення ў адносінах да яго фізічнай сілы і спецыяльных сродкаў. Не былі апытаныя і сведкі, які бачылі Ткачэнку раніцай па выхадзе з аддзялення міліцыі са слядамі цялесных пашкоджанняў.

Ткачэнка звяртае ўвагу, што ў ходзе праверкі не была дадзеная ацэнка запісам камер відэаназірання, устаноўленых у будынку Фаніпальскага АМ Дзяржынскага РАУС. Дадзены факт паказвае на няпоўнасць і павярхоўнасць праведзенай даследчай праверкі. Тое ж тычыцца і запісаў з відэарэгістратараў на форменным абмундзіраванні супрацоўнікаў міліцыі Клімашэўскага і Бязверхага, а таксама іншых супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія неслі службу 9 траўня.

Таксама следчым не дадзеная поўная і вычарпальная ацэнка вынікаў праведзенай судова-медыцынскай экспертызы Усе гэтыя акалічнасці паказваюць на няпоўнасць і павярхоўнасць праведзенай даследчай праверкі.

“Такое стаўленне да грамадзян з боку праваахоўнікаў – ні што іншае, як жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне, абражаючае чалавечую годнасць. І яму павінна быць дадзеная належная прававая ацэнка”, – перакананы Сяргей Ткачэнка.


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.