Фігурант справы “аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” Сяргей Кунцэвіч, якому 2 чэрвеня змянілі меру стрымання на падпіску аб нявыездзе, звярнуўся ў Праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Сяргей Кунцэвіч, ПЦ “Вясна”

Ён падцвердзіў праваабронцам факты катаванняў, якія мелі месца ў СІЗА КДБ, а пазней і ў СІЗА №1 г. Мінска, куды яго перавялі праз два тыдні.

Так, Сяргей Кунцэвіч распавёў, што ў ходзе допыту ў будынку КДБ Беларусі, які адбываўся ў адсутнасць адваката, асобы ў чорнай уніформе і ў масках, калі пакой для допыту пакінулі следчыя, нанеслі некалькі удараў па целе, адзін з іх пасля гэтага 3-4 разы выкарыстаў у дачыненні да яго электрашокер, уздзейнічаючы на ​​левую нагу на працягу 30-40 секунд. Гэта прыносіла моцныя фізічныя пакуты.

Пасля таго, як у кабінет вярнуліся следчыя і пачалі працягваць допыт, адзін з людзей ў чорнай уніформе прыставіў да шыі электрашокер і пагражаў яго прымяненнем.

Па словах Кунцэвіча, у перыяд знаходжання ў СІЗА КДБ парушаліся ягоныя працэсуальныя правы, ён утрымліваўся ў прыніжаючых, бесчалавечных умовах: 14 дзён спаў на падлозе, на працягу дня сядзеў на вузкай дошцы, не атрымліваў медыцынскай дапамогі. У якасці туалета выкарыстоўвалася вядро, якое стаяла на вачах у іншых арыштаваных.

Сяргей Кунцэвіч распавёў, што пасля пераводу яго ў СІЗА №1, ён быў падвергнуты збіццю супрацоўнікамі СІЗА на вулю Валадарскага ў Мінску. Гэта здарылася 1 чэрвеня.

Чытайце па тэме:  Справа закатаванага ў СІЗА 21-гадовага менчука ўсё ж трапіць у суд

На падставе гэтай інфармацыі юрысты ПЦ “Вясна” дапамаглі скласці заяву на імя начальніка Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, у якой Кунцэвіч просіць правесці праверку па выкладзеных фактах, накіраваць яго для праходжання судова-медыцынскай экспертызы і распачаць крымінальную справу ў дачыненні да супрацоўнікаў КДБ і МУС, вінаватых ва ўжыванні катаванняў і жорсткага абыходжання.

Усе сведчанні фігуранта справы “аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” Сяргея Кунцэвіча пра катаванні задакументаваныя шляхам відэа і аўдыёзапісу.

Аднаго з сябраў аргкамітэта Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Сяргея Кунцэвіча арыштавалі напярэдадні Дня Волі 25 сакавіка. КДБ аб’явіў, што ў аўтамабілі актывіста, прыпаркаваным 23 сакавіка на вуліцы Акадэмічнай, знайшлі гукавую тэхніку, мікрафоны і вадкасць з “пахам гаручай сумесі”. Асабісты аўтамабіль С.Кунцэвіча Беларуская праўда знайшла ў адным са спальных раёнаў Мінска, дзе стаяў на прыколе з 17 лютага.

Сяргею Кунцэвічу выставілі абвінавачванне па артыкуле 293 ч.3 Крымінальнага кодэксу (падрыхтоўка масавых беспарадкаў).

Па звестках паплечнікаў палітвязня, Сяргея Кунцэвіча катавалі ў СІЗА электрашокерам.

21 сакавіка Лукашэнка аб’явіў, што ў Беларусі затрыманыя некалькі дзясяткаў баевікоў са зброяй, якія рыхтавалі масавыя беспарадкі. Гэтая заява сталася сігналам для дзеянняў спецслужбаў: праз некалькі гадзін пайшлі масавыя затрыманні, большасць з затрыманых – былыя чальцы “Белага легіёну”, які спыніў сваё існаванне ў 2000-ым годзе.

Баевікі сталі легальным прыкрыццём для масавых рэпрэсій 25 сакавіка і пазней.

Чытайце па тэме:  В СИЗО на западе Франции захватили заложников

21-22 сакавіка спецслужбы затрымалі 17 чалавек па абвінавачанні  ў падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў. Пазней колькасць затрыманых павялічылася да 35 чалавек; напачатку кастрычніка дваццаці фігурантам справы аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў (“справа “Белага легіёна”) выстаўленае яшчэ адно абвінавачанне — у стварэнні незаконнага ўзброенага фарміравання (артыкул 287 Крымінальнага кодэкса).


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.