Крымінальная справа мінскага мастака-дызайнера Андрэя Бяляўскага, якога вінавацяць у захоўванні аднаго патрона, перададзеная ў суд Ленінскага раёна Мінска.

“На мой погляд, выбралі крайняга менавіта таму, каб сама “справа патрыётаў” працягвалася”, – выказаў меркаванне сайту palitviazni.info стваральнік арганізацыі “Белы Легіён” Сяргей Чыслаў.

Нагадаем, па справе аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў (“справе патрыётаў”) праходзіла 35 чалавек, з іх 20 абвінавачваліся яшчэ і па артыкуле аб незаконным узброеным фарміраванні.

У апошні дзень восені мінулага году старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч заявіў, што “папярэдняе расследаванне па крымінальнай справе скончана, 27 лістапада прынята рашэнне аб спыненні крымінальнага пераследу ўсіх фігурантаў па справе і аб спыненні самога расследавання крымінальнай справы”.

Але ў той жа час стала вядома, што ў дачыненні мінскага мастака-дызайнера Андрэя Бяляўскага, які таксама быў фігурантам “справы патрыётаў”, за захоўванне аднаго патрона заведзена новая крымінальная справа (ёсць інфармацыя, што такія ж справы заведзены і яшчэ на двух чалавек, які праходзілі па “справе Белага Легіёну”). Зараз яна перададзена ў суд Ленінскага раёна, хаця дата пачатку працэса пакуль не прызначана.

Праваабаронцы ўжо заявілі, што калі суд пакарае Беляўскага рэальным пазбаўленнем волі, такое пакаранне будзе расцэньвацца, як палітычна матываванае. У такім выпадку гаворка пойдзе аб прызнанні яго палітвязнем.

“Калі шчыра, то асабіста я не бачу, каб той жа Андрэй Бяляўскі ўяўляў нейкую небяспеку для дзяржавы і грамадства, – кажа Сяргей Чыслаў. – На мой погляд, у гэтай сітуацыі выбралі крайняга менавіта таму, каб сама “справа патрыётаў” працягвалася. Каб яна не затухала, а заставалася своеасаблівым сродкам запалохвання астатніх”.

Стваральнік “Белага легіёна” не выключае, што працэс можа стаць і помстай сілавікоў за тое, што сама “справа патрыётаў” развалілася, і яе вымушаны былі спыніць.

“Такое абсалютна нельга выключаць і нават нельга выключыць рэальны тэрмін зняволення для Андрэя Бяляўскага, – дадае суразмоўца. – Хаця ўвогуле прагнозы тут рабіць вельмі і вельмі складана. Мяркую, што існуе вельмі шмат розных чыннікаў, якія мы не бачым у “справе Легіёну” і не ведаем пра іх.


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Leave a comment